Есці пададзена!

У будныя дні не заўсёды ёсць магчымасць вырвацца на абед дадому. Хтосьці жыве далекавата ад працоўнага месца, хтосьці проста не хоча марнаваць час на дарогу. Ды і кантэйнер з
“лустай” браць атрымліваецца не заўсёды. Але есці ўсё роўна хочацца. І добра б — не макарону хуткага прыгатавання, якая яшчэ невядома як адаб’ецца на нашым здароўі, а якасную і смачную ежу.
І тады на дапамогу прыходзіць грамадскае харчаванне. Сталовая, рэстаран, піцэрыя, ды нават кавярня ў краме, дзе, акрамя гарачых напояў і прысмакаў, можна ўзяць і больш істотны перакус. І гэта яшчэ не ўвесь пералік.
Пра тое, як працуюць пункты грамадскага харчавання ў нашым раёне, калі ў іх больш за ўсё наведвальнікаў і хто складае меню, гутарым з Юліяй Броўкай, начальнікам аддзела грамадскага харчавання райспажыўтаварыства, і поварамі рэстарана “Мястра” Марынай
Зэйдзінай і Людмілай Сёмкай.
— Я займаюся кантролем за дзейнасцю аб’ектаў грамадскага харчавання, — распавядае Юлія Леанідаўна. — У мае абавязкі ўваходзіць забеспячэнне іх таварам, арганізацыя банкетаў і святочных, тэматычных вечароў. Напрыклад, да Дня абаронцаў Айчыны, Дня жанчын, з нагоды сустрэчы выпускнікоў і гэтак далей.
Варта адзначыць, што праца не з простых. Бо ажыццяўляць кантроль даводзіцца не толькі ў Мядзеле, але і па ўсім раёне. А гэта значыць — трэба рэгулярна выязджаць на аддаленыя аб’екты.
— Ці моцна адрозніваецца праца ў залежнасці ад пункта грамадскага харчавання?
— Кожны аб’ект, вядома ж, патрабуе індывідуальнага падыходу. У нас у раёне грамадскае харчаванне прадстаўлена даволі разнастайна. Гэта тры піцэрыі “Хіт”, сетка кафэ “Беларуская хата”, рэстаран “Мястра”, два кандытарскія цэхі, мясны і рыбны, прадукцыя якіх рэалізуецца ў раёне, сталовая, таксама працуюць кафэ ў Княгініне, Будславе. Трэба ўлічваць спецыфіку кожнага аб’екта і ў складанні меню, і ў выбары прадуктаў.
— На што арыентуецеся перад тым, як закупіць тавар? Ёсць пэўныя патрабаванні?
— Маецца зборнік тэхналагічных карт, якога абавязаны прытрымлівацца. Такія карты складаюцца тэхнолагам на кожную новую страву, якую плануем ўводзіць у меню. Менавіта на гэтыя патрабаванні арыентуемся, калі заказваем прадукты для прыгатавання стравы. Важна, каб усё адпавядала норме.
— А ў наведвальнікаў ёсць магчымасць унесці папраўкі ў стравы, як кажуць, на ўласны смак?
— Меню ў рэстаране “Мястра”, напрыклад, прадстаўлена банкетным і звычайным, рабочым варыянтам, — адказвае Марына Зэйдзіна. — Гэта агульнапрынятая практыка. А калі складаецца банкетнае меню, заказчык прымае ў гэтым непасрэдны ўдзел, выбіраючы тыя стравы, якія хоча бачыць на сваім свяце. Меню складаецца індывідуальна. Пры гэтым улічваем усе асаблівасці. Нядаўна, напрыклад, гатавалі асобна некалькі порцый для вегетарыянцаў.
— Як працуюць повары, у іх вялікая нагрузка?
— Працуем пазменна, тыдзень праз тыдзень. У рэстаране дзве змены повараў па два чалавекі, другі прыходзіць на дапамогу, калі шмат працы, якое-небудзь мерапрыемства, напрыклад, — падключаецца Людміла Сёмка. — Але ў цэлым да нагрузкі мы прывыклі. Нават вялікія банкеты абслугоўваем без асаблівых праблем. Колькі порцый ні спатрэбілася б, усё выконваецца ў тэрмін і з аднолькавай якасцю. Наведвальнікі гэта адзначаюць, кажуць, што смачна, па-хатняму.
— Банкеты прадугледжваюць толькі ежу, або рэстаран забяспечвае і забаўляльную праграму?
— Вядома, мы клапоцімся і аб правядзенні вечара, запрашаем музычны калектыў, — распавядае Юлія Броўка. — Напрыклад, калі гаворка пра банкеты на навагоднія святы.
— Наколькі карыстаецца попытам правядзенне свят ва ўстановах грамадскага харчавання раёна?
— У нас часта бываюць распісаны ўсе выхадныя. “Мястра”, напрыклад, стаў яшчэ больш папулярны пасля рамонту. Тут амаль кожны тыдзень адзначаюць юбілеі, вяселлі, дні нараджэння, праводзяць сустрэчы, але пры гэтым і ў будныя дні прыходзяць наведвальнікі павячэраць. Калі не браць у разлік тэматычныя вечары, то самая вялікая нагрузка, вядома, летам. Калі ў раён людзі прыязджаюць на адпачынак. Асабліва часта ў летнія месяцы адзначаюць вяселлі, праводзяць карпаратыўныя мерапрыемствы. Але гэта не значыць, што ўвесь астатні год мы адпачываем — не, паток наведвальнікаў ёсць заўсёды.
Жыхары Мядзела не маглі не заўважыць абнаўленне піцэрыі “Хіт”, якая з нядаўняга часу стала яшчэ і пельменнай.
— У піцэрыі зроблены якасны сучасны рамонт, — расказала Юлія Броўка. — Пельмені лепім самі, рэцэпты і спосабы падачы самыя розныя. У жыхароў горада карыстаецца вялікім попытам. Установа стала месцам для сустрэч, можна і з сябрамі вечар за кавай правесці, і ў рабочы дзень зайсці паабедаць. Увогуле — правесці час на любы густ.

Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота Аляксандра Высоцкага і аўтара



27 лютага 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Гандаль, Грамадства

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

возера Глубелька на Блакітных азёрах        1-12 Касцёл у Засвіры

Пабрацімы Мядзела