“Максімавы нашчадкі”

НА мінулым тыдні Мядзельшчына прымала гасцей з Мінска і Масквы. Справа ў тым, што наша зямля стала месцам правядзення 54-га інтэрнацыянальнага Зорнага паходу па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа, прысвечанага 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх
захопнікаў.
Чым удзельнікаў прывабіў менавіта наш раён? Усё проста: у склад атрада ўвайшлі студэнты і выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, якія з гонарам назвалі сябе “Максімавымі нашчадкамі”. Адзначаючы пры гэтым, што наш знакаміты зямляк сам наўрад ці мог падумаць, што ў яго будзе столькі нашчадкаў у Беларусі і за яе межамі.
На Мядзельшчыну прыехалі таксама студэнты Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта. Усяго ж у Зорныя паходы накіраваліся дзевяць атрадаў агульнай колькасцю ўдзельнікаў больш за трыста чалавек. Іх асноўнай мэтай сталі месцы баявой і працоўнай славы Мінскай, Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей. Студэнты правялі мітынгі і ўсклалі кветкі да мемарыяльных комплексаў, брацкіх магіл салдат і мірных жыхароў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пазнаёміліся з культурай і гісторыяй нашай краіны. Апроч іншага, у розных установах адукацыі ўдзельнікі паходу правялі заняткі па прафарыентацыі, майстар-класы рознай накіраванасці, канцэрты і таварыскія сустрэчы па валейболе.
Дзень першы
У Нарачанскім краі ўдзельнікаў паходу чакала насычаная чатырохдзённая праграма. А пачалося ўсё ў ДУА “Нарацкая СШ №2”, дзе для студэнтаў правялі экскурсію, а пасля яны сустрэліся з вучнямі і расказалі аб сваіх універсітэтах.
Школу прадстаўляў дырэктар Генадзь Крыштафовіч.
— Прыемна, што гісторыю Зорных паходаў лічаць ужо не гадамі, а дзесяцігоддзямі, — сказаў Генадзь Віктаравіч. — Цэлы шэраг факультэтаў пабываў ужо ў нас, і сёння мы рады вітаць будучых філолагаў! Прыемна бачыць, як высока матываваны цяперашнія студэнты, як яны любяць свой універсітэт. І ўпэўнены, што не толькі хтосьці з нашых школьнікаў зацікавіцца БДПУ ў мэтах паступлення, але і выпускнікі ўніверсітэта вернуцца ў школу ў якасці настаўнікаў.
Ён прапанаваў групе наведаць кабінеты пачатковых класаў, а таксама інфарматыкі, рускай і беларускай моў, хіміі і фізікі. Прадэманстраваў сучаснае абсталяванне і навучальныя матэрыялы.
Удзельнікаў вельмі ўразіла, што, акрамя іншых, у школе ёсць кабінет псіхалагічнай разгрузкі для настаўнікаў. Зацікавілі акварыумы, якія стаяць на кожным паверсе, а таксама — “Шахматнае кафэ”, дзе школьнікі могуць гуляць у вольны час.
Студэнты жартавалі, што, каб яны вучыліся ў такой школе, урокі б ніколі не прагульвалі.
Пасля экскурсіі ўсе ўдзельнікі накіраваліся ў актавую залу, дзе іх ужо чакалі настаўнікі і дзеці. Перад пачаткам канцэрта гледачам паказалі некалькі ролікаў аб БДПУ і Маскоўскім гарадскім педагагічным універсітэце: прадставілі ўсе спецыяльнасці, паказалі кабінеты і распавялі пра перавагі атрымання адукацыі ў гэтых навучальных установах.
Святочную ж частку канцэрта склалі песні, вершы, вясёлыя тэатральныя мініяцюры і танцы.
Самыя бурныя апладысменты заслужылі ўдзельнікі народнага літаратурнага тэатра “Жывое Слова” — Маргарыта Іваноўская і Любоў Парневіч.
У скарбонцы калектываў БДПУ ёсць прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”. Ва ўнівер-сітэце актыўна развіваецца валанцёрскі рух. Студэнты і выкладчыкі рэгулярна прымаюць удзел у дабрачынных акцыях, наведваюць дзіцячыя дамы, збіраюць падарункі для дзяцей-сірот.
