Словы падзякі і ўзнагароды

Напярэдадні Дня беларускай міліцыі ў раённым Цэнтры культуры адбылося ўрачыстае мерапрыемства — тут сабраліся супрацоўнікі і ветэраны раённага
аддзела ўнутраных спраў і Мядзельскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь, госці. Да вядучай Вікторыі Стэрнад далучыліся юныя памочнікі Іван Пруднікаў і Анастасія Клімовіч, якія невыпадкова апынуліся ў гэты дзень на сцэне: іх бацькі служаць у праваахоўных органах.
Адкрыў урачыстасць начальнік РАУС Андрэй Мініч. Ён прыгадаў гісторыю беларускай міліцыі і яе ролю ў грамадстве. Асаблівыя словы падзякі адрасаваў ветэранам — «за актыўную жыццёвую пазіцыю і ўдзел у жыцці калектыву, за тое, што вы не ўяўляеце сябе без спраў і клопатаў міліцэйскага ведамства, удзельнічаеце ў навучанні асабовага складу, грамадзянска-патрыятычным і духоўна-маральным выхаванні, дзеліцеся вопытам і прафесіяналізмам, якія запатрабаваны ў падраздзяленнях РАУС».
Андрэй Іванавіч павіншаваў усіх з прафесійным святам:
— Шчыра жадаю вам моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, поспехаў у справе ўмацавання правапарадку, законнасці, абароны правоў і законных інтарэсаў нашых грамадзян. Няхай у працоўных буднях на карысць служэння Айчыне нам заўжды спадарожнічае ўдача.
І перайшоў да ўзнагароджання. Медалём «100 год міліцыі Беларусі» адзначаны старшы інспектар-дзяжурны аператыўна-дзяжурнай службы Данііл Клімовіч, інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі Дзмітрый Сарокін, міліцыянер ізалятара часовага ўтрымання Аляксей Мацін, міліцыянер-вадзіцель АДС Віталь Рублан. Граматай начальніка абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў узнагароджаны начальнік штаба РАУС Сяргей Савіцкі. Аб’яўлена падзяка начальніка УУС старшаму інспектару ДПС АДАІ Андрэю Купрэвічу, старшаму дзяржаўтаінспектару АДАІ Андрэю Бародзічу, участковому інспектару інспекцыі па справах непаўналетніх Надзеі Сідаровіч. Нагрудным знакам «За прафесійныя поспехі» ўзнагароджаны оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку Уладзіслаў Протас. Прысвоена чарговае спецыяльнае званне «прапаршчык міліцыі» памочніку дзяжурнага АДС Сяргею Ермаковічу. Аб’яўлена падзяка начальніка РАУС міліцыянерам узвода міліцыі аддзялення Дэпартамента аховы Аляксандру Сакалоўскаму, Дзянісу Чарняўскаму, галоўнаму бухгалтару Алене Васільевай, загадчыцы групы рэжымна-сакрэтнай дзейнасці Алене Жукоўскай, старшаму інспектару групы інфармацыйнага забеспячэння Святлане Мехавіч, вядучаму спецыялісту па рэгістрацыі насельніцтва аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Галіне Чарняўскай. Памятным знакам «100 гадоў экспертна-крыміналістычнай службе МУС» узнагароджаны Алег Курак і ветэран органаў унутраных спраў Сяргей Малышаў.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег Бароўка ад імя райсавета дэпутатаў і райвыканкама выказаў словы шчырай удзячнасці за працу і павіншаваў са святам.
— Па сутнасці ваша служба — гэта ратная праца ў мірны час. Радуе, што супрацоўнікам РАУС удаецца на годным узроўні забяспечыць стабільнасць аператыўнай абстаноўкі і штодзённы штохвілінны кантроль за крымінагеннай сітуацыяй у раёне. Вялікі дзякуй за вашу працу і дасягнутыя поспехі. Хачу пажадаць усім моцнага здароўя, кар’ернага росту, шчасця і абавязкова ўдачы і аптымізму.
Ганаровай граматай Алег Алегавіч узнагародзіў ветэрана органаў унутраных спраў Лілію Грынцэвіч, а падзякай — ветэрана ОУС Святаслава Протаса і ўчастковага інспектара Андрэя Уліцкага.
Павіншавалі прысутных са святам старшыня ветэранскай арганізацыі аддзела ўнутраных спраў Аляксандр Філіпчык, ваенны камісар раёна Алег Радкевіч, начальнік Мядзельскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь Аляксей Пруднікаў, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Яўген Сіняўскі, намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Алег Варабей.
Юбілейным медалём «30 год вываду савецкіх войскаў з Афганістана» ўзнагародзілі начальніка РАУС Андрэя Мініча і яго намесніка Юрыя Петрашэўскага, начальніка аддзялення Дэпартамента аховы МУС Аляксея Пруднікава. Падзякі начальніка раённага аддзела Следчага Камітэта Рэспублікі Беларусь прызначаліся супрацоўнікам РАУС Паўлу Цыркулеўскаму, Анастасіі Вайцяхоўскай, Вячаславу Марціновічу. Падзяка начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях — Вячаславу Валько.
Падчас урачыстасці хвілінай маўчання ўшанавалі памяць супрацоўнікаў, якія загінулі пры выкананні службовых абавязкаў. Добрым словам прыгадалі ветэранаў органаў унутраных спраў, жанчын, якія служаць у міліцыі. А настрой на свяце ўздымалі самадзейныя артысты Ірына Селязнёва, Валянцін Мацясовіч, Дар’я Гірын, Пётр Аміраў, Уладзіслаў Самко, Валерыя Шабовіч, Мікіта Балюк, Алена Яновіч і танцавальны калектыў Мядзельскай дзіцячай школы мастацтваў.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.
Фота аўтара.



19 сакавiка 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Прафесійныя святы

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

возера Глубелька лебедзі на Мястры _06-040 Лебедзі на Нарачы

Пабрацімы Мядзела