Як у Мядзеле Масленіцу адзначалі

ХУТКА праляцелі зімовыя месяцы. Сёлета яны былі снежныя, таму дзятва ўдосталь накаталася на лыжах. Амаль кожныя выхадныя ладзіліся тыя альбо іншыя спартыўныя і забаўляльныя мерапрыемствы. Але пасля зімовых халадоў да нас пакрысе набліжаецца вясна. У нядзелю, дзясятага
сакавіка, у Мядзеле шырока і весела адзначалі Масленіцу. Гэта народнае каляндарна-абрадавае свята насіла назву

«Як на масленай нядзелі…».
Надвор’е выдалася не вельмі спрыяльным для масавага гуляння: змрочнае, нават збіраўся імжыць дожджык. Але гэта не перашкодзіла жыхарам і гасцям райцэнтра прыйсці на плошчу імя Шаранговіча. «Не хоча зіма здаваць сваіх пазіцый, — казалі людзі. — Але міне дзень-другі, прыгрэе сонейка, і прыйдзе сапраўдная вясна». Святочны настрой стварала і музыка, якая разносілася па наваколлі. Людзі спяшаліся, каб з зімой развітацца ды вясну сустрэць. А яшчэ, зразумела, павесяліцца, паспяваць, патанчыць, блінамі па народным звычаі пачаставацца, іншай смакаты пакаштаваць.
Загадзя расставілі палаткі работнікі райПО. Духмяны водар зыходзіў ад шашлыкоў. А бліны былі і вялікія, і малыя, з рознымі начынкамі. Яны незаменны атрыбут гэтага свята, маюць асаблівае значэнне: круглыя, румяныя, гарачыя — сімвалізуюць сонца, якое свеціць усё ярчэй і падаўжае працягласць дня. Акрамя таго, прадаваліся кандытарскія вырабы, сувенірная прадукцыя. Была арганізавана і бяспройгрышная латарэя. Поп-корн, салодкая вата, іншыя прысмакі і забаўкі вабілі да сябе дзяцей. Даспадобы дарослым прыйшлася і прадукцыя, якую прапаноўвала ЗАТ «БелАсептыка». Многія з ахвотай падыходзілі таксама да палявой кухні, каб паласавацца юшкай з азёрнай рыбы, выпіць гарачага чаю.
У дворыку гімназіі працавала спартыўная пляцоўка, арганізаваная ўпраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, дзе з задавальненнем бавілі час дзеці. Эстафеты, дартс і іншыя спартыўныя спаборніцтвы прыцягвалі да сябе юных жыхароў горада, а ў якасці балельшчыкаў — іх бацькоў, дзядуляў і бабуль.
Работнікі райкама ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» праводзілі акцыю «Памяняй цыгарэту на цукерку», раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі — «За здаровы лад жыцця». Крыху ўбаку супрацоўнікі выратавальнай станцыі «Мядзел» ладзілі прафілактычную акцыю па бяспечных паводзінах на вясеннім лёдзе «Беражы сваё жыццё!». Яны папярэджвалі, што наступае пара, калі лёд робіцца друзлым, нямоцным і на яго нельга выходзіць, раздавалі памяткі. У фае раённага Цэнтра культуры працавалі майстар-класы па вырабе міні-лялькі Масленіцы. Іх праводзілі Ірына Чараповіч са Сваткаўскага сельскага Дома культуры, Наталля Карэцкая з Дзягільскага і Валянціна Мірусінская з Лацвянскага Дамоў майстра. Вабіла да сябе і выстава работ народных майстроў з Крывіцкага раённага цэнтра народных рамёстваў, які ўзначальвае Уладзімір Гаранін. Словам, было на што паглядзець, чаму павучыцца, чым палюбавацца.
А тым часам на сцэнічнай пляцоўцы бярэ пачатак тэатралізавана-канцэртная праграма. Адкрывае яе песняй «А ў нас сёння Масленка» Вольга Буянава. Тут жа распачынаюць сваю дзейнасць скамарохі (з гэтымі ролямі выдатна спраўляюцца ўдзельнікі танцавальнага калектыву «Капрыз» раённага Цэнтра культуры пад кіраўніцтвам Наталлі Крэтавай). Яны запрашаюць прысутных святкаваць, весяліцца, частавацца блінамі, духмянымі шашлыкамі, Масленку вітаць, вясну-красну сустракаць.
І вось на сцэну выходзіць гаспадыня свята Масленіца з блінамі (Вольга Буянава). Яна шчыра вітае прысутных і запэўнівае:
— На нашым свяце не будзе часу сумаваць.
На свяце гэтым трэба спяваць, смяяцца, танцаваць!
Цікава расказала яна пра гісторыю гэтага цудоўнага народнага свята. Масленічны тыдзень у народзе яшчэ называюць сырным. На працягу сямі дзён усе частуюцца блінамі. Пажадана ж, каб былі яны цёплымі і круглымі, як сонейка. Даўней нават лічылі, што з кожным з’едзеным гарачым бліном мы атрымліваем і часцінку сонечнага цяпла, магутнасці. Масленіцу адзначалі па днях. А як называўся кожны з іх, прапанавана было адгадаць прысутным. Таму, хто правільна адкажа, скамарохі ўручалі блін.
