Карысны адпачынак

З годУ ў год жыхары нашай краіны і блізкага замежжа выбіраюць у якасці адпачынку аздараўленне ў санаторыі. Пагадзіцеся, ідэальны варыянт: і расслабіцца можна, і здароўе паправіць. Але хіба для паўнавартаснага аднаўлення — фізічнага і псіхалагічнага — дастаткова проста адпачываць і нічога не рабіць? Вядома ж не! Бо нездарма ж кажуць, што лепшы адпачынак — той, пасля якога патрэбен яшчэ адзін!

Таму ў санаторыі “Нарачанскі бераг” клапоцяцца пра тое, каб у адпачываючых заўсёды быў выбар не толькі аздараўленчых і лячэбных працэдур, але і відаў актыўнага адпачынку. Спецыяльна для гэтага ў здраўніцы працуе пракат спартыўнага інвентара.
— У зімовы перыяд найбольшай папулярнасцю карыстаюцца лыжы і канькі, — распавядае Наталля Вішнеўская, загадчыца пункта пракату. — Ёсць і палкі для скандынаўскай хадзьбы, яны вельмі папулярныя ў любую пару года, асабліва ў пажылых людзей. Спецыяльна для адпачываючых з дзецьмі ў нас ёсць прагулачныя санкі з ручкамі, каб можна было камфортна перамяшчаецца па снезе, дайсці да пасёлка, напрыклад. Але, вядома, маем яшчэ і шахматы, шашкі, нарды — забавы, якія наведвальнік можа ўзяць у нумар. Ці, напрыклад, набор для настольнага тэніса: ракеткі і мячыкі. У галоўным корпусе на другім паверсе размешчаны два тэнісныя сталы.
— А на якіх умовах выдаецца інвентар?
— Мы практыкуем пагадзінны пракат і пракат на суткі. Расцэнкі такія: узяць лыжы на гадзіну каштуе два рублі, на суткі — пяць. Санкі — адпаведна рубель за гадзіну і тры за суткі. Канькі — тры рублі за гадзіну.
— Інвентар даецца ў арэнду толькі тым, хто прыехаў у санаторый?
— Не, мы таксама абслугоўваем мясцовых жыхароў, якія прыходзяць да нас з пасёлка. А бывае, што і з суседніх санаторыяў зазіраюць людзі: мабыць, у нас па розных графіках працуюць пракаты. Ад адпачываючых патрабуем дакумент, які сведчыць асобу, і санаторную кніжку. Ад мясцовых жыхароў — толькі дакумент. Але, вядома, староннім людзям пракат інвентару на суткі немагчымы, толькі пагадзінны.
— Вы кажаце пра пракат канькоў — значыць, у санаторыі ёсць каток?
— Так, вядома, мы самі заліваем каток на тэрыторыі здраўніцы. Пляцоўка асветленая, ёсць лавачка, каб пераабуцца, лёд рэгулярна чысцяць і па меры магчымасці абнаўляюць. Каток карыстаецца попытам, людзям падабацца. Адзінае, гэты від забавы вельмі залежыць ад надвор’я. У нашым арсенале ёсць канькі любых памераў на мужчынскую і жаночую нагу. А вось лыжы можна і для дзетак браць. Адзінае, тады лепш апранаць некалькі пар шкарпэтак. Наогул, прыемна бачыць, як прыходзяць сем’і. Некаторыя дзеці ўпершыню становяцца на лыжы.
— Лыжню санаторый пракладае сам?
— Так, у пачатку сезона, калі ўжо ўсталявалася зімовае надвор’е, лыжню пракладае інструктар. Ну а далей яе ўкатваюць самі людзі. Але адпачываючыя рэдка ходзяць толькі па адным маршруце, так што шмат дарожак пратапталі. Найбольш папулярныя напрамкі — да возера, у бок пасёлка, а яшчэ да суседняга санаторыя “Белая Русь”. Як гэта бывае — адзін чалавек прайшоў, другі ўбачыў і пайшоў за ім… Так пару разоў туды-назад праедуць — вось і лыжня.
— Наколькі ў цэлым запатрабаваны пракат зімовага інвентара?
— Ахвотных пакатацца хапае. Вядома, попыт залежыць ад змены. Але нават калі прыязджаюць, напрыклад, пенсіянеры, то бяруць напракат не лыжы і канькі, а палкі для скандынаўскай хадзьбы. Людзям падабаецца займацца на свежым паветры. Бывае, прыходзяць дарослыя, каб проста ўспомніць, як гэта — стаяць на лыжах і каньках, таму што калісьці ў юнацтве каталіся, а цяпер часу няма. І, як правіла, такія вяртаюцца зноў і зноў. А ёсць яшчэ адзін від адпачываючых, якія прыязджаюць са сваімі лыжамі! Вельмі актыўныя людзі, яны звычайна выбіраюць не працяглы адпачынак, а толькі некалькі дзён. Так што папулярнасць лыж і канькоў ні ад узросту, ні ад надвор’я асабліва не залежыць.



13 лютага 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Курорт, Спорт

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Крывічах img_4257 223_ Сядзіба Максіма Танка

Пабрацімы Мядзела