Свята вясны, прыгажосці, жанчыны

НАПЭЎНА, зусім невыпадкова свята прадстаўніц цудоўнай паловы чалавецтва, незалежна ад іх сацыяльнага статусу, узросту і месца работы, адзначаецца ў першыя вясеннія дні. Разам з прыродай расцвітаюць нашы жанчыны — сонечныя, пяшчотныя, як сама вясна! Усе яны падобныя на першыя вясеннія кветкі — трапяткія, прыгожыя ў чаканні цяпла і ўвагі. А хіба можа вобраз сапраўднай жанчыны асацыявацца з іншай парой года, а не з вясной — лёгкай, свежай, якая ўсяляе надзею і дорыць веру ў светлую будучыню? І канцэрт, прысвечаны гэтаму святу, які адбыўся 7 сакавіка на сцэне раённага Цэнтра культуры, называўся «Вясновы букет». Ён быў працяты шчырасцю і падзякай жанчынам.

Вядучыя канцэрта падкрэслівалі, што чароўнай палове чалавецтва прыродай прызначана несці ў свет каханне і дабрыню, захоўваць сямейны ачаг, даваць новае жыццё.
Музычнае віншаванне прысутным адрасуе Вольга Буянава. Яе выступленні заўсёды прымаюцца на «ўра!». Таму і за песню «Святочная» гледачы дзякавалі працяглымі апладысментамі.
На сцэну запрашаецца намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева. Шмат цёплых, шчырых, пяшчотных слоў адрасавала Іна Іванаўна жанчынам. Гэта яны праяўляюць самыя лепшыя маральныя якасці, працуюць не проста на роўных з мужчынамі, а з асаблівым тактам і прывабнасцю, цярпліва і адказна, творча, з вялікай аддачай. Пры гэтым ім заўсёды ўдаецца заставацца загадкавымі, непаўторнымі і прыгожымі. Гэта яны нараджаюць мужчын.
— Напярэдадні свята 8 Сакавіка ў радзільным аддзяленні Мядзельскай цэнтральнай раённай бальніцы нашы жанчыны нарадзілі трох багатыроў, — падкрэсліла прамоўца.
Яна выказала шчырыя словы ўдзячнасці прадстаўніцам прыгожай паловы чалавецтва, пажадала кахання і надзейнай апоры побач.
Песнямі «Ты анёл» і «Не адлятай» працягнуў віншаванне жанчын Пётр Аміраў.
Шмат у гэты дзень цёплых слоў было адрасавана матулям. Гэта яны недасыпалі ночы, калі хварэлі іх дачушкі ці сыночкі, гэта яны дзяліліся і дзеляцца сваёй дабрынёй і пяшчотай з кожным немаўляткам. Мама — самы блізкі і родны чалавек, які ўкладвае ў сваіх дзяцей клопат і пяшчоту, дабрыню і бязмежную любоў. Таму харэаграфічная кампазіцыя «Кветачка» ў выкананні танцавальнага калектыву дзіцячай школы мастацтваў, а таксама песня ў выкананні Марыі Бабёр і Марыі Купрэвіч сталі яскравым доказам таго, што для кожнай матулі галоўнае — дзеці.
Ад песні «Я люблю цябе, мама», якую цудоўна выканалі Аксана Вязевіч і Людміла Сокава, у асобных жанчын заблішчалі вочы, а па шчацэ пакацілася нечаканая слязінка.
Наступны блок віншаванняў і пажаданняў быў прысвечаны бабулям. Гэта яны вельмі хвалююцца і перажываюць за сваіх унукаў, гэта яны з’яўляюцца самымі лепшымі казачніцамі, гэта яны найбольш радуюцца кожнаму поспеху малышоў. Таму менавіта бабулям прысвяцілі свае выступленні самыя юныя чытальнікі вершаў, песню «Мама, тата» — Улад Самко і Валерыя Шабовіч, харэаграфічную кампазіцыю «Купалінка» — танцавальны калектыў дзіцячай школы мастацтваў.
Выдатны настрой усім падаравалі ўдзельнікі народнага клуба аматараў песні «Верасень» пад кіраўніцтвам Стэлы Івановай. У іх выкананні прагучалі песні «Матуліны рукі», «Бабіна лета», «Цераз рэчаньку». Упрыгожылі святочнае мерапрыемства музычныя нумары ў выкананні Міхаіла Рабікава. Ён не толькі праспяваў цудоўныя песні, але і выказаў шчырыя словы ўдзячнасці прадстаўніцам прыгожай паловы чалавецтва. А закончыла канцэртную праграму танцавальная група «Капрыз».
Музычныя падарункі, кветкі — усё ў гэты дзень прызначалася жанчынам. Кранальныя і хвалюючыя нумары ўдзельнікаў канцэрта дазволілі ім адчуць свята і наступленне вясны.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



13 сакавiка 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Крывічах dsc_5774-3 возера Мястра Рэчка Нарачанка

Пабрацімы Мядзела