Пад нумарам адзін

Чацвёрты год запар Нарацкую СШ №1 прызнаюць найлепшай у раёне сельскай школай

“ТАК, мы перамаглі па выніках 2015, 2016, 2017 і 2018 гадоў. Гэта плён агульных намаганняў усяго калектыву: і настаўнікаў, і тэхработнікаў, — кажа дырэктар школы Тэрэса КАЛЬЧЫНСКАЯ. — Вялікая заслуга маіх намеснікаў. Святлана Аляксееўна Валодзька — адна з самых вопытных і кампетэнтных завучаў у раёне. Шмат год вынікова працавала намеснікам па выхаваўчай рабоце Ганна Антонаўна Блажэвіч, у гэтым навучальным годзе яе змяніла Таццяна Сяргееўна Гаўрыленка. Выдатныя ўрокі беларускай мовы і літаратуры праводзяць настаўнікі Лілія Антонаўна Купрэвіч і Наталля Мікалаеўна Кулікоўская, рускай — Марыя Генрыхаўна Міронава, гісторыі — Алена Аркадзьеўна Палонік, інфарматыкі — Вячаслаў Генрыхавіч Жалубоўскі. Цудоўныя педагогі ў пачатковых класах. Не шкадуюць свайго часу настаўнікі фізічнай культуры і здароўя Аляксандр Станіслававіч Кумішча і Анжаліка Збігнеўна Гіль — спартыўная зала штодня працуе дапазна, адчынена ў суботу і нават у нядзелю. Добрых слоў заслугоўваюць і ўсе астатнія педагогі…”