Госці хацелі паказаць, што ў іх навучальных установах можна не толькі вучыцца, але і займацца творчасцю, дапамагаць людзям, знайсці сяброў па інтарэсах.
А яшчэ — пазнаёміцца з культурай іншых краін, бо ў БДПУ вучыцца нямала замежных студэнтаў.
— Я выбіраў паміж рознымі навучальнымі ўстановамі, — дзеліцца студэнт першага курса філалагічнага факультэта Гурбангелдзі Ягміраў. — Хацеў павандраваць, паглядзець іншыя краіны і гарады. Спачатку выбіраў універсітэт у Расіі, але бацькі параілі Беларусь, таму што тут вельмі высокі ўзровень адукацыі. Я рад, што пагадзіўся з імі. Мне тут падабацца не толькі вучыцца, але і жыць. Мінск — вельмі прыгожы горад, тут шмат цікавага. Вучыцца, вядома, трохі цяжка, але я скончыў рускую школу са спецыялізацыяй “замежныя мовы”, таму моўнага бар’ера няма. Ужо задумваюся аб тым, каб пасля заканчэння універсітэта застацца ў гэтай краіне.
Потым слова ўзяла намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце філалагічнага факультэта БДПУ Святлана Сычова:
— Мы вельмі рады сёння выступаць перад вамі і дзякуем за цёплы прыём. Хочацца запрасіць вучняў старэйшых класаў у наш любімы універсітэт, спадзяёмся, нам удалося паказаць, што ўсіх студэнтаў БДПУ чакае вельмі цікавае і насычанае жыццё: як вучэбнае, так і творчае, і сацыяльнае. Тут кожны зможа рэалізаваць сябе ў той сферы, у якой захоча!
Напрыканцы сустрэчы госці і адміністрацыя школы абмяняліся памятнымі падарункамі. Ад імя школы Генадзь Віктаравіч уручыў прадстаўнікам БДПУ і МГПУ падзякі за арганізацыю 54-га Зорнага паходу.
Дзень другі
На наступны дзень “Максімавы нашчадкі” наведалі ДУА “Свірскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа”, “Старлыгскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа імя Івана Аніські”. Пасля зносін з вучнямі накіраваліся да помніка воінам, якія загінулі у гады Вялікай Айчыннай вайны, дзе ўшанавалі іх памяць хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі.
Яркім успамінам гэтага дня стала наведванне Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня”, дзе ўдзельнікі паходу выступілі з вясёлым і цікавым канцэртам.
— Наогул выдатна атрымаць такую магчымасць пазнаёміцца з жыццём раёна, — дзеліцца ўражаннямі студэнт трэцяга курса МГПУ Іван Бусараў. — Можна сказаць, нам паказалі такі культурны і сацыяльны “зрэз” — не толькі раённы цэнтр, але і невялікія вёскі.
— Было вельмі цікава, я зусім не пашкадавала аб тым, што змагла прыехаць, — далучаецца да размовы студэнтка першага курса Марыя Клюева. — Даведалася шмат пра гісторыю раёна і цяпер магу сказаць, што, успамінаючы Беларусь, уяўляю не толькі папулярныя стэрэатыпы. А яшчэ вельмі ўразіла, як цёпла нас прымалі!
— Гэта праўда, — падтрымлівае Іван. — Мы абое ў Беларусі ўпершыню і вельмі рады, што да нас так добра паставіліся. І хлопцы ў групе, і дарослыя, якія нас суправаджалі і сустракалі, — усе вельмі добрыя і спагадлівыя, пастараліся зрабіць так, каб у нас засталіся толькі пазітыўныя ўражанні аб краіне. І гэта ў іх атрымалася!
Дзень трэці
З самага ранку ўдзельнікі Зорнага паходу прыехалі да помніка партызанам і партызанкам зямлі Нарачанскай, дзе ўсклалі кветкі і ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання.
А самая адказная сустрэча адбылася ў ДУА “Сваткаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа імя Максіма Танка”.
