Падводзіць аграпрамысловы комплекс

МІНУЛЫ год для народнай гаспадаркі Мядзельшчыны выдаўся не зусім удалы. З васьмі паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця змаглі справіцца толькі з трыма. Наш азёрны край прагрэсіруе па экспарце тавараў і паслуг, перавыканана і заданне па колькасці працаўладкаваных на нанава створаныя рабочыя месцы. Адначасна недапрацавалі па рознічным тавараабароце, прыцягненні замежных інвестыцый на чыстай аснове, валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. Наконт гэтага вялася прадметная размова на чарговым пасяджэнні райвыканкама ў мінулую пятніцу пры абмеркаванні вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 2018 год. Найбольш негатыўных наступстваў даюць хібы ў аграпрамысловым комплексе. Ніхто не аспрэчвае, што леташні недабор ураджаю збожжавых у многім апраўдваецца неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я. Аднак нічым іншым, як безгаспадарчасцю і неразваротлівасцю кадраў, нельга патлумачыць зніжэнне аб’ёмаў рэалізацыі малака класам “экстра”, што прывяло да дадатковых фінансавых цяжкасцей у рабоце вяскоўцаў. Менавіта гаспадаркі, як падкрэсліў пры адкрыцці пасяджэння старшыня райвыканкама Анатолій Вайнілка, цягнуць раён уніз па намінальна налічанай сярэднямесячнай зарплаце. Словы ўдзячнасці Анатолій Мар’янавіч выказаў у адрас кіраўніцтва НДЦ “Зубраня”, санаторыя “Прыазёрны”, “Мінскай фармацыі”, дзе яна перавышае 1000 рублёў…
З дакладам выступіла намеснік старшыні райвыканкама Наталля Апановіч. Яна адзначыла, што прамысловай прадукцыі летась выраблена на суму 19,2 мільёна рублёў. Калі параўнаць у супастаўных цэнах з папярэднім годам, то атрымаецца толькі 90,9 працэнта. Зніжаны аб’ёмы вытворчасці він на ўнітарным прадпрыемстве “Ілаўскае”, а ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы — выпрацоўка цеплавой энергіі. Дарэчы, для першага з іх эканамічным судом у канцы мінулага года ўстаноўлена конкурсная вытворчасць і зацверджаны антыкрызісны кіраўнік. Таксама даручана да 7 красавіка гэтага года распрацаваць план санацыі, які будзе разгледжаны на пасяджэнні суда з вынясеннем рашэння: яго павінны прыняць альбо адхіліць — у апошнім выпадку прадпрыемства чакае ліквідацыя.
У сельскай гаспадарцы недабор валавой прадукцыі склаў 3,6 мільёна рублёў. Заданне па яе вытворчасці перавыканалі свінагадоўчы комплекс “Брусы”, таварыства “Нарачанская Ніва 2004” і філіял Мінскага маторнага завода “Дзягілі”. Прыкра, што адзінаццаць арганізацый нават не дасягнулі ўзроўню папярэдняга года. Найбольшае адставанне дапусцілі таварыствы “Свір-агра”, “Зані”, “Будслаўскае” і “Пруднікі-Агра”. Збожжавых і зернебабовых культур атрымана 23225 тон у свірнавай вазе, альбо 69,9 працэнта да адпаведнага паказчыка 2017 года. Страты ад ажыццяўлення гаспадарчай дзейнасці атрымалі дзве арганізацыі: свінакомплекс “Брусы” (775 тысяч) і прадпрыемства меліярацыйных сістэм (726 тысяч рублёў). Вялізную пратэрмінаваную крэдыторскую запазычанасць маюць таварыствы “Пруднікі-Агра”, “Слабадская зара”, “Свір-агра”, “Будслаўскае”, “Мядзелаграсэрвіс” і ўнітарнае прадпрыемства “Ілаўскае” — ад 2,415 да 4,378 мільёна рублёў.
