Спатканне праз гады

Штогод у першую суботу лютага ва ўстановах адукацыі шматлюдна. Знаёмым шляхам сюды спяшаюцца выпускнікі розных гадоў. Каб сустрэцца з дарагімі сэрцу настаўнікамі, са сваімі аднакласнікамі, узгадаць прыемныя моманты школьнага жыцця.

Ажыўлена было ў гэты вечар і ў гімназіі-інтэрнаце г. Мядзела. Па-святочнаму ўпрыгожаная актавая зала сабрала гасцей, якія завіталі на спатканне з юнацтвам не толькі з розных куткоў нашай краіны, але нават з блізкага і далёкага замежжа. Ды і сама абстаноўка — стол з чайным сервізам, барная стойка, ветлівыя афіцыянткі ў фартушках з беларускім арнаментам, жыццярадасны бармен, уважлівы і патрабавальны адміністратар — без лішніх слоў пераконвала, што мерапрыемства павінна прайсці цікава і запамінальна.
— Дзяўчынкі, хуценька-хуценька. Пара адкрывацца… У нас сёння спецзаказ. Абслугоўваем выпускнікоў школы, — гаворыць, звяртаючыся да сваіх падначаленых, адміністратар імправізаванага кафэ “Сустрэча” (ролю яго выканала настаўніца замежнай мовы Кацярына Смолка). — У іх вечар сустрэчы. Дзяўчынкі, зачытайце пакуль святочнае меню… Ці ўсё гатова? Можна пачынаць?
— Закуска “Успаміны”, фірменная страва “Вялікі перапынак”, адбіўная “Савет прафілактыкі”, торт “Бацькоўскі сход у чорным шакаладзе”, рамантычны дэсерт са свечкай “Вярнуся заўтра”, — наперабой называюць стравы афіцыянткі Дар’я і Таццяна (педагогі Дар’я Касавец і Таццяна Маркевіч).
— Не, ну што вы… Такая назва не падыдзе. Што значыць: “Вярнуся заўтра”. Тут збяруцца салідныя людзі! — не пагаджаецца з імі адміністратар. — Назавём гэту страву так: “Рамантычны дэсерт са свечкамі “Куды адыходзіць дзяцінства?”. А што ў нас за барнай стойкай? Чым гасцей здзіўляць будзем,
Ксюша?
— Напітак “Бывай назаўсёды”, кактэйль “Слёзы першага кахання”… — тут жа дакладвае бармен Аксана (намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Аксана Роўда). — А… астатняе няхай з сабой нясуць… Я маю на ўвазе выдатны настрой, зарад бадзёрасці і энергіі…
— Добра папрацавалі, — пагаджаецца адміністратар. А праверыўшы на святло чысціню кубкаў, задаволена працягвае: — Малайцы! Можаце, калі захочаце! А калі гатовы, тады адкрываемся.

