Кропка адліку добрых спраў

МІНУЛЫ тыдзень адзначыўся важнай падзеяй у жыцці сацыяльнай сферы Міншчыны — у Дзяржынскім гарадскім Доме культуры адбылося пасяджэнне калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі абласнога выканаўчага камітэта. Разгледжаны вынікі работы за мінулы, а таксама вызначаны задачы на гэты год. Мерапрыемства атрымалася надзвычай прадстаўнічае, што падкрэслівала яго актуальнасць і значнасць у грамадскім жыцці сталічнага рэгіёну. У рабоце калегіі прынялі ўдзел губернатар Міншчыны Анатолій Ісачанка, намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзімір Жаўняк, міністры: інфармацыі — Аляксандр Карлюкевіч і культуры — Юрый Бондар, намеснік старшыні аблвыканкама Іван Маркевіч, рэктар Белдзяржуніверсітэта Андрэй Кароль, шэраг іншых адказных асоб. Паважным аказаўся і склад дэлегацый з месцаў: намеснікі старшынь райвыканкамаў па пытаннях сацыяльнай сферы і ідэалагічнай работы, начальнікі і намеснікі начальнікаў аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкамаў, галоўныя рэдактары рэгіянальных газет, дырэктары тэлевізійных каналаў, раённых цэнтралізаваных клубных сістэм, цэнтральных бібліятэк, музеяў, гарадскіх Дамоў культуры, дзіцячых школ мастацтваў.
З асноўным дакладам выступіла начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама Таццяна Хмель. І адразу Таццяна Мікалаеўна задала патрабавальны тон размове: “Сёння мы сабраліся не толькі для таго, каб падвесці вынікі мінулага года, але і даць аб’ектыўную ацэнку ідэалагічнай вертыкалі, адказаць на пытанне, наколькі яна гатова вырашаць пастаўленыя кіраўніцтвам краіны і вобласці задачы”. Ды і ў цэлым выступленне атрымалася глыбокім і канкрэтным, з аналізам станоўчых напрацовак і хібаў у важнай справе прыцягнення насельніцтва да актыўнай сацыяльна-эканамічнай дзейнасці. На погляд Таццяны Хмель, у рэгіёнах неабходна больш мэтанакіравана працаваць над амаладжэннем кадраў, праяўляць зацікаўленую актыўнасць ва ўкараненні эфектыўных падыходаў у ідэалагічнай рабоце, асваенні інтэрнэт-прасторы. Пры гэтым у цэнтры ўвагі павінна заўсёды знаходзіцца грамадска-палітычная сітуацыя, галоўным індыкатарам якой з’яўляюцца звароты і настрой грамадзян. Не варта таксама на месцах замоўчваць праблемы і тое, якім чынам і наколькі аператыўна яны здымаюцца з парадку дня. Калі сказаць увогуле, то Таццяна Мікалаеўна станоўча ацаніла працу калег і выказала меркаванне, што ідэалагічны актыў Міншчыны здольны вырашаць на годным узроўні пытанні, якія ставіць перад ім сучаснае жыццё.
Гэта сцвярджэнне знайшло працяг і ў выступленні міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандра Карлюкевіча. Як адзначыў Аляксандр Мікалаевіч, “праслухаўшы грунтоўны даклад Таццяны Хмель пра стан спраў ва ўсіх сферах нашага жыцця, адчуваеш упэўненасць, што на Міншчыне выбудаваны стройная сістэма ідэалагічнай работы, яе сувязь з мас-медыя”. Закрануў Аляксандр Карлюкевіч і многія іншыя злабадзённыя пытанні. У прыватнасці, пра інтэрнэт. Сёння можна шмат разважаць наконт яго агрэсіўнасці альбо неўпарадкаванасці, але гэта не спыніць пашырэння інтэрнэт-прасторы. “Неабходны інавацыі, — заўважыў Аляксандр Мікалаевіч, — якія дазволяць нам выхаваць сапраўдных грамадзян-патрыётаў сваёй краіны. Над вырашэннем гэтай складанай задачы мы ўсе разам працуем і будзем працаваць”. Трэба звярнуць увагу і на тое, што ў сувязі з большай актыўнасцю ў сацыяльных сетках напрошваецца перагляд штатнага раскладу рэгіянальных газет, бо там пакуль не прадугледжаны ІТ-супрацоўнік, не вызначана яго аплата працы. Журналіст, які вядзе рэдакцыйны сайт, павінен быць зацікаўлены ў масавым наведванні апошняга, у фарміраванні сваёй шырокай аўдыторыі, а не выконваць важную справу ледзь не на грамадскіх пачатках. Па ацэнцы міністра, газеты сталічнай вобласці трымаюць неблагі ўзровень, а павышэнню іх запатрабаванасці і папулярнасці ў рэгіёнах могуць паспрыяць больш поўнае задзейнічанне багатай жанравай разнастайнасці матэрыялаў і канструктыўная крытыка.
