Падзяка за поспехі

У ПЕРШЫ дзень вясны ў Доме культуры Уздзенскага раёна сабралася больш за 200 працаўнікоў сельскай гаспадаркі з усіх раёнаў сталічнай вобласці. Гэта жывёлаводы, аператары машыннага даення кароў, тэхнікі-асемянатары, заатэхнікі, спецыялісты ўпраўленняў па сельскай гаспадарцы райвыканкамаў, ветурачы, кіраўнікі раёнаў і некаторых гаспадарак, ветэраны, якія аддалі шмат гадоў працы ў сельскагаспадарчай вытворчасці, шматдзетныя мамы, якія паспяваюць вынікова працаваць і выхоўваць дзяцей, а таксама цэлыя сямейныя дынастыі. На святочнай сцэне ўшаноўвалі тых, хто лічыцца гонарам сельскагаспадарчай галіны цэнтральнага рэгіёна.

У склад дэлегацыі Мядзельшчыны ўваходзілі працаўнікі ферм ААТ «Сваткі», «Занарачанскі», «Мядзельскае аграпрамэнерга», НП «Нарачанскі», СК «Брусы» філіяла ААТ «Вілейскі камбікормавы завод», спецыялісты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, дырэктар Мядзельскага філіяла «Райплемстанцыя» РУСП «Мінскае племпрадпрыемства», галоўны дзяржаўны ветэрынарны інспектар раёна, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК. А ўзначальваў дэлегацыю старшыня райвыканкама Анатолій Вайнілка.
Лепшых жывёлаводаў Міншчыны павіншаваў з поспехамі і шчыра падзякаваў за працу старшыня абласнога выканаўчага камітэта Анатолій Ісачанка.
— Прафесія жывёлавода на вёсцы адна з самых паважаных. У той жа час яна адна з самых нялёгкіх. У любое надвор’е — у спёку і сцюжу — раніцай кожнага дня вы спяшаецеся на ферму і працуеце з душой і любоўю. Пры гэтым праяўляеце высокі прафесіяналізм і адказнасць, — падкрэсліў Анатолій Міхайлавіч. — Сёння ў сельскагаспадарчай вытворчасці вобласці галіна жывёлагадоўлі займае каля 60% і фарміруе заробак. Ад таго, як яна працуе, залежаць раслінаводства, механізацыя і іншыя галіны сельгасвытворчасці. Але галоўнае багацце — гэта нашы працавітыя людзі, якія любяць сваю малую радзіму і праслаўляюць яе за межамі краіны. Дзякуючы паспяховай рабоце працаўнікоў вёскі ў 2018 годзе прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу экспартавалі прадукцыі на суму каля 300 мільёнаў долараў ЗША. Тым самым забяспечылі прыток валюты ў краіну. Прадукцыю, якая выпушчана ў вобласці, ведаюць і любяць за мяжой. Не раз яна была адзначана і на выставах.
Па выніках мінулага года экспарт у замежныя краіны павялічыўся больш чым у 2,5 раза. Мы выйшлі на новыя рынкі збыту: у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, рэгіёны Паўднёвай Афрыкі, Японію і іншыя краіны. Сталічная вобласць мае сярэдні тэмп росту 103 працэнты. Безумоўна, мы з’яўляемся лідарамі па вытворчасці свініны (110 тысяч тон) і мяса птушкі (235 тысяч тон). У гэтай урачыстай абстаноўцы віншую вас з нашай агульнай працоўнай перамогай. Жадаю ўсім работнікам аграпрамысловага комплексу вобласці новых поспехаў, а самае галоўнае — здароўя, дабрабыту вам і вашым сем’ям!
Потым Анатолій Міхайлавіч уручыў Ганаровыя граматы абласнога выканаўчага камітэта шэрагу жывёлаводаў, спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў. Не засталіся без увагі і ветэраны сельскагаспадарчай галіны, якія сваёй працай упісалі шмат слаўных старонак у гісторыю Міншчыны і краіны. Менавіта іх губернатар адзначыў каштоўнымі падарункамі.
Шмат цёплых слоў адрасаваў старшыня аблвыканкама мнагадзетным матулям, якія працуюць і выхоўваюць дзяцей. Напрыклад, з 2006 года стараецца аператарам машыннага даення кароў УП «ПІК-Лясное» Капыльскага раёна мнагадзетная мама Галіна Логаш.
— Паспяваю не толькі вынікова працаваць, але і выхоўваць шасцярых дзяцей. Напэўна, галоўнае — любіць сваю справу, тады і толк будзе, — усміхаецца Галіна Віктараўна. — Летась вырашыла не спыняцца на дасягнутым і паступіла на завочнае аддзяленне Смілавіцкага аграрнага каледжа на спецыяльнасць «заатэхнія».
Хачу назваць яшчэ адзін цікавы факт. Агульны працоўны стаж сямейнай дынастыі аператара машыннага даення кароў ААТ «Вясейскі пакроў» Слуцкага раёна Зоі Філюты — 131 год. Яе дочкі Наталля і Святлана таксама працуюць аператарамі машыннага даення кароў. Сыны Віталій і Сяргей — трактарысты-машыністы па абслугоўванні тэхналагічных працэсаў у жывёлагадоўлі.
— Любоў да зямлі ў нашай сям’і перадаецца, напэўна, у спадчыну, — усміхаецца Зоя Іванаўна.
