На чарзе – сеялкі

НЕ пустуе ў гэтыя дні рамонтная майстэрня сельскагаспадарчага філіяла «Дзягілі» ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод». Тут ладзяць навясныя і прычапныя сельскагаспадарчыя агрэгаты, рыхтуюць іх да выхаду на веснавы палетак.

— Яравы клін у нас складзе 460 гектараў. Амаль усе плошчы ўзаралі з восені. Таму вясной з гэтым клопатаў не будзе. Праўда, пад кукурузу палеткі давядзецца пераараць, каб закрыць арганіку, — расказвае галоўны аграном філіяла Лена Піліпюк. — Што датычыць рамонту тэхнікі, то ў гэтым накірунку справы ладзяцца. Усе шэсць плугоў хоць сёння ўключай у работу. Адрамантаваны чатыры культыватары.
— Прабачце, хто іх рамантаваў? — пытаюся.
— Механізатары. Іх у нас нямнога. За кожным замацавана шмат розных сельгасмашын. Культыватары, напрыклад, рамантавалі Павел Лукашэвіч, Яўген Сарока, Іван Таразевіч і Аляксандр Крыўко, — адказвае Лена Канстанцінаўна. — Зараз Павел Лукашэвіч і Аляксандр Крыўко ладзяць дыскі. Не паспееш азірнуцца, як пакліча поле. Таму расслабляцца няма калі. Іван Таразевіч і Яўген Сарока адначасова рамантуюць і корманарыхтоўчую тэхніку…
— Але гэтых людзей няма ў майстэрні, хаця агрэгаты стаяць, — пярэчу аграному.
— Справа ў тым, што некаторыя механізатары ў водпуску. А што датычыць Івана і Яўгена, то яны з раніцы падвозяць кармы да ферм, а пасля абеду завіхаюцца ў мехмайстэрні, — тлумачыць Лена Канстанцінаўна. — Трактары ўсе на хаду.
— А з сеялкамі што? — пытаюся.
— Імі пакуль не займаліся. У хуткім часе зацягнем у майстэрню і іх. Зараз
набываем неабходныя для рамонту вузлы і дэталі. Інвестар ідзе нам насустрач.
Вясной павінны атрымаць новы трактар «МТЗ-3522», дакументы на які падчас святкавання Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу ўручыў нашаму дырэктару Аляксандру Варашкевічу намеснік генеральнага дырэктара кіруючай кампаніі холдынгу «Мінскі маторны завод» Андрэй Новік. Што датычыць сеялак, то рамантаваць іх будуць Аляксандр Балаховіч і Аляксандр Плотнікаў. Упэўнена, хлопцы справяцца, з-за іх затрымкі на веснавым палетку не будзе, — чую ў адказ.
Аграном паведаміла, што і пасяўны матэрыял падрыхтаваны.
— Застаецца толькі набыць элітнае насенне некаторых культур. Дамоўленасць ёсць, таму гэта праблема вырашальная, — кажа яна.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



12 лютага 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

возера Мястра img_4257 Лебедзі на Нарачы Царква ў Слабадзе

Пабрацімы Мядзела