Па выніках мінулага года памер намінальна налічанай заработнай платы склаў па раёне 719,8 рубля. І хаця ў параўнанне з папярэднім годам забяспечана значная прыбаўка, гэта складае толькі 89,8 працэнта да задання. З прагнозным паказчыкам па росце зарплаты не справіліся многія арганізацыі. У іх ліку — санаторый “Нарачанскі бераг”, унітарнае прадпрыемства “Ілаўскае”, Крывіцкае рознічна-гандлёвае прадпрыемства, “ДРБУ № 133”, жыллёва-камунальная гаспадарка… Самыя нізкія заробкі маюць працаўнікі таварыстваў “Пруднікі-Агра” — 327,8 рубля, “Мядзелаграсэрвіс” — 337,8 і “Слабадская зара” —338,3 рубля…
Потым Наталлю Расціславаўну дапоўніла намеснік старшыні райвыканкама Жанна Апановіч, якая спынілася на дзейнасці будаўнічага комплексу. Летась у Мядзеле ў працэсе падрыхтоўкі да абласных “Дажынак” выкананы вялікі аб’ём работ, але пераважная большасць іх — гэта бягучы і капітальны рамонты, а па справаздачнасці яны не ідуць у залік. Не ажыццяўляліся ў раёне і інвестыцыйныя праекты. Таму гадавое заданне па будаўніча-мантажных работах выканана на 77 працэнтаў. Сёлета яно складае 33 мільёны 754 тысячы рублёў. Ажыццявіць намечанае плануецца за кошт уводу ў эксплуатацыю індывідуальнага і шматкватэрнага жылля, інжынерна-транспартнай інфраструктуры, рэканструкцыі сетак электразабеспячэння і меліярацыйных, запраўкі ў курортным пасёлку, будаўніцтва блочнай кацельні ў вёсцы Варанцы, новых аб’ектаў у курортна-санаторных установах і прывядзення ў парадак наяўных.
Прыярытэтным накірункам у галіне застаецца будаўніцтва жылля. Вядзецца яно актыўна, у многім дзякуючы вялікай дзяржаўнай падтрымцы малазабяспечаных грамадзян. Вось і летась пры заданні 9600 квадратных метраў у эксплуатацыю ўведзена 9661, свае жыллёвыя ўмовы палепшылі 52 шматдзетныя сям’і пры заданні 25. Кошт квадратнага метра з дзяржаўнай падтрымкай склаў 1086 рублёў. Больш напружаныя планы намечаны на 2019 год — увесці ў строй не менш за 12000 квадратных метраў жылля. Што датычыць газіфікацыі жыллёвага фонду грамадзян, то сёлета будуць весціся работы ў спажывецкім кааператыве “Антанізберг” і распрацоўвацца праектная дакументацыя па кааператыве “Сіманы”, аграгарадках Сваткі і Княгінін, вёсцы Восава і гарадскім пасёлку Крывічы. Закранула Жанна Сцяпанаўна і пытанне збору другасных матэрыяльных рэсурсаў, які патрабуе значнай актывізацыі. Паспрыяць гэтаму павінны як безумоўнае выкананне даведзеных заданняў па здачы адходаў паперы, кардону, шкла і іншага, так і растлумачальная работа ў працоўных калектывах наконт беражлівых адносін да прыроды.
Больш падрабязна пра вытворчыя справы ў аграпрамысловым комплексе расказала намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Наталія Сініца. Адзначалася, што на выкананне прагнознага паказчыка па тэмпе росту валавой прадукцыі адмоўна паўплывала зніжэнне ўзроўню вытворчасці малака, збожжа, рапсу і бульбы, вырошчвання буйной рагатай жывёлы. Нямала каму не выпадае хваліцца і такім важным паказчыкам, як узровень вытворчасці валавой прадукцыі на аднаго работніка. Калі ў таварыствах “Сваткі”, “Занарачанскі” ён складае 42,3 — 42,5 тысячы рублёў, то ў “Слабадской зары” — толькі 17 тысяч. А на сенажацях не лепшым чынам папрацавалі ў таварыствах “Пруднікі-Агра”, “Мядзельскае аграпрамэнерга”.
