Хімія прафесіі

ФАРМАЦЭЎТЫЧНАЯ прафесія — адна з самых старажытных. З даўніх часоў нашы продкі змешвалі парашкі, вадкасці, травы і лячылі такім чынам хваробы. Сёння людзі, якія выбралі прафесію правізара ці фармацэўта, таксама надзвычай запатрабаваныя. Павелічэнне працягласці жыцця, стан дабрабыту прыводзяць да таго, што пэўная частка расходаў па захаванні і ўмацаванні здароўя кладзецца на лекавыя сродкі, якія вынаходзяць, даследуюць і прадаюць прадстаўнікі гэтай сферы. Сучасная аптэка мае прывабнае абсталяванне, камп’ютарызаваныя працоўныя месцы і даверлівую, напоўненую спакоем і ўпэўненасцю ў надзейнай падтрымцы атмасферу. Апошняе — заслуга выключна аптэкарскага работніка, з адным з якіх выпала пазнаёміцца. Гэта Ганна Мялешка, правізар-рэцэптар цэнтральнай раённай аптэкі № 131 РУП “Мінская Фармацыя”.

Ганна — малады спецыяліст. Працоўную дзейнасць распачала мінулым летам. Але, нягледзячы на кароткі тэрмін, паспела выдатна сябе зарэкамендаваць. У прыватнасці, загадчык аптэкі Алена Захарэвіч задаволена папаўненнем і спадзяецца, што наперадзе ў дзяўчыны — цікавы прафесійны шлях. Дарэчы, стаць на яго дапамагла ў свой час і Алена Канстанцінаўна, аформіўшы выпускніцы Мядзельскай СШ №2 дагавор на мэтавую падрыхтоўку. Паміж Беларускім дзяржаўным медуніверсітэтам і Віцебскім дзяржаўным ордэна Дружбы народаў медуніверсітэтам Ганна выбрала апошні: там вучылася старэйшая сястра. Ды і ўвогуле фармакалогію выбрала, гледзячы на яе. А вось рыхтавацца да паступлення давялося, разлічваючы толькі на свае сілы.
— У вышэйшыя навучальныя медустановы традыцыйна высокія прахадныя балы. Падзяліся сваім сакрэтам, як стаць студэнтам медыцынскай вну?
— З прафесіяй вызначылася ў пачатку выпускнога класа, — расказвае Ганна. — Пачала ўзмоцнена рыхтавацца да тэсціравання. На цяперашні розум, рабіць гэта трэба было ўжо ў дзясятым класе, бо працэс падрыхтоўкі ўсё ж складаны і напружаны. Я — не медалістка, а вось медуніверсітэт закончыла з чырвоным дыпломам.
— Вучыцца было складана ці ўсё ж больш цікава?
— Вельмі складана. Самым цікавым прадметам для мяне стала арганічная хімія — дысцыпліна дастаткова патрабавальная. Яшчэ падабалася фармакалогія. У выніку за гады вучобы адчуванне, што медыцына — гэта маё, стала толькі мацнейшым.
— Фармацэўтычны факультэт больш жаночы?
— Так, у групах налічвалася толькі па адным-два хлопцы. Але, як паказвае жыццё, мужчыны ў гэтай сферы дабіваюцца значных вяршынь.
— Якія плюсы і мінусы вымалёўваюцца на першым працоўным месцы?
— Я рада, што вярнулася дадому. Практыку тут праходзіла, таму смак прафесіі ўжо раней адчула, лягчэй было адаптавацца. Падабаецца гатаваць лекі — нават больш, чым прадаваць. Цудоўна, што ў аптэцы ёсць камп’ютар: не трэба мітусіцца, бегаць, глядзець, што ў цябе на паліцах. Адразу ўсё бачна на маніторы, а гэта эканоміць час. Больш за тое, аптэкі падключаны да аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы “Электронны рэцэпт”, што дазваляе адпускаць лекавыя сродкі па пластыкавай індывідуальнай картцы медабслугоўвання. Дарэчы, яна дае магчымасць пакупнікам атрымліваць 3%-ю скідку. У снежні здала экзамен, і зараз я не інтэрн, а правізар-рэцэптар. Прафесія ўсё больш падабаецца. А мінусы? Я б не назвала гэта мінусам, проста патрабуе большай увагі — праца з кліентамі. Трэба кожнага выслухаць і зразумець, каму што неабходна. Настрой жа ў людзей розны бывае.
— Ці ёсць у вас, як у правiзара, нейкія любімыя лекі?
— Не. Сама не хварэю, бацькі таксама здаровыя. Таму нават параіць штосьці са свайго вопыту не атрымліваецца.
— Адкуль моцнае здароўе?
— Нарадзілася, напэўна, з добрым імунітэтам, — усміхаецца Ганна. — А падтрымліваю яго добрым настроем, усмешкай, з сябрамі ў валейбол гуляю. Наогул, падабаецца актыўны лад жыцця. Таму з задавальненнем з калегамі прымала ўдзел у зімовай спартакіядзе, дзе ўдзельнічалі ў гонках на цюбінгах, кёрлінгу, перацягванні каната, а таксама каталіся на каньках, горных і бегавых лыжах, сноўбордах.
Усім жадаю прыходзіць у аптэку толькі з прафілактычнай мэтай!

Іна ЯРЧАК.
Фота Аляксандра Высоцкага.



20 лютага 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Медыцына

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай Сядзіба Максіма Танка  wjx6x-f4hhi возера Глубелька

Пабрацімы Мядзела