«Забавы матухны зімы»

СЁЛЕТНЯЯ снежная зіма радуе дзяцей. Можна пакатацца на санках, лыжах, каньках. Гэту магчымасць спаўна выкарыстоўваюць кіраўнікі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, арганізоўваючы розныя спартыўныя мерапрыемствы. З захапленнем хлопчыкі і дзяўчынкі дзевяці ўстаноў адукацыі Мядзельшчыны ўдзельнічалі ў спартыўна-забаўляльным мерапрыемстве «Зімовыя забавы», якое праводзілася ў райцэнтры на
пляжы. Потым на тэрыторыі спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву раёна прайшло спартыўна-масавае мерапрыемства «Міншчына спартыўная». А ўзяць «Снежны снайпер», раённыя спаборніцтвы па лыжных гонках, «Мядзельскую лыжню-2019» і іншыя, якія прайшлі з актыўным удзелам дзяцей і дарослых.

Шмат хлопчыкаў і дзяўчынак, а таксама некаторыя з іх бацькоў прыйшлі ў мінулую суботу на пляжную тэрыторыю ў Мядзеле, дзе праводзілася спартыўнае свята «Забавы матухны зімы».
Адкрываючы мерапрыемства, намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Святлана Кундра шчыра прывітала прысутных. Яна паведаміла, што ў спаборніцтвах прымаюць удзел не толькі вучні трох устаноў адукацыі горада, але і іх бацькі.
— Таму сённяшняе свята, можна сказаць, сямейнае, — падкрэсліла Святлана Мікалаеўна. — Жадаю, каб кожны атрымаў шмат задавальнення і незабыўных уражанняў ад удзелу ў спартыўных эстафетах.
Метадыст вучэбна-метадычнага кабінета ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Ніна Самко ўдакладніла, што ў склад кожнай каманды ўваходзіць дзесяць чалавек — гэта і дзеці, і дарослыя.
…І вось дадзены старт. Патрэбна было бачыць, як стараліся хлопчыкі і дзяўчынкі, як перажывалі, падтрымлівалі адзін аднаго, асабліва калі эстафету перадавалі камусьці з бацькоў. Варта адзначыць актыўнасць настаўніка фізічнай культуры і здароўя Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі Леаніда Несцяровіча. Ён натхняў, падбадзёрваў удзельнікаў спаборніцтваў, праграма якіх прадугледжвала восем эстафет.
А тым часам збоку ад лыжнікаў праходзіў конкурс па лепцы снежных фігур. З запалам працавалі і настаўнікі, і вучні. Асабіста мне вельмі спадабалася работа каманды з Мядзельскага вучэбна-педагагічнага комплексу яслі-сад-сярэдняя школа. Дружна завіхаліся дзеці. Яны зляпілі доўгага вусеня, грыбы і лесавіка. Прычым часткова пафарбавалі свае скульптуры, што прыдало апошнім больш прывабны і чароўны выгляд. Прыгожага снежнага зайца змайстравалі і вучні Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі пад кіраўніцтвам настаўніцы Ганны Малько.
Але завершана апошняя лыжная эстафета. Пара падвесці вынікі. Гучыць каманда на пастраенне. Слова бярэ Святлана Кундра.
— Сёння тут сабраліся самыя спартыўныя, самыя актыўныя, самыя вясёлыя аматары лыжаў. Таму і свята ўдалося, — кажа Святлана Мікалаеўна. — Але ва ўсіх спаборніцтвах заўсёды ёсць тыя, хто прадэманстраваў найлепшыя вынікі. Таму каманда Мядзельскага ВПК яслі-сад-сярэдняя школа «Страла» ўзнагароджваецца дыпломам за ўдзел у спартыўным свяце «Забавы матухны зімы». Такім жа дыпломам адзначана і каманда «Снежкі» з гімназіі-інтэрната г. Мядзела. А пераможцай прызнана каманда «Лыжнікі» з Мядзельскай СШ імя Уладзіміра Дубоўкі…
Дружнае, гучнае «ура-а-а» разнеслася па наваколлі.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота аўтара



09 лютага 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Спорт

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

wjx6x-f4hhi Касцёл у Мядзеле  возера Глубелька Касцёл у Засвіры

Пабрацімы Мядзела