Каманда сталічнай вобласці стала другой на «Снежным снайперы»

Фінал рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў «Снежны снайпер» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба прайшоў 8 і 10 лютага ў Раўбічах. У рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту сабраліся 168 юных біятланістаў. Адбор яны прайшлі сур’ёзны: да гэтага сталі лепшымі на раённых і абласных спаборніцтвах. Чакаў іх таксама падрыхтоўчы збор у «Раўбічах».
На фінальным этапе ўдзельнікі пачуваліся як на сур’ёзных спаборніцтвах: траса сусветнага ўзроўню, біятлонныя вінтоўкі, святочны антураж, урачыстае адкрыццё і закрыццё, удзел знакамітых біятланістаў у цырымоніі ўзнагароджання… У першы дзень праводзілі спрынтарскія гонкі, у другі — змешаныя эстафеты ў трох
узроставых катэгорыях.
На жаль, у фінальную частку спаборніцтваў юныя біятланісты з Мядзельшчыны не трапілі. А вось балельшчыкі ездзілі ў «Раўбічы» два дні. У нядзелю накіравалася каля ста чалавек: дзеці, бацькі, настаўнікі, прадстаўнікі адміністрацыі ўстаноў адукацыі, упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, СДЮШАР, фізкультурна-аздараўленчага цэнтра…
Перажывалі за каманду сталічнай вобласці. Актыўна падтрымліваў спартсменаў Міншчыны настаўнік фізічнай культуры і здароўя Крывіцкага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа Дзмітрый Дурэйка. Справа ў тым, што ён быў адным з прадстаўнікоў зборнай раёна на абласным этапе спаборніцтваў, які раней праходзіў таксама ў «Раўбічах».
— Перажываю за біятланістаў Міншчыны, мы з гэтымі спартсменамі разам былі на абласных спаборніцтвах, — кажа.
— У вашых вучняў якія ўражанні засталіся ад тых стартаў?
— Ім спадабалася. Лічу, што гэтыя спаборніцтвы патрэбныя для развіцця біятлона. І па нашых удзельніках гэта бачна. Перш яны лыжнымі гонкамі слаба цікавіліся:
выходзілі, пабегаюць на лыжах — і ўсё.
А цяпер не трэба і падганяць: самі хочуць трэніравацца і кожны дзень прыходзяць.
— З лыжамі прасцей, а як па стральбе рыхтаваліся?
— Вазілі ў Плешчаніцы страляць. І дома трэніраваліся, калега Валерый Хацяновіч з Будслава падзяліўся спецыяльнай устаноўкай.
— Хто з вашай школы ўдзельнічаў у абласным этапе?
— Марыя Малько, Кацярына Дзевялтоўская, Яраслаў Пальцаў, Максім Райчонак і Лізавета Міхаленя. Марыя Малько восьмае месца заняла — трохі не хапіла, каб трапіць у каманду вобласці на фінальны этап.
— А надалей дзеці ці думаюць удзельнічаць у «Снежным снайперы»?
— Так. Асабліва Кацярына Дзевялтоўская заахвоцілася. На лыжах у яе добра атрымліваецца, трэба толькі стральбу падправіць.
Для балельшчыкаў у Раўбічах падрыхтавалі насычаную праграму. Тут і выступленні беларускіх артыстаў, і конкурсы з прызамі. Каменціраваў эстафеты вядомы тэлекаментатар Уладзімір Навіцкі. У перапынках паміж гонкамі віравала жыццё па-за трыбунамі. Для гледачоў наладзілі разнастайныя забавы: можна было на цюбінгу з горкі пракаціцца, надзіманымі мячамі памахаць ці ў настольны футбол пагуляць. Было дзе і падмацавацца, і пагрэцца — выставілі палаткі для абагрэву ад МНС.
Цяпер да вынікаў эстафет. У малодшай і сярэдняй узроставых групах перамагла каманда сталіцы, а зборная Мінскай вобласці заваявала сярэбраныя медалі. У старэйшай групе таксама на вышэйшую прыступку п’едэстала ўзнялася каманда Мінска. Адметна, што прызёраў спаборніцтваў узнагародзіла чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар’я Домрачава. Увогуле, па выніках фінальнага этапу юныя спартсмены нашай вобласці заваявалі чатыры сярэбраныя медалі і адзін бронзавы. У агульным заліку ў яе другое месца.
На гэтым «Раўбічы» з біятлонам не развітваюцца: спаборніцтвы для дзяцей і падлеткаў адкрылі вялікую біятлонную праграму. Працягнецца яна «Гонкай легенд» — дарэчы, удзельнікі фінальнага этапу «Снежнага снайпера» патрапяць туды і змогуць патрэніравацца са сваімі кумірамі. Потым на чарзе — чэмпіянат Еўропы і Кубак федэрацыі.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.
Фота аўтара.



13 лютага 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Слабадзе на Блакітных азёрах        _06-040 wjx6x-f4hhi

Пабрацімы Мядзела