З мэтай папярэджання пажараў

Пры ўсіх сельскіх выканаўчых камітэтах створаны аглядальныя камісіі. Іх мэта — засцерагчы грамадзян і іх домаўладанні ад пажараў і іншых надзвычайных здарэнняў, не дапусціць гібелі людзей.

Усе ведаюць, што агонь не шкадуе нікога. Бяда прыходзіць, калі грэбуюць элементарнымі правіламі пажарнай бяспекі. Гэта добра разумеюць члены аглядальнай камісіі, якая працуе пры Нарацкім сельвыканкаме пад кіраўніцтвам яго старшыні Мікалая Маркевіча.
— Наш сельсавет самы вялікі ў раёне. На яго тэрыторыі знаходзіцца 48 населеных пунктаў, у якіх налічваецца 3626 домаўладанняў, — кажа Мікалай Іванавіч. — Ёсць і маланаселеныя вёскі, дзе засталіся пераважна людзі састарэлыя. Напрыклад, толькі адно домаўладанне размяшчаецца ў вёсцы Рыбкі і на хутары Глыбокі Ручай, па два — у вёсках Абрамы, Галубенькі, Радкі, Чэхі, па тры — у Кузьмічах, Пячонках, Плецяшах, Стругалапах. Больш за ўсё жыхароў у нас у курортным пасёлку Нарач (4479 чалавек) і ў аграгарадку Нарач (2226). 163 чалавекі пражываюць у вёсцы Баравыя, 152 — у Чараўках, 143 — у Малой Сырмежы, 100 — у Швакштах, 89 — у Зубранёўцы, 60 — у Варанцах…
— Раскажыце, калі ласка, пра работу аглядальнай камісіі і задачы, над вырашэннем якіх яна працуе, — звяртаюся да старшыні названай камісіі.
— Асноўны абавязак членаў гэтай камісіі — прафілактыка пажараў. Таму невыпадкова ў склад яе ўваходзяць прадстаўнікі розных сфер: адукацыі (школ і дашкольных устаноў), аховы здароўя, культуры, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сацыяльнай службы, пошты, арганізацый энергазабеспячэння, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, міліцыі. Усе — адказныя, неабыякавыя. У пастаянным полі зроку камісіі — сацыяльнаўразлівыя катэгорыі грамадзян, а таксама аматары спіртных напояў, мнагадзетныя сем’і і тыя, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
— Ці ведаюць члены камісіі свае абавязкі? — пытаюся ў старшыні.
— Так, — чую ў адказ. — З імі перыядычна праводзіцца вучоба. Вось літаральна і напрыканцы студзеня яна адбылася. Інструктаж праводзіла інспектар групы прапаганды і навучання РАНС Ірына Карапецян. Дарэчы, Ірына Анатольеўна не толькі расказала пра асноўныя прычыны пажараў і загаранняў, але і ў доказ сваіх слоў прадэманстравала інфармацыйна-наглядныя матэрыялы. Навучанне, заснаванае на рэальных прыкладах, дае, вядома, пэўны плён. На мінулым тыдні таксама разам з супрацоўнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях аб’ехалі малочнатаварныя фермы, мехдвары сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета, правялі гутаркі з людзьмі, у ходзе якіх акцэнтавалі ўвагу на неабходнасці выканання элементарных патрабаванняў Правілаў пажарнай бяспекі як на рабоце, так і па месцы жыхарства.
— Раскажыце, калі ласка, як усё ж працуе аглядальная камісія.
— Члены камісіі абыходзяць домаўладанні грамадзян — найперш тых, якія адносяцца да групы рызыкі. Вывучаюць стан печак, электраправодкі, наяўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, праводзяць гутаркі, раздаюць памяткі, бяруць на кантроль недахопы да поўнага іх ухілення. Акрамя таго, на кожнае домаўладанне запаўняецца ўліковая картка, у якую ўносяцца вынікі праведзенага абследавання з абавязковым подпісам гаспадара. Збіраюцца і фотаздымкі, на якіх адлюстраваны як негатыўныя моманты, так і змены, што адбыліся пасля наведвання членамі аглядальнай камісіі.
— Мікалай Іванавіч, прывядзіце, калі ласка, прыклады работы камісіі.
— Хачу падкрэсліць, што летась абышлі ўсіх жыхароў сельсавета, якія адносяцца да групы рызыкі. У тым ліку мнагадзетныя сем’і, а таксама сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, састарэлых адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян. Сёлета пачалі паўторныя абыходы населеных пунктаў. У студзені гэтага года наведалі 6 мнагадзетных сем’яў, 5 — што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, 36 адзінокіх грамадзян, 31 адзінока пражываючага, а таксама 36 домаўладанняў, гаспадары якіх не адносяцца да названых
вышэй катэгорый. У пачатку лютага ў рамках месячніка па папярэджанні пажараў абследавана яшчэ больш за 60 домаўладанняў. У адным выпадку выяўлена неабходнасць рамонту печкі, а ў другім — электраправодкі. Пытанні гэтыя пастаўлены на кантроль. Адпаведная ўвага рабоце ў названым
накірунку будзе ўдзяляцца і надалей.
— А ці прымяняліся вамі
да парушальнікаў правілаў пажарнай бяспекі якія-небудзь меры ўздзеяння? — цікаўлюся ў кіраўніка мясцовай улады.
— Хачу сказаць, што ў кожным канкрэтным выпадку падыходзім да сітуацыі індывідуальна. Напрыклад, яшчэ летась у аднаго з жыхароў аграгарадка Нарач, які пражывае па вуліцы Чыгуначнай, з’яўляецца інвалідам, убачылі няспраўную электраправодку. Вядома, не прайшлі міма гэтага факта. Па хадайніцтве сельвыканкама з сацыяльнай абароны яму была выдзелена матэрыяльная дапамога. Дзякуючы атрыманым сродкам мужчына змог наняць спецыялістаў, якія і замянілі яму электраправодку. А сёлета ў дачыненні да іншага грамадзяніна, таксама з аграгарадка Нарач, які пражывае па вуліцы Савецкай, нават пісьмо накіравалі ў райаддзел па надзвычайных сітуацыях з просьбай прымяніць меры адміністрацыйнага ўздзеяння. Прыдамавая тэрыторыя і памяшканне (на здымку), дзе пражывае гаспадар, вельмі захламлена, што можа прывесці да пажару, ад якога пацерпяць і бліжэйшыя суседзі. У выніку на гэтага грамадзяніна складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Зараз у адносінах да мужчыны прынята рашэнне суда аб накіраванні ў лячэбна-працоўны прафілакторый.
Пасля размовы з кіраўніком мясцовай улады прыйшла да высновы, што калі аглядальныя камісіі не існуюць толькі на паперы, а рэальна працуюць, то карысць ад іх відавочная. Бо дзякуючы намаганням грамадскасці ўдаецца прадухіліць загаранні, па прычыне якіх могуць пацярпець як самі парушальнікі правілаў пажарнай бяспекі, так і ні ў чым не вінаватыя людзі.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.



12 лютага 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Афіцыйна

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        223_ на Блакітных азёрах        Касцёл у Шэметава

Пабрацімы Мядзела