У ролі выратавальнікаў

ДНЯМІ на базе пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №4 к. п. Нарач праведзены інструкцыйныя заняткі з адпрацоўкай навыкаў апранання баявога адзення выратавальнікаў, работы са стваламі, праходжання паласы псіхалагічнай падрыхтоўкі, узыходжання па аўталесвіцы на вучэбную вежу вышынёй з чатырохпавярховы дом і інш. Удзельнікамі заняткаў сталі начальнікі аддзелаў і службаў райвыканкама, кіраўнікі некаторых арганізацый і аб’яднанняў.
Спачатку начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях падпалкоўнік унутранай службы Андрэй Каркоцкі правёў экскурсію па часці, пазнаёміў з умовамі працы і быту выратавальнікаў. А яны тут, папраўдзе кажучы, някепскія: ёсць як службовыя кабінеты, так і пакоі адпачынку, прыгатавання і прыёму ежы, трэнажорная зала для заняткаў спортам і інш.
Потым пачаліся непасрэдна заняткі. У першую чаргу належала апрануць баёўку. Калі ў мужчын гэта больш-менш атрымлівалася, то жанчыны без пабочнай дапамогі не абыходзіліся. Яно і прадказальна, гэта адзенне мае прыстойную вагу. А тут яшчэ незразумелыя зашпількі, цяжкі рэмень з карабінам, шлем, крагі… Аднак з дапамогай выратавальнікаў усе складанасці пераадолены, і не пазнаць людзей, якія яшчэ некалькі хвілін таму былі звычайнымі цывільнымі асобамі.
Разбіўшыся на дзве групы, удзельнікі заняткаў прыступілі да выканання задання. Адны па аўталесвіцы, якая мае даўжыню 32 метры, уздымаліся на чацвёрты паверх вучэбнай вежы. Здаецца, нічога звышнатуральнага, але калі ўлічыць шырыню лесвіцы і непадрыхтаванасць удзельнікаў, то і не проста. Безумоўна, на кожным практыкаванні навічкоў суправаджалі і страхавалі прафесійныя выратавальнікі.
Дарэчы, гэта лесвіца прызначана для выратавання людзей з высокіх будынкаў. На Мядзельшчыне такі будынак — у санаторыі «Нарачанка», дзе ёсць дзевяціпавярховы корпус.
— Якія ўражанні? — пытаюся ў першага сакратара райкама БРСМ Марыны Апанасёнак (яна ў ліку першых пакарыла вышыню).
— Клас. Крута, — чую ў адказ.
Другая група спрабуе струменем вады са ствала збіць мячык, які ўстаноўлены на пэўнай адлегласці. У адных гэта адразу атрымліваецца, у іншых — не. Мужчынам прапанавалі папрацаваць са ствалом высокага ціску. Аднаму яго практычна не ўтрымаць. Ды і ўдвух таксама складана.
Наступнае выпрабаванне — дымакамера. Прафесіяналам даводзіцца ратаваць людзей з памяшканняў, якія запоўнены дымам. Прычым ён часта бывае такі густы, што на адлегласці выцягнутай рукі нічога не бачна. Таму трэніроўкі праходзяць у дымакамеры. Наведаць яе, пабыць там некалькі хвілін прапанавалі і ўдзельнікам заняткаў. Але перш, чым зайсці ў памяшканне, запоўненае дымам, неабходна надзець дыхальны апарат, які працуе на сціснутым паветры. Спецыялісты падрабязна расказалі, як ім карыстацца. Дарэчы, важыць апарат больш за 10 кілаграмаў. І гэтыя кілаграмы ў дадатак да вагі баёўкі адчуваюцца адразу. Каб прыстасаванне села, як трэба, варта паскакаць і з усёй сілы пацягнуць шлейкі ўніз — так робяць усе байцы. Праўда, гэта выглядае смешна.
— На колькі хапае балона? — цікавіцца хтосьці.
— Аднаго балона хапае на 30 хвілін работы. Пры пачашчаным дыханні, якое з’яўляецца па прычыне цяжкіх фізічных нагрузак, гэты час памяншаецца, — спакойна адказвае выратавальнік. — Не хвалюйцеся, вы ў дымакамеры будзеце знаходзіцца значна менш часу, хвіліны дзве…
Наступнае заданне — пераадоленне вогненнай паласы псіхалагічнай падрыхтоўкі. Спачатку, як гэта рабіць, прадэманстравалі выратавальнікі. Зразумела, яны ўсе перашкоды пераадольвалі прафесійна: спрытна і хутка. Пераскочыўшы праз «сценку», патрэбна было, трымаючыся за парэнчы, прайсці па мастку з бярвення, падвешанага на ланцугах, па бервяне, якое таксама гойдалася і пастаянна імкнулася скінуць з сябе. Побач палыхае агонь, дым лезе ў вочы. Наперадзе — жалезабетонная труба. Каб яе пераадолець, варта прыгнуцца. Тут і прама стаяць цяжкавата, адчуваецца цяжар баёўкі, а яшчэ прыгнуцца… Потым розныя металічныя канструкцыі і, нарэшце, апошні элемент — змейка.
— Сёння вы на сабе адчулі, як праходзіць падрыхтоўка выратавальнікаў. Дзякуй усім, — падвёў вынікі заняткаў Андрэй Каркоцкі.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота аўтара.



28 лютага 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Моладзь

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Шэметава   223_ на Блакітных азёрах        wjx6x-f4hhi

Пабрацімы Мядзела