Самыя абаяльныя і прывабныя лідары

У Мядзеле ўшаноўвалі жанчын-кіраўнікоў

НАПЯРЭДАДНІ 8 Сакавіка па ініцыятыве раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын адбылося ўшанаванне прадстаўніц цудоўнай паловы
чалавецтва, якія займаюць кіраўніцкія пасады.
Мерапрыемства прайшло ва ўтульным памяшканні абноўленай піцэрыі “Хіт”.
Свята пачалося з прыемнай навіны: адной з пераможцаў абласнога конкурсу “Жанчына года Міншчыны-2018” стала мядзяльчанка Святлана Маслоўская — галоўны ўрач рэспубліканскага дзіцячага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі, які знаходзіцца ў вёсцы Баравыя. Дыплом у намінацыі “Лідарства і паспяховае кіраўніцтва” яна атрымала на ўрачыстасці, якая ў пачатку сакавіка прайшла ў Палацы культуры ў Маладзечне. Старшыня раённай структуры Беларускага саюза жанчын Іна Барыева павіншавала Святлану Лявонаўну. Па просьбе Іны Іванаўны ўзнагароджаная расказала пра сябе.
Святлана Маслоўская дзіцячы цэнтр медыцынскай рэабілітацыі ўзначальвае з 2004 года. Да гэтага дзесяць год адказвала за медыцынскі накірунак у санаторыі “Сосны”. А яшчэ раней працавала раённым педыятрам у цэнтральнай раённай бальніцы. Такім чынам, усё жыццё Святлана Лявонаўна займае кіраўніцкія адказныя пасады.
Задаткі для бліскучай кар’еры ў дзяўчынкі з Мядзела праяўляліся яшчэ ў дзяцінстве. Яна з залатым медалём закончыла школу, лёгка (здаўшы толькі адзін экзамен) паступіла ў сталічны медінстытут. Кажа, што з такой жа лёгкасцю магла б вучыцца, напрыклад, за эканаміста ці юрыста, бо ўсе прадметы ішлі аднолькава добра. Але выбар выпаў на медыцыну. Магчыма, таму, што ўрачом была старэйшая сястра, ды і бацькі схілялі малодшую дачку на жыццё, вернае клятве Гіпакрата. Святлана была перспектыўнай студэнткай, нават прапаноўвалі месца на кафедры пасля вучобы. Але яна вырашыла: “Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся”. І ні разу пра гэта не пашкадавала. Замуж пайшла таксама за ўрача. Разам з мужам выгадавалі дзвюх дачок, якія ўжо маюць вышэйшую адукацыю, праўда, не медыцынскую.
Амаль усю працоўную дзейнасць Святлана Лявонаўна прысвяціла здароўю дзяцей. Яе дэвіз — “Свецячы іншым, згараю сам”.
А інакш у педыятрыі і нельга…
— Паважаная Святлана Лявонаўна, сёння мы пажадаем вам ні ў якім выпадку не згараць і не згарэць, а полымя свайго агню перадаваць іншым, — падагульніла Іна Іванаўна.
Наступная жанчына, да якой была прыкавана ўвага прысутных, — кіраўнік з 45-гадовым стажам Надзея Гапонік. Гэта таксама ўнікальны чалавек, жыццё якога заслугоўвае павагі і таго, каб пра Надзею Пятроўну гаварылі. Нястомная працаўніца, у тыле якой моцная сям’я і прыватная гаспадарка. Ураджэнка Жыровічаў пасля заканчэння мясцовага сельгастэхнікума па спецыяльнасці “электрыфікацыя” па накіраванні прыехала на працу на Мядзельшчыну. “Як вы выбралі такую мужчынскую прафесію?” — пацікавілася ў яе Іна Іванаўна. “Напэўна, гэта прафесія выбрала мяне”, — паціснуўшы плячыма, адказала тая. Надзея Пятроўна прыгадала, што падчас вучобы ў групе былі толькі дзве дзяўчыны. І як вадзіцельскае пасведчанне атрымлівала, таксама толькі дзве дзяўчыны вучыліся. Але ніколі ніякіх паблажак у сувязі з гэтым не чакала. Наадварот, адказы на пытанні білетаў па правілах дарожнага руху нават дзеці, якія былі малыя на той час, ведалі (так старанна рыхтавалася дома да экзаменаў). Павагу заслужыла і ў практычна мужчынскім калектыве вытворчага ўчастка энергазбыту. Зусім нядаўна Надзея Пятроўна пайшла на заслужаны адпачынак — прывыкае да новага ладу жыцця.
— Надзея Пятроўна, з улікам свайго вопыту што параіце жанчынам-кіраўнікам? — спытала Іна Барыева.
— Быць вартымі павагі, быць больш добрымі ў адносінах да падначаленых, увогуле да людзей. Трэба заўсёды памятаць, наколькі прыемна мець зносіны з прыстойным і культурным чалавекам у параўнанне з грубіянам, якую б ён пасаду ні займаў, — адказала былы кіраўнік.
— А чаго пажадаеце жанчынам-жонкам, матулям і бабулям?
— Канечне, кахання. А яшчэ не забываць казаць родным як мага больш прыгожых слоў, бо жыццё такое кароткае…
На памяць пра гэты святочны дзень Іна Іванаўна ўручыла Надзеі Пятроўне кнігу “Край беларускага сэрца — Мядзельшчына”. А потым звярнулася да ўсіх прысутных:
— Дарагія жанчыны-кіраўнікі. У нас з вамі шмат прыкладаў жанчын, нашых, мядзельскіх, на якіх можна раўняцца. Але, заўважце, каб быць такімі, як яны, трэба кожны дзень вучыцца, любіць і аддаваць. Толькі тады будзе патрэбны вынік.
Завяршылася мерапрыемства майстар-класам па вырабе піцы і фірменных пельменяў “Залатая рыбка”, які правялі повары Таццяна Люковіч і Наталля Кушнір.

Іна ЯРЧАК.
Фота Аляксандра Высоцкага.



18 сакавiка 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Грамадства

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_06-040     Паруснікі                          Касцёл у Мядзеле  0-170

Пабрацімы Мядзела