На стадыі станаўлення

resize-of-d0b4d0b0d18fd180d0bad0b011

Мы падрабязна паведамлялі аб узвядзенні ў СВК “Будслаўскі” сучаснага жывёлагадоўчага комплексу. Безумоўна, гэта значная падзея не толькі для будслаўцаў, але і ў цэлым для АПК Мядзельшчыны. Прайшло больш месяца з таго часу, як гэты буйны будаўнічы аб’ект набыў статус вытворчага. Як жа зараз працякаюць тут працоўныя будні? Бо асваенне ж новых тэхналогій – справа заўсёды няпростая.

- Першая група кароў з’явілася ў нас 24 кастрычніка, – расказвае начальнік комплексу “Палессе” Г. І. Гапановіч-Бабарыка. – На сёння ж маем 565 галоў. У асноўным гэта цялушкі. Вядома ж, дапамаглі загрузіць вытворчыя памяшканні гаспадаркі раёна. Гэта СГФ ААТ “Мядзелаграсэрвіс”,УП “Габы-агра”, СКП “Беларусь”, АСП “Вузлянка”, птушкафабрыка “Новая зара”, СВК “Міжазёрны край”, “Слабодская зара”, “Лук’янавічы”. Чакаюцца яшчэ па­ступленні жывёлы з СВК “Занарацкі”, УП “Вішнеўскае-агра”. Ужо ідуць ацёлы. У лістападзе-снежні павінны даць прыплод 83 першацёлкі. На раздоі працуе даярка Часлава Касцюк, якая ўжо мае вопыт такой работы. А вось што датычыцца астатніх дзвюх, яны зусім на­віч­кі ў гэтай справе. І прычына не ў недахопе кадраў. Сучасныя тэхналогіі ў жы­вё­лагадоўлі па­трабуюць зусім іншых падыходаў. Таму даяркам са стажам  няпроста было б  перабудавацца, у тым ліку і ў псіхалагічным плане. А так набыць патрэбныя навыкі дапамаг­лі спецыялісты мінскай фірмы “Унібокс”, якія манціравалі да­ільную залу. І працэс, як кажуць, пайшоў.

resize-of-d0b4d0b0d18fd180d0bad0b02

Комплекс, сапраўды, уражвае. Светлыя, прасторныя памяшканні, абсталяваныя па апошняму слову тэхнікі, паўсюдна чысціня і парадак. Вабіць вока і тэрыторыя, таксама распланаваная згодна з тэхналагічнымі патрабаваннямі. Беспрывязнае ўтрыманне жывёлы мае нямала асаблівасцей, і да ўсяго гэтага трэба цяпер прывыкаць. Дарэчы, не толькі людзям. Вось што расказала адна з даярак І. Ю. Глінская:

-  З сяброўкай Таццянай Мамай доім 100 кароў. У сем раніцы і ў сем гадзін вечара. Асвоілі­ся даволі хутка, праца падабаецца. Але давялося нямала пастарацца, каб прывучыць кароў заходзіць у стойлы даільнай залы. Нязвыклая і для іх абстаноўка. Добрым словам “угаворвалі”, і ласкай. Абы толькі рагуля стала на вызначанае месца. Першая дойка цягнулася больш трох гадзін! Цяпер гэта ўсё ў мінулым, і на ўвесь працэс затрачваецца не больш 40 мінут. Але ж прыйдзе чарговая партыя кароў, і зноў трэба будзе брацца за іх навучанне! Запрацуе на ўсю моц комплекс не хутка. Патэнцыял толькі нарошчваецца, та­му і надоямі яшчэ хваліцца ра­на. У сярэднім яны скла­даюць 8 літ­раў у суткі ад каровы. Больш на раздоі – 9,5 літра.

- Галоўнае для нас, – сказала на развітанне Ганна
Іванаўна, – не толь­кі як след усё асвоіць, але і захаваць. Калектывам я задаволена, усе працуюць добрасумленна. І не спяшаюцца дадому, як звычайна, а пытаюцца, што яшчэ трэба зрабіць.

Сапраўды, у новых умовах і працуецца па-новаму. Як паведаміла Г. І. Гапановіч-Бабарыка, у будучым рагуль будуць даіць пад музыку. Такое прадугледжана гэтай жа тэхналогіяй, зноў жа, каб атрымаць ад жывёлы найбольшую аддачу. Каровам, як і людзям, таксама патрэбен настрой!

Аляксандр БЫКАЎ.



27 лiстапада 2009.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

223_ на Блакітных азёрах        лебедзі на Мястры img_4257

Пабрацімы Мядзела