Электрычная энергія для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння

З МЭТАЙ стымулявання павелічэння спажывання электраэнергіі ў нашай краіне для насельніцтва, якое выкарыстоўвае яе для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння, уведзены новыя тарыфы. Яны значна ніжэйшыя, чым для іншых бытавых спажыўцоў кілават-гадзін. Таму сёння ёсць сэнс задумацца аб замене катлоў, што працуюць на брыкеце, дрывах, на электрычныя. Па-першае, гэта становіцца прымальным па цане, а, па-другое, не будзем скідваць з рахунку і ўздым на якасна новы ўзровень вырашэння адной з важнейшых бытавых праблем людзей: у доме стане чысценька, як кажуць, без дыму і пылу. Што ж неабходна ведаць грамадзяніну, які вырашыў выкарыстоўваць электрычную энергію для ўласных патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння? Менавіта з такога пытання і пачалася наша гутарка з намеснікам старшыні райвыканкама Жаннай АПАНОВІЧ:

— Адзначу, што з 1 студзеня 2019 года існуюць тры віды тарыфаў на электрычную энергію для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння. І кожны можа падабраць для сябе тое, што яму найбольш падыходзіць:
- дыферэнцыраваны па гадзінных перыядах з 23.00 да 6.00 — 0,1019 рубля за кВт/гадзіну, а астатні час сутак — 0,1892;
- не дыферэнцыраваны па гадзінных перыядах для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння ў жылых дамах (кватэрах), якія не абсталяваны ва ўстаноўленым парадку сістэмамі цэнтралізаванага цепла- і газазабеспячэння, пры наяўнасці асобнага (дадатковага) прыбора індывідуальнага ўліку расходу электрычнай энергіі для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння — 0,0335 рубля за 1 кВт/гадзіну;
- не дыферэнцыраваны па гадзінных перыядах пры выкарыстанні грамадзянамі электрычнай энергіі ў тым ліку і для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння ў кватэрах шматкватэрных жылых дамоў, не абсталяваных ва ўстаноўленым парадку сістэмамі цэнтралізаванага цепла- і газазабеспячэння і абсталяваных ва ўстаноўленым парадку электрычнымі плітамі пры адсутнасці асобнага (дадатковага) прыбора індывідуальнага ўліку расходу электрычнай энергіі для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння — 0,0761 рубля за 1 кВт/гадзіну.
Важна ведаць і наступнае. Для выкарыстання электрычнай энергіі для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння па першых дзвюх указаных вышэй тарыфных групах грамадзяніну неабходна прадугледзець праектам устройванне асобнай электрасеткі для электразабеспячэння стацыянарна ўстаноўленых ці ўладкаваных у канструктыўныя элементы будынка электранагравальнага абсталявання заводскага вырабу. Прымяненне не дыферэнцыраванага па гадзінных перыядах тарыфу 0,0335 рубля за 1 кВт/гадзіну, а таксама дыферэнцыраваных па гадзінных перыядах патрабуе ў абавязковым парадку ўстаноўкі асобнага (дадатковага) прыбора індывідуальнага ўліку расходу электрычнай энергіі для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння.
У першую чаргу прымяненне тарыфаў, якія стымулююць выкарыстанне электраэнергіі для ацяплення і гарачага водазабеспячэння, прадугледжваецца для тых спажыўцоў, у якіх адсутнічае цэнтралізаванае газа- і цеплазабеспячэнне. Аднак у некаторых населеных пунктах можа назірацца сітуацыя, калі размеркавальныя электрасеткі знешняга электразабеспячэння маюць абмежаваны рэзерв прапускной здольнасці, што не дазваляе без правядзення іх рэканструкцыі значна павялічваць электрычную нагрузку жылых дамоў і кватэр.
— Жанна Сцяпанаўна, раскажыце больш падрабязна пра ўмовы прымянення тарыфу на электрычную энергію для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння, які не дыферэнцыруецца па гадзінных перыядах у жылых дамах ці кватэрах, не абсталяваных ва ўстаноўленым парадку сістэмамі цэнтралізаванага цепла- і газазабеспячэння.