— Наша ўстанова адукацыі нездарма носіць імя знакамітага беларускага паэта, — распавядае выконваючая абавязкі дырэктара Вольга Рудачэнка. — Калісьці Яўген Скурко вучыўся тут, і цяпер мы імкнёмся з гонарам захоўваць памяць пра яго. Наша школа багатая на розныя традыцыі. Адным з асноўных напрамкаў працы для нас з’яўляецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. Функцыянуе літаратурна-краязнаўчы музей імя Максіма Танка, што з’яўляецца гонарам не толькі нашай школы, але і ўсяго раёна.
Потым яна запрасіла студэнтаў у музей на экскурсію. І хоць асноўная экспазіцыя знаёміла менавіта з жыццёвым шляхам паэта, але студэнтам расказалі таксама пра іншых знакамітых ураджэнцаў Мядзельшчыны. А пасля разам са школьным экскурсаводам група накіравалася да магілы Максіма Танка. Студэнтаў зацікавіла, чаму на магіле два крыжы. І яны былі вельмі ўражаныя, калі даведаліся, што Максім Танк завяшчаў пахаваць яго разам з жонкай, якая памерла годам раней. “Максімаўцаў” таксама вельмі кранула, што паэт пажадаў быць пахаваны на малой радзіме. Ім цікава было даведацца, што ён на працягу ўсяго жыцця быў добрым і спагадлівым, нягледзячы на славу і прызнанне, заставаўся “сваім” чалавекам.
Пасля атрад вярнуўся ў школу, дзе выступіў перад навучэнцамі і педагогамі. Але спачатку “Максімавы нашчадкі” самі сталі гледачамі. Для іх падрыхтавала выступленне каманда КВЗ “Ад ДУШы са Сватак”.
Пасля ўдзельнікі Зорнага паходу прыехалі ў Крывічы, дзе наведалі брацкую магілу воінаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і сустрэліся з навучэнцамі ДУА “Крывіцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа”. А потым накіраваліся ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай.
Дзень чацвёрты
У завяршальны дзень паходу для “Максімавых нашчадкаў” правялі экскурсію па Мядзельскім музеі народнай славы. Пасля чаго яны пабывалі ля помніка Максіму Танку на плошчы Шаранговіча.
Удзельнікі сустрэліся з выхаванцамі дзіцячага дома сямейнага тыпу, наведалі ДУА “Занарацкая сярэдняя школа”, Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі раёна, дзе пагутарылі з дзеткамі, а таксама перадалі ім падарункі.
У гэты ж дзень яны правялі мітынг і ўсклалі кветкі да помніка Смуткуючай маці.
А завяршыла Зорны паход сустрэча з кіраўніцтвам раёна, у якой прыняў удзел дэкан філалагічнага факультэта Васіль Старычонак.
— Хацелася б шчыра падзякаваць за сардэчны прыём і арганізацыю такой насычанай праграмы, — сказаў Васіль Дзянісавіч. — Асобна вялікі дзякуй за вашых выдатных і спагадлівых школьнікаў. Вельмі спадзяёмся, што і надалей мы будзем супрацоўнічаць.
Асаблівую падзяку ён выказаў куратару паходу — метадысту вучэбна-метадычнага кабінета ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Ларысе Севярын.
Выступіў старшыня райвыканкама Анатолій Мар’янавіч Вайнілка:
— Радуе, што моладзь не забывае гісторыю. І нам вельмі прыемна прымаць на сваёй зямлі Зорны паход. Мы вельмі ўдзячны за тую працу, якую вы праводзіце, за тое, што ўшаноўваеце памяць пра трагічнае мінулае нашай краіны, пра яе герояў. А таксама — за падрыхтоўку спецыялістаў сістэмы адукацыі і павышэнне прэстыжу прафесіі педагога. Шчыры вам дзякуй…
Анатолій Мар’янавіч таксама ўручыў гасцям памятныя адрасы.
Пасля завяршэння сустрэчы ўдзельнікі 54-га Зорнага паходу паехалі дадому. Але кожны выказаў надзею, што гэта не апошняя сустрэча з Нарачанскім краем. Бо заўсёды прыемна вяртацца туды, дзе табе рады.

Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота
Аляксандра Высоцкага



07 лютага 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Адукацыя, Моладзь

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

06-043 на Блакітных азёрах        Касцёл у Шэметава   Касцёл у Засвіры

Пабрацімы Мядзела