Варта нагадаць, як называліся дні масленічнага тыдня. Панядзелак — «сустрэча». Свёкар са свекрывёй адпраўлялі нявестку  да яе бацькоў дапамагчы па гаспадарцы. А ўвечары самі прыходзілі да іх у госці на бліны. Другі ж дзень Масленіцы — «зайгрышы». Пачыналіся вулічныя гулянні ў масках і касцюмах. Каталіся з гор, каб доўгі лён рос. У сераду цешча запрашала зяця на бліны. Каб яго сытна накарміць, ладзіўся сапраўдны баль. Бліны пяклі маленькія і вялікія, малочныя, смажаныя, з ікрой і селядцом. Ды не толькі зяці ходзяць у гэты дзень у госці. Унукі спяшаюцца да любімых бабуль, дочкі — да сваіх матуль. Чацвер масленічнага тыдня называўся «Дзень святога Уласа». Лічылася, што на яго павінен першы раз праспяваць жаваранак. А яшчэ ўшаноўвалі маладых, якія пажаніліся ў гэтым годзе. Пяты дзень Масленіцы называўся «Цешчыны вячоркі»: зяці матуль сваіх любімых жонак у госці запрашалі. Ну, а калі запрасілі, трэба ж нечым частаваць. А чым частаваць на Масленіцу, як не блінамі? У суботу нявестка збірала да сябе ў госці ўсю мужаву радню і суседзяў. Апошні дзень Масленіцы — нядзеля. Яе яшчэ называюць Даравальнай. Менавіта ў гэты дзень адзін аднаму даруюць усе крыўды, ачышчаюцца душой і просяць прабачэння. Каб пачаць Вялікі пост з чыстай душой і адкрытым сэрцам.
А якая самая відовішчная і яркая падзея гэтага свята? Вядома ж, спальванне пудзіла — сімвала зімы, якая адыходзіць. Яно хутка ўспыхнула і згарэла. Масленіца атрымалася на славу!
Пасля гэтага пачалася канцэртная праграма, якую падрыхтавалі самадзейныя артысты Будслаўскага і Камароўскага сельскіх, Свірскага гарпасялковага Дамоў культуры, Мядзельскага раённага Цэнтра культуры. Парадаваў сваім выступленнем народны ансамбль народнай песні «Радаўніца» Нарацкага Цэнтра культуры і вольнага часу. Потым на сцэну завітала Вясна (Ангеліна Пашкевіч) і Вяснянкі (удзельнікі аматарскага аб’яднання «Дзівакі», кіраўнік Вікторыя Стэрнад).
Рэпартаж будзе няпоўны, калі не расказаць, што на працягу свята мнагалюдна было на бліннай пляцоўцы. Тры ўстановы адукацыі горада, раённы Цэнтр культуры, шэраг гаспадынь вырашылі паўдзельнічаць у конкурсе галоўнай стравы масленічнага тыдня — бліноў. Сталы ламаліся ад колькасці. Якіх толькі бліноў не было: вялікіх і малых, звычайных і арыгінальнай формы, з начынкамі і без, са смятанай, скваркамі, журавінамі, варэннем, ікрой, згушчонкай… Калектыў Мядзельскай сярэдняй школы №1 імя Уладзіміра Дубоўкі прадставіў багатую калекцыю бліноў: з грыбамі, мясам, рыбай, капустай, тварагом і бананам — ды хіба ўсе пералічыш?! Упрыгожвала стол з пачастункамі блінная скульптура. А ўвогуле былі «масленыя» бліны, «сонечныя», «святочныя», «смятанныя», «смаката», «бліны ўх», з «пылу-жару» і іншыя. Прысутныя актыўна ўдзельнічалі ў дэгустацыі і свае галасы аддавалі на карысць той гаспадыні, якая, па іх меркаванні, прыгатавала найбольш смачныя і незвычайныя бліны. Журы давялося шмат папрацаваць, каб вызначыць пераможцаў конкурсу. І вось да мікрафона запрашаюцца намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ганна Падгол, каб агучыць вынікі конкурсу, уручыць заслужаныя ўзнагароды за старанне і майстэрства.
— Сёння аднаго лепшага блінапёка не ўдалося вызначыць, бо ўсе бліны былі проста смаката, — зазначыла Іна Іванаўна. — А вось у намінацыі «Блінная казка» перамагла Вікторыя Сяклюцкая.
Пад апладысменты прысутных Іна Іванаўна ўручае пераможцу дыплом і падарунак. У намінацыі «Самы высокі стос бліноў» перамога прысуджана Святлане Багавец. А за «Самы складаны блін» узнагароду атрымала Вольга Тункевіч. «Самы дужы блін» спякла Вольга Цёплая. Якія цудоўныя «Дзіцячыя бліны» на свяце былі прыгатаваны камандай Мядзельскага вучэбна-педагагічнага комплексу яслі-сад-сярэдняя школа! У намінацыі «Блінная аздоба» першынство за дзяржаўнай установай адукацыі «Гімназія-інтэрнат г. Мядзела». «Блінная скульптура» — так называлася намінацыя, у якой перамогу святкавала каманда Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі, а раённы Цэнтр культуры вызначыўся ў намінацыі «Цешчыны бліны».
На гэтым можна ставіць кропку. Так праводзілі ў Мядзеле зіму і сустрэлі вясну-прыгажуню. А калі што было каму не пад густ, выбачайце. Як і казалі адзін аднаму людзі ў гэту даравальную нядзелю.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



19 сакавiка 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Грамадства

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_06-040 возера Глубелька Рэчка Нарачанка         возера Мястра

Пабрацімы Мядзела