Жыхары Мядзельшчыны дзеляцца думкамі пра “Вялікую размову з Прэзідэнтам”

БОЛЬШ як сем гадзін доўжыўся ў першы вясновы дзень у адміністрацыйным будынку на сталічным праспекце Пераможцаў дыялог Прэзідэнта нашай краіны з журналістамі, прадстаўнікамі грамадскай супольнасці, экспертамі. На “Вялікую размову з Прэзідэнтам” сабралася больш за 200 удзельнікаў. Размаўлялі пра незалежнасць і бяспеку, палітыку, бізнес, заробкі і пенсіі, жыллё, адукацыю, мову, спорт, музыку…
З цікавасцю сачылі за дыялогам, які трансляваўся па радыё, тэлебачанні і ў інтэрнэце, многія жыхары Мядзельшчыны. Сёння яны дзеляцца думкамі пра пачутае.

Сяргей БАГДАНАЎ, ІІ сакратар райкама Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі:
— Лічу, што такія сустрэчы неабходны. Добра, калі ў прадстаўнікоў грамадскасці і СМІ ёсць магчымасць задаць найбольш важныя і актуальныя пытанні непасрэдна Кіраўніку дзяржавы. Падчас сустрэчы падымалася нямала важных тэм: інфармацыйная бяспека, знешняя палітыка, культура, спорт, ідэалогія і іншыя. І, безумоўна, усе яны датычаць будучыні нашай краіны. А там, дзе гаворка пра будучыню, не могуць не згадваць пра моладзь. Яе асаблівая роля не раз падкрэслівалася і ў зададзеных пытаннях, і ў адказах Прэзідэнта. Прычым не толькі ў сувязі з палітыкай, а і ў многіх іншых аспектах існавання Беларусі і нашага народа. І гэта правільна. Лічу, што выхаванне новага пакалення патрабуе асаблівай увагі: трэба падымаць культурны і інтэлектуальны ўзровень моладзі, прапагандаваць здаровы лад жыцця, прывіваць любоў да вялікай і малой Радзімы.
Святлана СІНЯЎСКАЯ, старшыня Крывіцкага сельвыканкама:
— Падчас знакавай размовы былі ўзняты пытанні знешняй і ўнутранай палітыкі, сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, падрыхтоўка новай Канстытуцыі. Актуальнасць названых праблем відавочная. Усе разам мы павінны рабіць агульную справу — будаваць квітнеючую Беларусь. Задача кожнага — унесці асабісты ўклад, а не чакаць, што гэта за яго зробіць хтосьці іншы.
Як і раней, у полі зроку Прэзідэнта застаецца сям’я. Не сакрэт, што нараджаючы дваіх дзяцей, бацькі ўзнаўляюць толькі сябе. Каб захаваць нацыю, Кіраўнік дзяржавы звяртае пільную ўвагу на далейшую падтрымку шматдзетных сем’яў.
Напрыканцы размовы Аляксандр Лукашэнка зазначыў, што “ўсе вялікія справы робяцца мужчынамі дзеля жанчын”. Спадзяюся і шчыра веру, што так і будзе ва ўсіх сферах нашага жыцця, а жанчыны застануцца надзейным тылам. Напярэдадні свята хочацца далучыцца да шматлікіх віншаванняў у адрас прыгожай паловы чалавецтва і ад усёй душы пажадаць моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, яскравых усмешак!
Ганна БАЗАРЭВІЧ, загадчыца малочнатаварнай фермы “Лотва” ААТ “Мядзельскае аграпрамэнерга”:
— “Вялікая размова” дала адказ на пытанне, як далей будзе развівацца аграрны сектар. Спадабалася памяркоўная і паслядоўная пазіцыя Прэзідэнта па гэтым пытанні: усе змены ў сельскай гаспадарцы павінны адбывацца паступова.
Валянцін РАДЗЕВІЧ, настаўнік гісторыі Нарацкай СШ №2:
— Падчас “Вялікай размовы” Прэзідэнт агучыў вельмі важную праблему: нашаму народу не стае нацыянальнай ідэі, якая была б блізкай кожнаму беларусу. Мяркую, гэта пытанне варта вынесці на грамадскае абмеркаванне, бо толькі пры абмене думкамі вялікай колькасці неабыякавых людзей можа з’явіцца тое сапраўднае, што ляжа на сэрца і душу ўсім грамадзянам нашай краіны.
На мой погляд, традыцыйныя хрысціянскія каштоўнасці павінны стаць падмуркам нацыянальнай ідэі. Сям’я — зыходнай матрыцай грамадства. Стварэнне вобраза беларуса як самадастатковага гаспадара ў сваёй хаце, адказнага за сваю краіну ўласніка — вельмі важны сегмент нацыянальнай ідэі. Як і родная мова — тое, што найперш адрознівае нас ад іншых народаў.
Жанна ПЕРАДРЭЕВА, аператар па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы фермы “Брылі” Нацыянальнага парку “Нарачанскі”:
— Прэзідэнт падкрэсліў, што важна захоўваць традыцыі. Сапраўды, навошта адмаўляцца ад таго добрага, што ўжо маем? Напрыклад, выдатная традыцыя — святкаваць Дзень Перамогі. Каб памятаць, як дорага заплацілі за яе нашы дзяды і прадзеды…
Святлана ЧАРНЯЎСКАЯ, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў:
— Такі фармат сустрэчы карысны тым, што дае магчымасць кожнаму грамадзяніну Беларусі
атрымаць актуальную інфармацыю з першых вуснаў. Падчас “Вялікай размовы” былі абмеркаваны вельмі вострыя пытанні, якія сёння хвалююць людзей: пра дабрабыт насельніцтва, пра заробкі і пенсіі, пра перспектывы развіцця невялікіх населеных пунктаў, пра падтрымку сем’яў, якія гадуюць дзяцей.
Тэрэза ЯНУКОВІЧ, былы дырэктар Ілаўскага плодакансервавага завода:
— Стараюся сачыць за падзеямі ў грамадска-палітычным жыцці краіны, таму “Вялікую размову з Прэзідэнтам” не пакінула па-за ўвагай. Радуе, што галоўнымі задачамі для Кіраўніка дзяржавы былі і застаюцца пытанні бяспекі беларусаў і захавання міру. Гэта ён зноў падкрэсліў падчас “Вялікай размовы”. Аляксандр Рыгоравіч адзначыў: “Мы супраць любых праяўленняў агрэсіі — як ваеннай, так і інфармацыйнай”, — і з гэтым нельга не пагадзіцца.

Падрыхтавала Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



06 сакавiка 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

возера Мястра Царква ў Крывічах 223_ Рэчка Нарачанка

Пабрацімы Мядзела