Тэатралізаваная дзея змяняецца прэзентацыяй фотаздымкаў: адразу пра выпускнікоў Мядзельскай сярэдняй школы №3, а пасля гімназіі-інтэрната, якая месціцца ў гэтым жа будынку. Прысутныя пераносяцца ў гады бестурботнага дзяцінства і юнацтва. Многія пазнаюць на фота сябе, сваіх сяброў, настаўнікаў, якія вялі іх па краіне ведаў, выхоўвалі сапраўднымі людзьмі — патрыётамі Айчыны.
З ліку гасцей адразу слова мае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вячаслаў Клімовіч. Ён, дарэчы, першы дырэктар гімназіі-інтэрната. Вячаслаў Пятровіч нагадвае выпускнікам розных гадоў пра незабыўнае школьнае жыццё, якое з часам усё больш вярэдзіць душу. Пра цудоўную традыцыю спаткання ў першы суботні вечар лютага, каб разам думкамі вярнуцца ў мінулае, успомніць сённяшні дзень, прааналізаваць свае поспехі і дасягненні. Ад шчырага сэрца зычыць усім
дабра, шчасця, кахання, міру, удачы, здзяйснення запаветных мар.
Шчыра вітае ўдзельнікаў мерапрыемства старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ірына Глінская. Выказвае ўдзячнасць выпускнікам, якія не забываюць школу, настаўнікаў, выхавальнікаў. Якія з радасцю прыходзяць у сцены ўстановы, адкуль атрымалі пуцёўку ў дарослае самастойнае жыццё. Ірына Васільеўна з гонарам падкрэсліла, што таксама заканчвала сярэднюю школу райцэнтра, якую ў той час узначальваў заслужаны настаўнік БССР Канстанцін Арсеньевіч Каратай. Было гэта 43 гады назад. А значыць, ёй прыемна тут бываць, сустракацца з дзецьмі і калегамі. Шмат цёплых слоў адрасавала прамоўца ветэранам, а таксама тым настаўнікам, якія сёння цяпло сваіх сэрцаў аддаюць вучням. Акрамя таго, карыстаючыся выпадкам, старшыня райкама галіновага прафсаюза ўручыла Ліст падзякі начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі абласнога выканаўчага камітэта Таццяны Апраніч і старшыні абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалая Башко ветэрану педагагічнай працы Аліне Скадорве. Аліна Станіславаўна па сутнасці ўсё сваё свядомае жыццё прысвяціла школе, дзецям, а цяпер знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Дарэчы, да гімназіі-інтэрната Мядзела яна таксама мае самы непасрэдны ўдзел.
Змястоўным было і выступленне дырэктара Ірыны Азаркі. Яна падзякавала ўсім прысутным, што пакінулі справы і завіталі ва ўстанову, якую ў розныя гады заканчвалі. Расказала таксама пра сённяшняе жыццё гімназістаў, іх поспехі ў вучобе і ў грамадскім жыцці. З удзячнасцю ўзгадала пра педагогаў, якія вядуць вучняў па дарозе ведаў, выхоўваюць іх сапраўднымі грамадзянамі Беларусі. Сярод многіх назвала і настаўніка інфарматыкі Вячаслава Саўчыка, які напрыканцы мінулага года быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. А сёлета Вячаслаў Станіслававіч — лаўрэат ганаровага звання “Чалавек года Міншчыны”. На самай справе прыемна, што заслугі гэтага неабыякавага, ініцыятыўнага педагога нашага азёрнага краю прызнаны на такім высокім узроўні.
Па чарзе гасцямі імправізаванага рэтракафэ “Сустрэча” з’яўляюцца выпускнікі гімназіі: 2018 года на чале з класным кіраўніком Наталляй Анатольеўнай Клімовіч, а таксама 2014 і 2009 гадоў. Дарэчы, класнымі кіраўнікамі былі: у пяцігадовых юбіляраў — настаўнік матэматыкі Таццяна Васільеўна Казельская, а ў дзесяцігадовых — настаўнікі фізікі Раіса Іванаўна Балюк і біялогіі Людміла Канстанцінаўна Шчалкунова. Маладыя людзі з цікавасцю ўспаміналі адметныя моманты са свайго школьнага жыцця, расказвалі пра сябе, любімых настаўнікаў. Мелі слова і іх класныя кіраўнікі. А яшчэ былі падрыхтаваны арганізатарамі мерапрыемства для запрошаных на сцэну гульні і конкурсы, дзе патрэбна было праявіць не толькі веды і талент, але і гумар, кемлівасць. Варта сказаць, што з заданнямі ўсе спраўляліся паспяхова.
Акрамя таго, прысутнічалі ў зале і юбілейныя выпускі Мядзельскай сярэдняй школы №3: 2004 года (класны кіраўнік Ніна Міхайлаўна Лагутка), 1999-га (Любоў Васільеўна Северава), а таксама 1994 года (Зоя Уладзіміраўна Сапяжынская). Усе выпускнікі-юбіляры — 15-, 20- і 25-гадовыя — па чарзе падымаліся на сцэну. Дзяліліся ўспамінамі і, найперш, цікавымі момантамі з тагачаснага школьнага жыцця.
Узгадвалі пра сваю працу ва ўстанове адукацыі, вучняў і іх настаўнікі. На жаль, не ўсе яны змаглі прыйсці на свята. Не было Зоі Уладзіміраўны Сапяжынскай, хоць сустрэчы з ёй узрадаваліся б многія. Затое прысутнічала першая настаўніца пятнаццацігадовых юбіляраў Аліна Станіславаўна Скадорва. Са сцэны чуліся жарты, смех, віншаванні і найлепшыя пажаданні. Былі і кветкі педагогам, і падарункі ўстанове адукацыі.
Разам з гаспадарамі імправізаванага рэтракафэ ўздымалі настрой прысутным ўдзельнікі канцэртнай праграмы — сённяшнія гімназісты, якія прадэманстравалі артыстызм і нядрэнныя вакальныя здольнасці, за што заслужылі бурныя апладысменты.
Дарэчы, многія, пакідаючы ў той вечар сцены ўстановы адукацыі, адзначалі высокі ўзровень падрыхтоўкі вечара сустрэчы з выпускнікамі. Я асабіста з імі поўнасцю згодна. Колькі б ні даводзілася бываць у гімназіі-інтэрнаце на святах, заўсёды адзначала крэатыўнасць і адметнасць мерапрыемстваў: яны ўсе цікавыя і непадобныя адно на адно. Як і цяперашняе, што пакінула глыбокі след у сэрцах яго ўдзельнікаў. Гэта і не дзіўна. Былыя выпускнікі змаглі ажыццявіць экскурс у цудоўную пару дзяцінства і юнацтва, якая ўжо ніколі не вернецца, падзяліцца ўспамінамі. А яшчэ і аддаць даніну павагі сейбітам разумнага, добрага, вечнага, як здаўна называюць педагогаў, за іх важкі ўклад у вялікую і патрэбную справу выхавання падрастаючага пакалення. А гэта, згадзіцеся, дарагога каштуе.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота
Аляксандра Высоцкага.



06 лютага 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

Касцёл у Шэметава   223_ _06-040  возера Мястра

Пабрацімы Мядзела