Па рыбацкую фартуну

ВАРТА сказаць, што сярод работнікаў РВУП «Мядзельская ЖКГ» нямала аматараў зімовай рыбалкі. Менавіта таму штогод старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі прадпрыемства Марыя Мялешка арганізоўвае спаборніцтвы па падлёднай лоўлі рыбы. Вось і сёлета напрыканцы лютага 20 чалавек пажадалі паспрабаваць рыбацкага шчасця. Гэта людзі розных узростаў і прафесій. Аднак іх аб’ядноўвае не толькі праца на адным прадпрыемстве. Усе яны любяць правесці час з вудай у руках, адпачыць на прыродзе, забыцца пра штодзённыя клопаты.
На гэты раз спаборніцтвы ладзіліся на возеры Белае. Пасля прадстаўлення судзейскай брыгады (а ў яе склад увайшлі старшыня прафкама Марыя Мялешка, інжынер водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі Іна Сіськевіч, рабочы па комплексным абслугоўванні будынкаў і збудаванняў Віталій Белы) былі абвешчаны ўмовы спаборніцтва, агучаны намінацыі, па якіх будуць вызначацца пераможцы. І вось дадзены старт. Рыбаловы без прамаруджвання пачалі свідраваць лункі. Кожны лічыў, што менавіта яго месца самае ўдалае, што менавіта тут будзе добра брацца рыба. Надвор’е спрыяла актыўнаму адпачынку. Праўда, рыба пра гэта не ведала, таму клявала не актыўна. Але кожны ўдзельнік спаборніцтваў імкнуўся выкарыстаць усе свае веды і навыкі, каб яго ўлоў стаў найбольш важкім.
І вось гучыць сігнал аб заканчэнні спаборніцтваў. Усе крочаць да берага, дзе над вогнішчам булькае духмяная юшка. Для судзейскай брыгады наступае вельмі адказны момант — узважванне рыбы і вызначэнне пераможцаў.
Найбольш важкі ўлоў атрымаўся ў электраманцёра цэнтральнай кацельні горада Мядзела Анатолія Буты — 875 грамаў. Другое месца заняў дырэктар прадпрыемства Аляксандр Чарняўскі. Яго ўлоў пацягнуў 405 грамаў. А вось трэцяе месца дасталося электраманцёру ачышчальных збудаванняў «Пугачы» Віталію Шупеньку, які злавіў 375 грамаў рыбы. Пераможцам былі ўручаны дыпломы і прызы. За першае месца — ледабур, за другое — скрынка рыбалова, за трэцяе — спецыяльныя саначкі.
Умовы спаборніцтва прадугледжвалі яшчэ шэраг намінацый, у якіх вызначылі пераможцаў. Напрыклад, «За самую вялікую злоўленую рыбіну» дыплом і падарунак атрымаў вадзіцель Міхаіл Паршута. А вось самую маленькую рыбку злавіў галоўны інжынер прадпрыемства Уладзімір Шабовіч. У намінацыі «Самы вопытны рыбалоў» перамогу святкаваў былы электрагазазваршчык Аляксандр Берняковіч. Зараз Аляксандр Мітрафанавіч знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але не цураецца роднага калектыву, якому аддаў лепшыя гады жыцця. У намінацыі «За імкненне да перамогі» ўзнагароду атрымаў аператар кацельні «Баравое» Васілій Цупа. Дарэчы, усе злавілі толькі акунёў, а вось Васілій Цупа ўмудрыўся злавіць плотачку. Пераможцы ў намінацыях таксама атрымалі дыпломы і прызы.
— Усе ўдзельнікі спаборніцтваў з нагоды Дня абаронцаў Айчыны атрымалі невялікія падарункі: лёску і балансір, — кажа старшыня прафкама Марыя Мялешка. — А кульмінацыяй мерапрыемства стала гарачая, духмяная, смачная юшка. Усе засталіся вельмі задаволены мерапрыемствам. Людзі выказалі пажаданне праводзіць спаборніцтвы і летам. Таму, магчыма, сёлета паспрабуем…

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота М. Мялешкі.



12 сакавiка 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

223_ dsc_5774-3 від на Мядзел Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай

Пабрацімы Мядзела