Усе яны атрымалі ад Анатолія Ісачанкі падарункі. Дарэчы, нявестка Зоі таксама працуе ў сельскай гаспадарцы. Ёй былі ўручаны кветкі.
На сцэну запрашаецца начальнік галоўнага ўпраўлення інтэнсіфікацыі жывёлагадоўлі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Наталля Соніч.
— Ад усяго Міністэрства і ад сябе асабіста шчыра вітаю прысутных. Жывёлаводы раней за іншых працаўнікоў вёскі ўстаюць і пазней за іншых кладуцца спаць. Дзякуючы іх старанню сталічная вобласць па валавым вырошчванні буйной рагатай жывёлы, свіней і птушкі за мінулы год заняла першае месца ў краіне, — падкрэсліла Наталля Аляксандраўна.
Яна назвала шэраг гаспадарак Міншчыны, дзе атрыманы высокія надоі малака ад каровы. Напрыклад, у агракамбінаце «Сноў» у сярэднім ад кожнай рагулі за мінулы год надаілі па 10363 кілаграмы малака. Сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы склалі 962 грамы.
— У цэлым па вобласці надой малака ад каровы за мінулы год склаў 5335 кілаграмаў. Сёлета стаіць задача пакарыць 6-тысячны рубеж, — кажа Наталля Соніч.
Пад апладысменты прысутных Наталля Аляксандраўна выканала прыемную місію — у стогадовы юбілей Міністэрства сельскай гаспадаркі ўручыла Ганаровыя граматы ведамства лепшым ветурачам, жывёлаводам, брыгадзірам і загадчыкам ферм вобласці.
А тым часам да мікрафона запрашаецца старшыня рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Мікалай Лабушаў.
Шчырыя словы віншавання адрасаваў ён працаўнікам ферм.
— У хуткім часе закончыцца рэспубліканская акцыя «Наш жывёлавод». Прадстаўнікі прафсаюзаў пабывалі амаль на кожнай ферме. Яны паглядзелі, у якіх умовах працуюць людзі, падзякавалі ім, адзначылі лепшых падарункамі, — гаворыць Мікалай Аксёнавіч. — Хачу выказаць пажаданне кіраўнікам — любіце, паважайце людзей, клапаціцеся пра іх — і вы бумерангам атрымаеце той вынік, які павінен быць.
Ганаровыя граматы Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу атрымала шмат спецыялістаў жывёлагадоўлі і працаўнікоў ферм. Сярод іх і наша зямлячка Таццяна Маціна — аператар свінагадоўчага комплексу «Брусы» філіяла ААТ «Вілейскі камбікормавы завод».
На заканчэнне Мікалай Лабушаў уручыў намесніку старшыні камітэта па жывёлагадоўлі аблсельгасхарчу Уладзіміру Капусціну вялікі і прыгожы каравай.
Вядучыя запрасілі на сцэну старшыню абласнога аб’яднання прафсаюза Віктара Маліноўскага. Ён таксама выказаў цёплыя віншаванні прысутным і шчырыя пажаданні ўсяго самага найлепшага. Потым уручыў Ганаровыя граматы абласнога аб’яднання прафсаюзаў жывёлаводам.
Наступны выступаючы — старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Міхаіл Бода.
— Абласны злёт жывёлаводаў праводзіцца пасля доўгага перапынку. Апошні раз падобнае мерапрыемства было ў 60-х гадах мінулага стагоддзя, — падкрэсліў Міхаіл Тарасавіч.
Ён расказаў таксама, што заканчваецца рэспубліканская акцыя «Наш жывёлавод». Наведалі больш за 870 ферм вобласці, што складае крыху больш за 70 працэнтаў ад агульнай колькасці. Адзначана старанне сотняў людзей.
— Дзякую ўсім за нялёгкую, але вельмі патрэбную дзяржаве працу. Нізкі паклон за яе. Моцнага вам здароўя, і няхай усё ладзіцца, — сказаў напрыканцы выступлення Міхаіл Бода.
Ён уручыў Ганаровыя граматы спецыялістам і жывёлаводам. Прыемна, што сярод узнагароджаных і аператар па адкорме свіней СК «Брусы» філіяла «Вілейскі камбікормавы завод» Тамара Яўгель.
Працягнуў ушанаванне жывёлаводаў намеснік старшыні абласнога аграпрамысловага саюза Генрых Місюк, які разам з цёплымі пажаданнямі ўручыў Ганаровыя граматы асобным працаўнікам вёскі.
А вось генеральны дырэктар ААТ «Мінскі малочны завод №1» Андрэй Ермаліцкі аддзячыў жывёлаводам за руплівасць каштоўнымі падарункамі, а кіраўнікам ААТ «Крутагор’е-Петкавічы» Дзяржынскага раёна, ААТ «Нарачанскія зоры» Вілейскага і аграфірмы «Лучнікі» Слуцкага ўручыў сертыфікаты на 5 тысяч рублёў.
Пачулі шчырыя віншаванні і атрымалі каштоўныя падарункі многія прысутныя і ад генеральнага дырэктара ААТ «Мінскі мясакамбінат» Анатолія Дука.
Потым адбыўся вялікі святочны канцэрт. Выступілі самадзейныя артысты не толькі з Уздзеншчыны, але і з іншых раёнаў сталічнай вобласці.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота аўтара.



14 сакавiка 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

06-012 _06-040 dsc_5774-3 возера Глубелька

Пабрацімы Мядзела