Асноўны Закон дзяржавы

ПАВАЖАНЫЯ жыхары Мядзельшчыны!
Віншуем вас з дзяржаўным святам — Днём Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь!
Дзень Канстытуцыі нясе ў сабе глыбокі змест, бо Асноўны Закон з’яўляецца адлюстраваннем нашага менталітэту, люстэркам жыцця краіны, таму ён пастаянна развіваецца разам з грамадствам. Беларуская Канстытуцыя гарантуе кожнаму грамадзяніну свабоды і правы, якія неабходны для стваральнай працы, годнага жыцця і гарманічнага ўсебаковага развіцця асобы. Гэты важнейшы дакумент уключае ў сябе вопыт папярэдніх пакаленняў, ключавыя моманты гісторыі, традыцыі і культурныя асаблівасці нашай краіны і народа. Захоўваць Асноўны Закон краіны і ўмацоўваць дзяржаўнасць — патрыятычны абавязак кожнага з нас.
Жадаем вам моцнага здароўя, шчасця, упэўненасці ў заўтрашнім дні, поспехаў у працы на карысць нашай Радзімы.
Раённы выканаўчы камітэт.
Раённы Савет дэпутатаў.

У кожнай дзяржаве найважнейшым
атрыбутам, сімвалам годнасці і гонару
з’яўляецца Канстытуцыя. Менавіта на названым дакуменце грунтуюцца палітычныя, эканамічныя, культурныя адносіны ў краіне, юрыдычна
замацоўваюцца правы і абавязкі яе жыхароў. Нездарма Канстытуцыя з’яўляецца Асноўным Законам.
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь была прынята Вярхоўным Саветам 15 сакавіка 1994 года. Яна абвясціла Беларусь унітарнай дэмакратычнай сацыяльна-прававой дзяржавай, устанавіла новую — прэзідэнцкую — форму кіравання. Прэзідэнт ажыццяўляе кіраўніцтва краінай. Ён жа фарміруе вышэйшы выканаўчы орган улады — урад — і нясе адказнасць за яго дзейнасць перад народам.
Канстытуцыя 1994-га года — пятая па ліку ў гісторыі беларускай дзяржавы. Папярэднія прымаліся ў 1919, 1927, 1937, 1978 гадах. Але ўжо 24 лістапада 1996 года па ініцыятыве Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі і Вярхоўнага Савета быў праведзены рэспубліканскі рэферэндум па ўнясенні змяненняў у асобныя артыкулы Канстытуцыі 1994 года, дзе ўдакладняліся паўнамоцтвы органаў трох галін дзяржаўнай улады. Наступнае змяненне Канстытуцыі адбылося на рэферэндуме 17 кастрычніка 2004 года. Гэтым дакументам з усімі папраўкамі мы і кіруемся дагэтуль. Аднак жыццё не стаіць на месцы, многае змяняецца. З часам патрабуюць удасканалення і асобныя законы. Наспела неабходнасць і ў падрыхтоўцы новай Канстытуцыі, пра што гаварылася і падчас “Вялікай размовы з Прэзідэнтам”.
Стабільнае развіццё дзяржавы і грамадства адбываецца дзякуючы штодзённай працы, асабістаму ўкладу кожнага жыхара краіны ў яе росквіт і дабрабыт. Гэтаму садзейнічае і трывалая прававая база. У рэспубліцы канстытуцыйна замацавана свабода грамадзян і іх роўнасць у правах. Шлюб, сям’я, мацярынства, бацькоўства, дзяцінства і іншыя сферы нашага жыцця знаходзяцца пад абаронай дзяржавы. Грамадзяне рэспублікі маюць права на працу, медыцынскае абслугоўванне, навучанне, змястоўны адпачынак. Ствараюцца неабходныя ўмовы для свабоднага і актыўнага ўдзелу ўсіх у палітычным, сацыяльным, эканамічным і культурным жыцці краіны. Моладзі гарантуецца права на духоўнае, маральнае і фізічнае развіццё. Разам з гэтым неабходна памятаць, што мы маем не толькі правы, але і пэўныя абавязкі перад дзяржавай і яе народам, якія патрэбна выконваць. У адваротным выпадку наступяць анархія, хаос, а так не павінна быць.
У Беларусі вялікая ўвага надаецца грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення — будучыні краіны. І гэта правільна. Юнакі і дзяўчаты вывучаюць гісторыю сваёй дзяржавы, ганарацца ёй. На ўроках і пазакласных мерапрыемствах атрымліваюць пэўныя веды аб нацыянальнай заканадаўчай сістэме, знаёмяцца і з Асноўным Законам краіны. Вось і напярэдадні Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ва ўсіх установах адукацыі раёна праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай даце. Прымеркавана да яе і ўрачыстае ўручэнне пашпартоў юным грамадзянам краіны. Інфармацыйныя гадзіны, Тыдні прававых ведаў, інтэлектуальныя гульні на прававую тэматыку, сустрэчы з прадстаўнікамі органаў унутраных спраў, безумоўна, пакінуць след у душах юнакоў і дзяўчат. Упэўнена, што ў нейкай ступені і гэтыя мерапрыемствы ў спалучэнні з іншымі важнымі аспектамі выхавання дапамогуць сённяшнім школьнікам стаць годнымі пераемнікамі слаўных традыцый сваіх прадзедаў і дзядоў.
Паважаць Асноўны Закон дзяржавы — значыць паважаць сваю краіну і саміх сябе. Нельга забываць, што жыццё чалавека вымяраецца не пражытымі гадамі, а добрымі справамі. Толькі наша сумесная стваральная праца на карысць роднай Беларусі і дазволіць ёй стаць яшчэ больш моцнай і квітнеючай.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.



15 сакавiка 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_06-040 Касцёл у Шэметава   Царква ў Крывічах

Пабрацімы Мядзела