Кадравы ваенны

Практычна з самага дзяцінства Яўген Яскавец марыў пра прафесію ваеннага. Ды інакш і быць не магло, калі і бацька, і дзядуля па матулінай лініі былі кадравымі афіцэрамі. Праўда, тата служыў ва Украіне, а іх сям’я жыла ў Мінску. Затое дзядуля, Юрый Канстанцінавіч Бялоў, быў у Беларусі. На яго, лётчыка, воіна-інтэрнацыяналіста, паглядаў унук з вялікай павагай. Менавіта на дзядулю стараўся раўняцца, быць падобным.
У Мядзеле Жэня апынуўся разам з малодшымі братам і сястрой у 1997 годзе. Маму, Наталлю Юр’еўну, накіравалі сюды галоўным санітарным урачом раёна. Паступова і стаў для іх сям’і наш ціхі і спакойны гарадок родным.
У 2002 годзе Яўген закончыў Мядзельскую сярэднюю школу №2 і паступіў у Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь на факультэт супрацьпаветранай абароны. Хутка праляцелі пяць гадоў навучання, і малады лейтэнант атрымаў размеркаванне ў Гродна. Службу праходзіў у зенітна-ракетнай брыгадзе на комплексе “АСА”.
Калі праз некаторы час прыехаў у Мядзел у чарговы адпачынак, сустрэўся з Алегам Радкевічам, ваенным камісарам раёна. Зайшла гаворка пра рэарганізацыю Узброеных Сіл, якая праводзілася. Тады і атрымаў ад Алега Леанідавіча прапанову перавесціся ў райваенкамат. Брыгада, дзе служыў Яўген Анатольевіч, павінна была расфарміроўвацца, а таму чакаліся вялікія перамены. Узважыўшы ўсе “за” і “супраць”, параіўшыся з жонкай, афіцэр пагаджаецца вярнуцца на Мядзельшчыну, якую палюбіў яшчэ ў дзяцінстве і лічыў лепшым куточкам на зямлі. Важным аргументам пры прыняцці станоўчага рашэння быў і той факт, што тут жыла матуля.
У маі 2011 года Яўген Яскавец прыбыў для далейшага праходжання службы ў ваенны камісарыят раёна. З таго часу і дагэтуль з’яўляецца начальнікам групы тэрытарыяльнай абароны. У яго абавязкі ўваходзіць падрыхтоўка ваеннаабавязаных, прызначаных у тэрытарыяльныя войскі раёна, гэта значыць, непасрэдна тых афіцэраў, сяржантаў і салдат, якія ў выпадку неабходнасці са зброяй у руках будуць абараняць ад ворагаў сінявокі Нарачанскі край.
— Калектыў ваеннага камісарыята раёна невялікі, дружны і мэтанакіраваны, — расказвае Яўген Яскавец. — І афіцэры, а нас толькі чацвёра, і грамадзянскі персанал добрасумленна выконваюць пастаўленыя задачы і тым самым уносяць важкі ўклад ва ўмацаванне абараназдольнасці краіны. Вопыт старэйшых калег у спалучэнні са стараннасцю маладых супрацоўнікаў і даюць свой плён. Асабіста я з радасцю іду штодзень на службу. Падабаецца справа, якой займаюся. Імпануе і тое, што да нас, афіцэраў, з павагай, добразычліва ставіцца насельніцтва.
— Скажыце, Яўген Анатольевіч, калі б выпаў шанц памяняць прафесію, якую б цяпер выбралі?
— Я б зноў прайшоў гэты шлях, іншага мне не трэба. Дарэчы, планую сёлета паступаць на факультэт генеральнага штаба Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.
— Што, на ваш погляд, чалавеку дае ваенная служба? — цікаўлюся ў свайго суразмоўцы.
— Увогуле армія — добрая школа жыцця, — апавядае маёр Яскавец. — Яна вучыць чалавека дысцыплінаванасці і адказнасці, развівае мэтанакіраванасць, дапамагае паверыць у сябе і свае сілы. А гэтыя якасці запатрабаваны і ў цывільным жыцці. Таму кадравых ваенных, звольненых за выслугу год у запас, як мне здаецца, рады бачыць ва ўсіх арганізацыях, бо па іх адносінах да працы пытанняў ніколі не бывае.
Хочацца сказаць, што Яўген Анатольевіч — любячы і клапатлівы сын, муж і тата. Сваю другую палавінку знайшоў падчас вучобы ў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Сям’ю стварылі ў 2008 годзе. Аксана Рыгораўна працуе кіраўніком спраў Мядзельскага сельвыканкама. Яна — галоўная памочніца мужа, яго надзейны тыл. Радуе бацькоў і пяцігадовы Багдан. Сын з павагай і гонарам паглядае на тату ў ваеннай форме, у многім стараецца быць на яго падобным. Магчыма, калі вырасце, таксама стане прадаўжальнікам дынастыі афіцэраў. Загадваць пра гэта, вядома, рана. У адным упэўнена: час усё расставіць на свае месцы.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага



26 лютага 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Прафесійныя святы

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

від на Мядзел Касцёл у Мядзеле  Касцёл у Шэметава       Паруснікі

Пабрацімы Мядзела