Сярэдні надой малака ад каровы па раёне склаў 3915 кілаграмаў. Самы высокі ён у Нацпарку “Нарачанскі” — 7156 кілаграмаў, самы нізкі ў таварыстве “Слабадская зара” — 2599. Значна меншая, чым у папярэднім годзе, і яго рэалізацыя дзяржаве, а таксама сортам “экстра” і вышэйшым, на 2,7 працэнта знізілася таварнасць. Практыка сведчыць: там, дзе ў жывёлагадоўлі працуюць па-гаспадарску, ёсць і аддача. У прыватнасці, 487,4 тысячы рублёў прыбытку маюць ад вытворчасці малака ў таварыстве “Сваткі”, 274,9 — у “Мядзельскім аграпрамэнерга”, 192,3 тысячы — у сельскагаспадарчым філіяле “Дзягілі”. І зусім іншая арыфметыка атрымліваецца ад яго рэалізацыі ў таварыстве “Свір-агра” пры мінусавой рэнтабельнасці 20,8 працэнта. З прычыны перавышэння нарматыву расходу кармоў і зніжэння якасных паказчыкаў рэалізаванага малака там выкінулі на вецер 273,1 тысячы рублёў. Надараецца і такая вось нікуды не вартая “эканоміка”. Далёка не ўсюды яшчэ клапоцяцца належным чынам і пра эфектыўнае выкарыстанне паліўна-энергетычных рэсурсаў.
На пасяджэнні былі заслуханы справаздачы дырэктараў свінакомплексу “Брусы” Аляксандра Кокаша, таварыства “Мядзелаграсэрвіс” Уладзіміра Бабкевіча. У прынятым па разгледжаным пытанні рашэнні адзначана эфектыўная работа па вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі кіраўнікоў філіяла “Дзягілі” Аляксандра Варашкевіча і таварыства “Нарачанская Ніва 2004” Аляксандра Габрукевіча; па экспарце паслуг — санаторыяў “Спадарожнік” Уладзіміра Сяржанта, “Нарачанка” Сяргея Куруленкі, “Нарач” Яўгена Шапэчкі; па экспарце тавараў — сялянскай гаспадаркі “Антэй-Сад” Віктара Чабатара і таварыства “Віка-аўта” Казіміра Куцкевіча; па колькасці працаўладкаваных на нанава створаныя рабочыя месцы — таварыства “СК Нарс” Дзмітрыя Стральца і санаторыя “Спадарожнік” Уладзіміра Сяржанта. У той жа час прызнана недастатковай работа па вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі кіраўнікоў таварыстваў “Свір-агра”, “Зані”, “Будслаўскае”, “Пруднікі-Агра”, “Мядзелаграсэрвіс”, “Занарачанскі”, “Слабадская зара”, “Мядзельскае аграпрамэнерга”, “Сваткі”, філіяла “Вузлянка” і сельскагаспадарчай вытворчасці Нацпарку “Нарачанскі”; па аб’ёме рознічнага тавараабароту — старшыні праўлення райПО Аксаны Грузд; па фінансавым стане прадпрыемстваў — дырэктара свінакомплексу “Брусы” Аляксандра Кокаша і выконваючага абавязкі дырэктара ПМС Сяргея Бабкевіча. Намечаны таксама шэраг канкрэтных мер па паляпшэнні сацыяльна-эканамічнага развіцця Мядзельшчыны ў бягучым годзе, выхадзе на даведзеныя заданні па забеспячэнні жылымі памяшканнямі шматдзетных сем’яў, росце заработнай платы, бясстратнай рабоце арганізацый, своечасовых разліках за спажытыя прыродны газ, электрычную і цеплавую энергіі.
У рабоце пасяджэння прынялі ўдзел намеснікі начальнікаў упраўлення Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі Беларусі Павел Чычко і галоўнага ўпраўлення спорту і турызму абласнога выканаўчага камітэта Вячаслаў Шыпароў.

Павел ЖУКАЎ



27 лютага 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Адукацыя

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_dsc1133-3 Царква ў Слабадзе на Блакітных азёрах        Касцёл у Шэметава

Пабрацімы Мядзела