Малады лейтэнант

ПАПЯРЭДЖАННЕ, выратаванне, дапамога. Гэта толькі некаторыя з прынцыпаў работы выратавальнікаў. Адвага і мужнасць, гатоўнасць да самаахвяравання ў імя людзей заўсёды адрозніваюць
прадстаўнікоў гэтай прафесіі. Высокі прафесіяналізм, вопыт і ўменне знайсці выхад з самых складаных і экстрэмальных
сітуацый — гэтыя якасці дазваляюць выратавальнікам заваёўваць аўтарытэт і павагу насельніцтва.
Прафесія выратавальніка — адна з самых цяжкіх, але, разам з тым, і самых высакародных. Яны і ў мірныя часы заўсёды знаходзяцца нібы на перадавой, абараняючы нас, наша жыццё і маёмасць ад стыхійных бедстваў. Сёння работа па ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару патрабуе высокай кваліфікацыі, ініцыятыўнасці, адказнасці і мужнасці.
Нядаўна пасля заканчэння Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь прыйшоў працаваць у раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях малады спецыяліст — лейтэнант унутранай службы Аляксандр Лятун.
— Раскажы, калі ласка, як ты стаў выратавальнікам, што падштурхнула да выбару менавіта гэтай прафесіі? — прашу суразмоўцу.
— Нарадзіўся і вырас у горадзе Узда. Там закончыў сярэднюю школу. Нельга сказаць, што з дзяцінства марыў быць выратавальнікам. Не. А выбар прафесіі быў выпадковы. Прыйшлі ў школу прадстаўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, расказалі пра сваю службу, пра тое, дзе можна набыць гэту прафесію. Мяне такая інфармацыя зацікавіла. Таму стаў мэтанакіравана рыхтаваць сябе да паступлення ў камандна-інжынерны інстытут МНС, — адказвае Аляксандр Дзмітрыевіч. — Каб стаць выратавальнікам, патрэбны не толькі трывалыя веды, але і добрая фізічная падрыхтоўка. Дарэчы, паступаў у інстытут, а закончыў вучобу ва ўніверсітэце грамадзянскай абароны МНС. Так зараз называецца гэта навучальная ўстанова.
Хутка праляцелі чатыры гады вучобы. І вось лейтэнант унутранай службы з дыпломам у руках прыбыў у Мядзел, да месца службы. Прыязна прынялі маладога спецыяліста ў калектыве, даволі хутка вырашылася і жыллёвае пытанне. Так пачаліся працоўныя будні ў інспекцыі нагляду і прафілактыкі.
— Асноўная задача — правядзенне прафілактычнай работы. Калі што было незразумелым, то адразу прыходзілі на дапамогу калегі, раілі, падказвалі. Першым дарадцам стаў інжынер інспекцыі нагляду і прафілактыкі лейтэнант унутранай службы Вадзім Сіняўскі, з якім сядзім у адным кабінеце. Ніколі не адмаўляе ў дапамозе першы намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях падпалкоўнік унутранай службы Юрый Вашкінэль. Ды і іншыя супрацоўнікі аддзела гатовы ў любую мінуту прыйсці на дапамогу, — расказвае Аляксандр Лятун.
— Прынята лічыць, што прафесія выратавальніка выключна мужчынская. А ці так гэта на самай справе?
— Я з гэтым не згодзен. Вось і ў нас у аддзеле працуюць жанчыны — інспектар групы прапаганды і навучання старшы лейтэнант унутранай службы Ірына Карапецян, інжынер інспекцыі нагляду і прафілактыкі райаддзела па надзвычайных сітуацыях старшы лейтэнант унутранай службы Кацярына Кісель, дыспетчары цэнтра аператыўнага кіравання сяржант унутранай службы Алена Дзятлава і прапаршчык унутранай службы Анастасія Гурская. Усе яны выдатна спраўляюцца са службовымі абавязкамі, — адказвае Аляксандр Дзмітрыевіч.
— Як бавіш вольны час?
— Займаюся спортам, каб падтрымліваць сябе ў добрай фізічнай форме. Ва ўніверсітэце займаўся выратавальным мнагабор’ем, зараз больш бегаю. Ды і дамоў хочацца з’ездзіць, — чую ў адказ.
— Ці шкадуеш, што выбраў менавіта гэту прафесію?
— Ніколькі. Выпускнікам школ таксама раю падумаць пра прафесію выратавальніка. Яна і ганаровая, і вельмі патрэбная людзям.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.



14 сакавiка 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай Сядзіба Максіма Танка  на Блакітных азёрах        Лебедзі на Нарачы

Пабрацімы Мядзела