Самая-самая!
Нарацкая СШ №1 — не толькі найлепшая на Мядзельшчыне сельская школа. А яшчэ і найбольшая: яе наведвае 206 дзяцей. Паралелей няма, але класы немалыя: у 9-м — 25 вучняў, у 10-м — 20, у 11-м — 22. У працоўным калектыве 50 чалавек, у тым ліку 29 педагогаў. Усе настаўнікі з адпаведнай адукацыяй, 89% — з вышэйшай. 82% педагогаў маюць вышэйшую або першую кваліфікацыйную катэгорыю.
Напрыканцы 2018-га школа атрымала новы камп’ютарны клас, сучасны лінгафонны кабінет і кабінет хіміі, за што шчыра ўдзячны начальніку ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццяне Ефімавай. Падтрымку ўпраўлення ўстанова адчувае заўсёды.
Папаўняецца матэрыяльна-тэхнічная база і за кошт пазабюджэтных сродкаў. Іх
атрымліваюць за аказанне на платнай аснове дадатковых адукацыйных паслуг, а таксама за здадзеныя металалом і макулатуру. З апошняй дапамагаюць вучні і іх бацькі. Плённае супрацоўніцтва з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, Валерыем і Вольгай Кавальчукамі.
У школьнікаў ёсць магчымасць атрымаць больш глыбокія веды па выбраных прадметах. Так, 12 (60%) вучняў 10 класа вывучаюць на павышаным узроўні беларускую мову, матэматыку і біялогію.
8 астатніх (40%) у межах вучэбнага прадмета “працоўнае навучанне” асвойваюць праграмы прафесійнай падрыхтоўкі на базе Нарацкай СШ №2. Яны робяць першыя крокі ў прафесію швачкі або аператара ЭВМ.
Дыпломы і сертыфікаты
Установа адукацыі дае трывалыя веды. Вось і на апошнім цэнтралізаваным тэсціраванні па беларускай мове выпускнікі паказалі сярэдні вынік 60,63 бала (у той час як па раёне гэты паказчык склаў 42,23 бала, па вобласці — 44,67). Ды і па гісторыі Беларусі, фізіцы, біялогіі, англійскай мове вынікі ЦТ таксама вышэйшыя за раённыя і абласныя.
Пяць дыпломаў рознай вартасці атрымалі школьнікі на раённым этапе рэспубліканскай алімпіяды па агульнаадукацыйных прадметах. А на вобласці свае веды дэманстравалі чатыры вучні: Дзіяна Куцкевіч і Яна Жалубоўская — па іспанскай мове, Соф’я Волкава — па геаграфіі, Паліна Кавальчук — па гісторыі. Дзіяна (рыхтавала яе настаўніца Іна Працко) атрымала там дыплом ІІ ступені і цяпер рыхтуецца выступаць за Міншчыну на заключным этапе алімпіяды.
Ёсць поспехі і ў даследчай дзейнасці. Праблемы культуры маўлення жыхароў аграгарадка Нарач ва ўмовах актыўнага двухмоўя вывучала Вольга Яцына пад кіраўніцтвам настаўніцы Марыі Міронавай. Работа была высока ацэнена ў раёне, дзяўчына прэзентавала яе на абласным этапе конкурсу работ даследчага характару. А работа “Захоўваючы чысціню планеты, пачні з сябе” Соф’і Волкавай і Вольгі Тарговіч, выкананая з дапамогай настаўніцы Алены Дач, адзначана дыпломам ІІІ ступені на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Энергія — асяроддзе пражывання”. Пад кіраўніцтвам педагогаў Алены Дач і Жанны Куцкевіч вучні назіраюць за станам ракі Сырмеж, вымяраюць утрыманне нітратаў у калодзежнай вадзе. Працуюць у адпаведнасці з праграмай кааліцыі “Чыстая Балтыка”. Школа падтрымлівае адносіны з установамі, што цікавяцца гэтай тэмай, размешчанымі як у нашай краіне, так і ў Калінінградскай вобласці Расіі. Наладжана супрацоўніцтва з Цэнтрам экалагічных рашэнняў (Мінск). Нядаўна атрымалі адтуль спонсарскую дапамогу (наборы тэстаў для выяўлення ў вадзе нітратаў, нітрытаў, фасфатаў, вызначальныя табліцы, плакат, брашуры “Калодзеж без нітратаў” і г. д.). Гэта дазволіць праводзіць даследаванні больш дасканала. Работа “Ацэнка антрапагеннага ўплыву на малы вадаток на прыкладзе ракі Сырмеж” Ганны Шчыт была прэзентавана на раённым этапе конкурсу работ даследчага характару.
Экскурсійна-турыстычны рэсурс
…Не кожнаму нават даросламу чалавеку даводзілася наведваць пасольства якой-небудзь краіны. А вось дэлегацыя вучняў Нарацкай СШ №1 пабывала ў пасольстве Турцыі. Ажыццявілася гэта дзякуючы выпускніцы школы — аглядальніку БелТА па
асвятленні дзейнасці Прэзідэнта нашай краіны, намесніку старшыні таварыства “Беларусь — Кітай”, члену праўлення Беларускага саюза жанчын Аліне Грышкевіч.
…У школьным калідоры вісіць карта наваколля самага вялікага возера краіны з дароўным надпісам: “Нарацкай СШ №1 ад калектыву РУП «Белгеадэзія»”. “Карта існуе толькі ў адным экзэмпляры, — зазначае настаўнік інфарматыкі, а таксама арганізатар катэгарыйных паходаў Вячаслаў Жалубоўскі. — З’явілася яна ў нас дзякуючы педагогу Алегу Генрыхавічу Навіцкаму”. А на фізічнай карце Беларусі пазначаны маршруты найбольш значных вандровак. Не ўсіх, вядома: школьнікі падарожнічаюць і за межы краіны. Былі ў Санкт-Пецярбургу, Смаленску, Пскове. А ў планах на бліжэйшае лета — трапіць на экскурсію ў Львоў. Сумесна з Нацпаркам “Нарачанскі” распрацоўваецца маршрут велапаходу па больш блізкіх мясцінах. “За восем дзён збіраемся наведаць Блакітныя азёры, невялічкія вёсачкі і хутаркі на Пастаўшчыне… Хочам паказаць дзецям, як людзі жылі гадоў 70-80 таму, — кажа Вячаслаў Генрыхавіч. — Традыцыйны ўклад вясковага жыцця адыходзіць у нябыт, а ў тых мясцінах яшчэ многае захавалася. Мяркую, у Год малой радзімы гэта падарожжа будзе вельмі актуальным”. Велатурысты вандравалі па шэрагу маршрутаў у межах Мядзельшчыны, а таксама па Браслаўскім, Мёрскім, Пастаўскім, Докшыцкім, Смаргонскім раёнах. Асаблівым жа гонарам з’яўляецца здзейсненае за восем дзён падарожжа па маршруце працягласцю 1000 кіламетраў: аграгарадок Нарач—Мінск—Івацэвічы—Слонім—Навагрудак—Мір—Нясвіж—Стоўбцы—Дзяржынск—Заслаўе—аграгарадок Нарач. Праўда, пад’язджалі электрычкамі, але і на веласіпедах кіламетраў 600 пераадолелі.
Не дзіва, што менавіта на базе Нарацкай СШ №1 створаны раённы рэсурсны цэнтр па турызме.
…У многіх экскурсіях па Беларусі школьнікі пабывалі дзякуючы спонсарскай дапамозе кіраўніка фармацэўтычнага канцэрна Канда Набуфумі. Жыхар Японіі часта наведваў Беларусь, палюбіў Нарачанскі край. Штогод для вучняў 5-га і 8-га класаў арганізоўваліся аднадзённыя экскурсіі па Беларусі, для дзесяцікласнікаў — двухдзённыя. Вельмі ўважліва спонсар ставіўся да выбару маршрутаў. Падарожнічаць маглі ўсе ахвотныя — паездкі былі бясплатныя. Уражанні ад экскурсій школьнікі перадавалі ў малюнках і сачыненнях, якія дасылалі ў Японію Канда Набуфумі. А за матэрыяльныя сродкі, што заставаліся ад экскурсій, папаўнялася матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы адукацыі: з’явіліся сучасныя стэнды, відэакамера і (якая яшчэ школа можа пахваліцца яго наяўнасцю?) тэлескоп.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



06 сакавiка 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Адукацыя

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

возера Глубелька _06-040 возера Мястра wjx6x-f4hhi

Пабрацімы Мядзела