А медаль — “За адвагу”

— Сам я родам з вёскі Нарач, — апавядае воін-інтэрнацыяналіст . — Заканчваў Нарацкую СШ №1. Пра тыя гады памятаецца толькі добрае: змястоўнае і цікавае школьнае жыццё, дарагія сэрцу настаўнікі, якія вялі нас не толькі па дарозе ведаў, але і вучылі дабрыні, шчырасці, павазе да старэйшых, выхоўвалі сапраўднымі патрыётамі сваёй Айчыны. Любоў да культуры і мастацтва, да ўсяго прыгожага нам, дзецям, прывівалі і педагогі музычнай школы, дзе многія з нас з задавальненнем займаліся. Ці не таму і я адразу пасля заканчэння школы паступіў у Маладзечанскае музычнае вучылішча. Было гэта ў 1983 годзе. А праз год, у маі 1984-га, мне далі павестку ў армію. Так і стаў салдатам.

— Адразу патрапілі ў Афганістан? — цікаўлюся.
— Не, не адразу. Спачатку нас, навабранцаў, накіравалі ў вучэбнае падраздзяленне, — расказвае Іосіф Тадэвушавіч. — Асабіста мне давялося спасцігаць ваенную справу ў Ашхабадзе. Там жа атрымаў і званне сяржанта. Далейшую службу праходзіў у Дэмакратычнай Рэспубліцы Афганістан. А дакладней — у Паўночнай правінцыі гэтай краіны, у горадзе Файзабадзе. Напачатку быў наводчыкам мінамёта, потым — намеснікам камандзіра ўзвода.
— Ці даводзілася сустракаць землякоў у Афганістане? — пытаюся.
— Ніхто з Мядзельшчыны разам са мной не служыў. А вось з суседняга Вілейскага раёна хлопцы былі, а таксама з розных іншых куткоў Беларусі, — кажа Іосіф Тадэвушавіч. — Там, ва ўмовах ваеннага становішча, зусім іншыя адносіны. Вельмі цанілася кожным з нас на чужыне сяброўства і баявое братэрства. Мы гатовы былі адзін за аднаго аддаць свае жыцці. Што датычыць камандзіраў, то яны былі для нас, юных, нібы бацькі. Стараліся засцерагчы ад смерці, балюча перажывалі кожную чалавечую страту. Але вайна ёсць вайна. Там без крыві і людскіх ахвяр, на жаль, не абыходзіцца. Асабліва часта гінулі разведчыкі… На шчасце, у нашым узводзе нікога ў цынкавай труне не даставілі на радзіму, усе жывыя вярнуліся дадому.
— Напэўна, і ў баявых дзеяннях даводзілася ўдзельнічаць? — пытаюся.
— Вядома, — чую ў адказ. — У абавязкі ўзвода, дзе праходзіў службу, уваходзіла забеспячэнне бесперашкоднага перамяшчэння нашых калон, якія дастаўлялі ў Афганістан боепрыпасы, зброю, прадукты харчавання, лекі. Былі і баявыя выхады. Неаднойчы прыходзілі на дапамогу і мірнаму насельніцтву. Каб вызваліць ад здзекаў душманаў жанчын, старых, займаліся часам таксама “зачысткай” кішлакоў ад варожых груповак… Героем сябе не лічыў ніколі. Але і за іншых не хаваўся, не адседжваўся ў зацішным месцы. Служба ў нас, воінаў-інтэрнацыяналістаў, была нялёгкая. Затое пабачылі сапраўднае армейскае жыццё. Сведчаннем таму і медаль “За адвагу”, які атрымаў у Афганістане.
У маі 1986 года вярнуўся салдат дадому. Напачатку працягваў вучобу ў Маладзечанскім музычным вучылішчы, аднак так і не закончыў яго. Вырашыў памяняць спецыяльнасць, выбраў Гродзенскі фізкультурны тэхнікум. Займаўся там на стацыянары. З дыпломам настаўніка фізічнай культуры прыехаў на родную Мядзельшчыну. Уладкаваўся ў Нарацкую сярэднюю школу №2, дзе працуе і зараз. Педагог прывівае сваім вучням любоў да спорту, прапагандуе ім перавагі здаровага ладу жыцця. А яшчэ вядзе ва ўстанове адукацыі дапрызыўную падрыхтоўку, актыўна ўдзельнічае ў патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення. Яму, воіну-інтэрнацыяналісту, які сам прайшоў праз вайну, ёсць пра што расказаць юнакам і дзяўчатам, чым падзяліцца з імі.
Усё добра і ў сямейным жыцці “афганца”: ёсць жонка, дзеці. Алена Іванаўна працуе сястрой-гаспадыняй у гарадской паліклініцы. Дачка і сын ужо дарослыя. Алеся вучыцца ў лінгвістычным універсітэце. Уладзімір будзе механікам, займаецца ў каледжы ў Віцебску. Калі ўсе збіраюцца разам, шчасцем свецяцца вочы ўдзельніка баявых дзеянняў у Афганістане. Ды і як жа інакш, калі побач з ім дарагія сэрцу людзі, без якіх увогуле сябе не ўяўляе? Хуткаплыннае жыццё працякае роўна і спакойна. Ёсць любімая праца, якая прыносіць задавальненне, а таксама сябры. Іх цяпер і вадой не разальеш. Бо ўсе, каго парадніў Афганістан, разам назаўжды!

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.



14 лютага 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай  возера Мястра

Пабрацімы Мядзела