— Ён складае 0,0335 рубля за 1 кВт/гадзіну і прымяняецца пры выкананні ў сукупнасці наступных умоў:
- жылы дом (шматкватэрны, блакіраваны, аднакватэрны) не абсталяваны ва ўстаноўленым парадку сістэмай цэнтралізаванага цеплазабеспячэння (ацяплення і (ці) гарачага водазабеспячэння); цэнтралізаванага газазабеспячэння;
- жылое памяшканне (кватэра) у шматкватэрным (блакіраваным) жылым доме, аднакватэрны жылы дом абсталяваны ва ўстаноўленым парадку стацыянарна ўстаноўленымі прыёмнікамі электрычнай энергіі для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння і асобным (дадатковым) прыборам індывідуальнага ўліку расходу электрычнай энергіі, да якога падключаны прыёмнікі электраэнергіі без выкарыстання штэпсельных злучэнняў.
Названая тарыфная група таксама прымяняецца з улікам норм і захавання сукупнасці вышэйпаказаных умоў для спажыўцоў паслуг электразабеспячэння (абанентаў), якія разлічваюцца цяпер або разлічваліся раней за паслугі электразабеспячэння па тарыфнай групе “Электрычная энергія для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння з далучанай (сумарнай) магутнасцю электранагравальнага абсталявання больш за 5 кВт”.
— Цяпер самы час перайсці да парадку выкарыстання электрычнай энергіі для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння ў аднакватэрных (блакіраваных) жылых дамах.
— У такім выпадку пытанне лепш за ўсё вырашаць пакрокава. Па-першае, неабходна ўдакладніць тэхнічную магчымасць для павелічэння электрычнай нагрузкі. Папярэднюю інфармацыю можна атрымаць у раёне электрычных сетак. Пры наяўнасці такой магчымасці трэба атрымаць тэхнічныя ўмовы. Калі ж чалавек узводзіць новы індывідуальны жылы дом, у якім плануе выкарыстоўваць электрычную энергію для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння, яму неабходна звярнуцца ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган з заявай на выдачу дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аднакватэрнага, блакіраванага жылога дома і (ці) нежылых капітальных пабудоў на прыдамавой тэрыторыі на выдзеленым зямельным участку. Пры намеры выкарыстоўваць электрычную энергію для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння ў індывідуальным жылым доме, які эксплуатуецца, трэба звярнуцца ў службу “Адно акно” раённага выканаўчага камітэта па рашэнне аб дазволе на рэканструкцыю аднакватэрнага, блакіраванага жылога дома на прыдамавой тэрыторыі. У абодвух гэтых выпадках неабходна абавязкова назваць гранічную велічыню магутнасці, якая запрошваецца, у тым ліку для ацяплення і гарачага водазабеспячэння. Варта ведаць і тое, што ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, тэхнічныя ўмовы на далучэнне электраўстановак спажыўца да электрасеткі для фізічных асоб, пры выкарыстанні электрычнай энергіі для нагрэву, будуць утрымліваць патрабаванне па ўстаноўцы асобнага (дадатковага) электроннага прыбора індывідуальнага ўліку расходу электрычнай энергіі для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння.
