Спалучэнне ведаў і навыкаў

СА старадаўніх часоў людзі ставіліся да зямлі з найлепшымі пачуццямі, называлі карміцелькай, ушаноўвалі яе ў песнях і легендах, прымянялі розныя абрады, каб зямля аддзячыла багатым ураджаем. Зараз адна з вядучых роляў у навядзенні парадку на зямлі і кантролі за яе выкарыстаннем належыць работнікам землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службы. Яны кантралююць правядзенне і якасць землеўпарадкавальных і зямельна-кадастравых работ, правяраюць выкананне фізічнымі і юрыдычнымі асобамі заканадаўства аб ахове і выкарыстанні зямель, сочаць за выкананнем у тэрмін прадпісанняў па ўхіленні выяўленых парушэнняў. У іх абавязкі ўваходзіць пераафармленне права на валоданне зямлёй, правядзенне аўкцыёнаў, вызначэнне кадастравага кошту ўчастка для падаткаабкладання. Ім даводзіцца ажыццяўляць дзяржаўны кантроль за рацыянальным выкарыстаннем і аховай сельскагаспадарчых зямель. Шмат рабочага часу забіраюць спрэчныя пытанні, у якіх вельмі важна прыняць аб’ектыўнае рашэнне.
Поўны пералік функцый і задач, якія ўскладзены на землеўпарадкавальную службу раёна, вялікі. Здзіўляешся, як усё гэта паспявае выконваць маленькі калектыў, дзе працуе шэсць чалавек.
— Стараемся! — усміхаючыся, адказвае начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Аляксандр Чарняўскі. — Каб справіцца, працаваць даводзіцца напружана. Ні зімой, ні летам не выпадае расслабляцца. У нас падабраўся дружны, згуртаваны калектыў. Літаральна пра кожнага можна гаварыць толькі самае добрае. Вялікі вопыт работы мае Вячаслаў Жук, які курыруе Нарацкі сельсавет. Не пазычаць навыкаў і вопыту Яўгену Клусу. За ім замацаваны Крывіцкі, Будслаўскі і Княгінінскі сельсаветы. Складаны ўчастак абслугоўвае мой намеснік Віктар Хіла — горад Мядзел і населеныя пункты Мядзельскага сельсавета. Аднак Віктар Канстанцінавіч ніколі не скардзіцца на цяжкасці, добрасумленна выконвае службовыя абавязкі. Вось пра яго і напішыце ў газеце з нагоды нашага прафесійнага свята. Скажу коратка: гэта працавіты, дысцыплінаваны і адказны чалавек.
І вось гутарым з Віктарам Канстанцінавічам. Чалавек ён мясцовы. Вырас у Мядзеле. Пасля заканчэння тагачаснай СШ №2 паступіў у Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Хутка праляцелі студэнцкія гады, і малады аграном прыехаў працаваць на родную Мядзельшчыну, а дакладней — у калгас «Пераможац». Было гэта ў 2001 годзе. Пяць гадоў аддаў Віктар сельскагаспадарчай вытворчасці. Так сталася, што ў аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама патрабаваўся спецыяліст. Гэту пасаду прапанавалі Віктару. Падумаў, параіўся з роднымі і блізкімі людзьмі — і даў згоду. Потым некалькі гадоў працаваў спецыялістам службы «адно акно» райвыканкама. А ў 2014 годзе — зноў перамены ў жыцці Віктара Канстанцінавіча — запрасілі галоўным спецыялістам у землеўпарадкавальную службу райвыканкама, дзе праз год ён стаў намеснікам начальніка.
— Хто дапамагаў асвоіць прафесію землеўпарадчыка? — пытаюся ў суразмоўцы.
— Удзячны тагачаснаму начальніку службы Леаніду Яворскаму, спецыялістам Францу Абодзічу, Вячаславу Жуку. Ніколі не адмаўляў і не адмаўляе ў дапамозе цяперашні начальнік службы Аляксандр Чарняўскі. Дарэчы, Аляксандр Мікалаевіч мае глыбокія тэарэтычныя веды і добрыя практычныя навыкі. Побач са мной у кабінеце сядзіць малады спецыяліст Аляксей Батурын. Мы заўсёды падтрымліваем адзін аднаго, дапамагаем. А інакш, лічу, і нельга — робім агульную справу, — расказвае Віктар Канстанцінавіч.
— Спецыялісты земслужбы — прадстаўнікі дзяржаўнай улады, якія клапоцяцца пра эфектыўнае выкарыстанне найважнейшага для краіны прыроднага рэсурсу. Але заканадаўчая база пастаянна мяняецца, удасканальваецца. Як паспяваеце асвойваць новыя прававыя аспекты? — цікаўлюся.
— Галоўныя ў нашай рабоце — Кодэкс аб зямлі і Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 667 «Аб адабранні і даванні зямельных участкаў». А што датычыць іншых заканадаўчых дакументаў, то іх дасканала вывучаем. Прычым трэба не толькі ведаць закон, але і разумець яго. Нельга грунтавацца на нейкім асобным артыкуле, неабходна «бачыць» яго ў комплексе з іншымі заканадаўчымі актамі. Незаменны памочнік у рабоце — камп’ютар. Сярод важных рэсурсаў — праграма АркГІС, а таксама геапартал зямельна-інфармацыйнай сістэмы (ЗІС), якім карыстаемся, — чую ў адказ. — Праз геапартал ЗІС у рэжыме анлайн можна атрымаць неабходную прасторавую і картаграфічную інфармацыю, характарыстыкі тых ці іншых аб’ектаў у любой кропцы раёна.
— Вам даводзіцца іншы раз пазней затрымацца на працы, і выхадны не заўсёды бывае паўнавартасны. Як да гэтага ставяцца ў сям’і?
— Разумеюць, што так трэба. Дачушка Сафія ходзіць у чацвёрты клас. А сынок Раман яшчэ малы, ён дома. Здараецца вольная хвіліна — люблю з вудай у руках пасядзець на беразе вадаёма. Карыстаючыся выпадкам, хачу шчыра павіншаваць калег з прафесійным святам. Жадаю ўсім здароўя, сямейнага дабрабыту, міру і паменш спрэчных пытанняў, — дадаў на развітанне Віктар Канстанцінавіч.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота
Аляксандра Высоцкага.



20 лютага 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Добраўпарадкаванне

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

wjx6x-f4hhi на Блакітных азёрах         возера Мястра  _dsc1133-3

Пабрацімы Мядзела