З удзячнасці ў адрас ідэолагаў за нялёгкую, але патрэбную работу пачаў сваё выступленне намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Жаўняк. Ён нагадаў, што асноўнай асаблівасцю ў рабоце з людзьмі з’яўляецца прынцып справядлівасці, на што неаднойчы ўказваў і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. І гэта відавочна. Адносіцца да суайчыннікаў трэба з такой увагай, якой чакаеш да сябе пры зваротах да адказных асоб. І калі гэты параметр няўхільна вытрымліваць, то ніякіх негатыўных выказванняў у адрас органаў улады не будзе. Паўсюдна, як звярнуў увагу удзельнікаў калегіі Уладзімір Рыгоравіч, праводзіцца мноства культурных мерапрыемстваў. Аднак зацыклівацца на іх не варта, бо ідэалагічная работа надзвычай шматгранная. У сувязі з гэтым трэба звярнуць увагу на ролю грамадскіх арганізацый, найперш — маладзёжных. Чаму? Бо як падрыхтуем новае пакаленне да дарослага жыцця, такую і сфарміруем будучыню сваёй краіны. Пакуль жа, лічыць Уладзімір Жаўняк, грамадскія арганізацыі ў рабоце з людзьмі задзейнічаны слаба, у іх малая нагрузка. Патрабуе актывізацыі і праца з насельніцтвам на месцах. “Не сядзіце ў кабінетах пры з’яўленні праблемы, — звярнуўся да ідэалагічнага актыву Уладзімір Жаўняк. — Першае, што трэба зрабіць у такім выпадку — ацаніць яе, хутка прыняць рашэнне, пазнаёміць з ім людзей. Інакш, як пераконвае практыка, зацягванне непазбежна прывядзе да негатыўных наступстваў…”
Потым губернатар Міншчыны Анатолій Ісачанка акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў калегіі на тым, што наяўнасць недахопаў у ідэалагічнай рабоце неабходна дакладна разумець, каб прымаць правільныя рашэнні і рухацца далей. Час патрабуе новых падыходаў у арганізацыі работы з насельніцтвам. Адсюль вынікае неабходнасць у абнаўленні і амаладжэнні кадраў. “Добры ідэолаг, — падкрэсліў Анатолій Міхайлавіч, — гэта штучны тавар, і нам трэба ўважліва ставіцца да выбару актыўных маладых кадраў, якія валодаюць у рабоце сучаснымі формамі і метадамі. Я не кажу, што трэба сыходзіць тым, хто працуе даўно. У іх ёсць вопыт. І наша задача — умець спалучыць перспектыву і практыку. Лепшае часам бывае ворагам добрага, аднак мы ні ў якім выпадку не павінны стаяць на месцы”. Што датычыць сродкаў масавай інфармацыі, то ім трэба заўсёды знаходзіцца на вастрыні падзей, больш актыўна ўзнімаць праблемы і расказваць пра іх вырашэнне. Адзін з прыярытэтных кірункаў работы ідэолагаў — фарміраванне здаровага ладу жыцця. Здаровыя людзі — гэта здаровая палітыка, здаровая нацыя. Вялізны патэнцыял хаваецца і ва ўзаемадзеянні з грамадскімі арганізацыямі, які сёння ў поўнай меры не задзейнічаны. Асобна губернатар звярнуўся да кіраўнікоў устаноў адукацыі: “Вы ў поўнай меры адказныя за інфармацыйна-выхаваўчую работу, якая праводзіцца сярод моладзі. Зараз бытуюць розныя падыходы: гэта, маўляў, клопат бацькоў, гэта — педагогаў. Не, мы ўсё павінны рабіць разам! Аднак галоўная нагрузка кладзецца на ўстанову адукацыі”. Сур’ёзныя, узважаныя падыходы патрабуюцца і пры падрыхтоўцы культурна-масавых мерапрыемстваў. Іх неабходна праводзіць душэўна, на высокім ідэалагічным узроўні, з ярка акрэсленай дзяржаўнай накіраванасцю, дэманструючы таксама дасягненні краіны. Калі ўжо штосьці робім, то павінны паказаць нашу самабытнасць, прыгажосць людзей, якія могуць выступіць, прадэманстраваць тое, што яны ўмеюць цудоўна рабіць. І ніколі не забываць наступнага: другараднага ў ідэалагічнай рабоце проста не бывае…
Значнай падзеяй на калегіі стала падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне інфармацыйнай палітыкі паміж абласным выканаўчым камітэтам і Белдзяржуніверсітэтам. Подпісы пад дакументам паставілі губернатар Анатолій Ісачанка і рэктар БДУ Андрэй Кароль. Завяршылася мерапрыемства прыемнай цырымоніяй уручэння ўзнагарод. Варта дадаць, што прадстаўнікі Мядзельшчыны вярталіся дадому ў добрым настроі. І перш за ўсё таму, што на калегіі ў іх адрас ні па адной з пазіцый крытычныя заўвагі не выказваліся.
Тым не менш, ніхто на дасягнутым спыняцца не збіраўся, дзяліўся планамі па ўкараненні прывабных напрацовак калег у сваю штодзённую работу.

Павел ЖУКАЎ.



11 сакавiка 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Афіцыйна

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        від на Мядзел Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай Рэчка Нарачанка

Пабрацімы Мядзела