Наступны крок — распрацоўка праектнай дакументацыі. Выкарыстанне электрычнай энергіі для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння ў жылым доме, які эксплуатуецца, магчыма, запатрабуе рэканструкцыі ўнутрыдамавых электрычных сетак і адгалінавання ад паветранай лініі размеркавальнай сеткі знешняга электразабеспячэння напружаннем 0,4 кВ. У такім выпадку, з улікам патрабаванняў тэхнічных умоў на далучэнне да электычных сетак, неабходна распрацаваць праектную дакументацыю, якая прадугледжвае змяненне раней прынятых праектных рашэнняў у частцы знешняга і ўнутранага электразабеспячэння індывідуальнага жылога дома, які эксплуатуецца. Праектнай дакументацыяй трэба прадугледзець устаноўку асобнага (дадатковага) электроннага прыбора індывідуальнага ўліку расходу электрычнай энергіі для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння і падключэнне стацыянарна ўстаноўленых ці ўбудаваных у канструктыўныя элементы будынка электранагравальных устройстваў заводскага вырабу да электрычнай сеткі без выкарыстання штэпсельных злучэнняў. Паслугу па падключэнні электраўстановак аднакватэрных жылых дамоў і іншых капітальных пабудоў грамадзян да электрычных сетак у частцы знешняга электразабеспячэння індывідуальнага жылога дома, які эксплуатуецца, па праектаванні, выкананні электрамантажных работ, электрафізічных вымярэнняў і падключэнні дома да электрычнай сеткі можа аказаць філіял “Электрычныя сеткі”, а па праектаванні знешняга і ўнутранага электразабеспячэння індывідуальнага жылога дома – упраўленне капітальнага будаўніцтва нашага раёна. І, нарэшце, падключэнне рэканструяваных электраўстановак аднакватэрных (блакіраваных) жылых дамоў да электрасетак ажыццяўляецца спецыялістамі раёна электрычных сетак філіяла “Электрычныя сеткі”.
— Раскажыце і пра парадак пераходу з тарыфу “электрычная энергія для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння з далучанай (сумарнай) магутнасцю электранагравальнага абсталявання больш за 5 кВт” на не дыферэнцыраваны па гадзінных перыядах у жылых дамах (кватэрах), не абсталяваных ва ўстаноўленым парадку сістэмамі цэнтралізаванага цепла- і газазабеспячэння?
— Робіцца гэта па заяўніцкім прынцыпе. Грамадзяніну неабходна звярнуцца з заявай у энергазабяспечваючую арганізацыю, з якой заключана дамова на электразабеспячэнне (філіял “Энергазбыт”) і прад’явіць пашпарт ці іншы дакумент, які сведчыць асобу. Чалавек мае права самастойна падаць у энергазабяспечваючую арганізацыю звесткі, якія пацвярджаюць сукупнасць умоў для аднясення жылых памяшканняў у блакіраваных жылых дамах, аднакватэрных індывідуальных жылых дамоў да катэгорыі тых, якія можна перавесці на электраацяпленне і гарачае водазабеспячэнне. Бяруцца гэтыя звесткі з тэхнічных пашпартоў на жылыя памяшканні, праектнай дакументацыі. Пасля атрымання заявы філіял “Энергазбыт” узгадняе з грамадзянінам час яго наведвання для кантрольнага здыму паказанняў са сродку індывідуальнага ўліку расходу электрычнай энергіі для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння. Афармленне пераходу на тарыф “Электрычная энергія для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння з далучанай (сумарнай) магутнасцю электранагравальнага абсталявання больш за 5 кВт” ажыццяўляецца дакументальна пры заключэнні або перазаключэнні дамовы электразабеспячэння на ўказаныя мэты.
— І ў колькі, Жанна Сцяпанаўна, абыдзецца людзям гэта, безумоўна, прывабная “цывілізацыя”?
— Адназначна тут не адкажаш. Асноўная сума выдаткаў у шэрагу выпадкаў прыпадзе на электракацёл, а яго кошт залежыць ад маркі і магутнасці. На гэта можна патраціць і 350 рублёў, і 1800. Што датычыць праекта, то ён абыдзецца чалавеку ад 100 да 120 рублёў у залежнасці ад выканаўцы. Ва ўсялякім выпадку, там, куды не падведзены прыродны газ, гэтыя разавыя затраты і пэўныя клопаты, па маім меркаванні, цалкам акупяцца куды больш высокім узроўнем камфортнага жыцця ва ўласным доме на многія гады

Гутарыў Павел ЖУКАЎ.



05 лютага 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Афіцыйна

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

    Паруснікі                          06-043 _06-040 84

Пабрацімы Мядзела