Не кліч бяду: яна сама прыйдзе

АДРАЗУ крыху статыстыкі. З пачатку года ў сталічнай вобласці адбылося 130 пажараў. У агні загінулі 19 чалавек. У нашым раёне былі два пажары. Дзякуй Богу, чалавечых ахвяр няма. Гэта сведчанне таго, што прафілактычная работа пастаўлена на адпаведным узроўні. Работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях упэўнены, што бяда не прыйдзе туды, дзе выконваюць правілы бяспекі. Але далёка не ўсе грамадзяне прытрымліваюцца прынцыпу рабіць усё зага­дзя, не адкладваючы на доўгае «потым»! Яны клічуць бяду, а тая не марудзіць з наведваннем.

Днямі разам з супрацоўнікамі райаддзела, лейтэнантамі ўнутранай службы Ва­дзімам Сіняўскім і Аляксандрам Летуном правялі чарговы маніторынг па пытаннях пажарнай бяспекі ў жылых дамах асобных грама­дзян на тэрыторыях Княгі­нінскага, Крывіцкага і Мядзельскага сельсаветаў.

— Наша мэта — захаваць кожнае жыццё, «дастукацца» да грамадзян, данесці да іх рэальнасць праблемы і магчымыя наступствы, а пры неабходнасці дапамагчы тым, каму гэта патрэбна, — гаворыць Вадзім Сіняўскі.

Падчас сустрэч з людзьмі выратавальнікі расказвалі, як бяспечна правесці ацяпляльны сезон, на што ў першую чаргу варта звярнуць увагу. А наведвалі мы дамы грамадзян, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі,
сем’яў, у якіх дзеці знахо­дзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзе жывуць адзінокія састарэлыя людзі. Забягаючы наперад, скажу, што далёка не ўсе з разуменнем успрымалі візіт выратавальнікаў.

Вёска Палавікі. У адным з дамоў уваходныя дзверы замкнёны з сярэдзіны. Колькі ні стукалі, гаспадар не пажадаў іх адчыніць і пагутарыць з выратаваль­нікамі. Падобная сітуацыя была і ў Восаве.

У вёсцы Зарэчная наведаліся ў дом № 26, дзе жыве Пётр Апанасевіч. Гаспадар запрасіў у хату.

— Застаўся адзін, гаспадыня памерла, — скардзіц­ца ён. — Сам у гадах, цяжка падтрымліваць у пакоі парадак…

— У мінулым годзе ў гэтай хаце не было электрычнасці. А зараз устаноўлены новы электралічыльнік, — за­значыў Вадзім Сіняўскі. — Хто яго ставіў?

— Прыязджалі з Мядзела, паставілі, — адказаў Пётр Іосіфавіч (здымак 1).

— А  што гэта за праводка?! Нельга ж дапускаць скруткі алюмініевага і меднага дроту, — кажа Аляксандр Лятун.

— Я ўсё разумею, сам працаваў электрыкам на Крывіцкім участку электрасетак. Нельга так рабіць, але гэта часова, — пераконваў гаспадар.

Пракладзена з хаты ў куратнік электралінія. Яна таксама выканана з алюмініевай і меднай электраправодкі, нават кавалак сілавога кабелю выкарыстаны. Усе скруткі адкрытыя, не ізаляваныя. На іх трапляе дождж, снег. Тут да бяды недалёка. У хаце ля печкі прыбіты кавалачак бляхі, які не адпавядае супрацьпажарным патрабаванням, да дзверцаў топкі дакранаецца занавеска, што можа выклікаць загаранне. У адным з куткоў — куча пустых бутэлек.

— Любіце ў чарку зазірнуць? — пытаем.

— Не, гэта сын часам прыязджае з Вілейкі, ён любіць выпіць, — чуем у адказ.

Гарышча дома за­хламлена, комін аб­кладзены дошкамі. Усё гэта з’яўляецца парушэннем супрацьпажарнай бяспекі.

Наступны прыпынак у вёсцы Пашкоўшчына — ля дома №8 па вуліцы Лясной. Гаспадар Аляксандр Грышкевіч, убачыўшы гасцей, ветліва запрасіў у хату. У пакоях цёпла, чыста і ўтульна. Праўда, і тут без недахопаў не абышлося. У адным з пакояў неабходна замяніць электраправодку, бо яна даўно адслужыла нарматыўны тэрмін эксплуатацыі. Гарышча дома загрувашчана рознымі непатрэбнымі рэчамі, а комін абкла­дзены дошкамі. На гэтыя недахопы выратавальнікі ўказалі гаспадару, і той паабяцаў усё выправіць у бліжэйшы час.

Вёска Задубенне. У доме № 44 жыве Пётр Мычко. Удзельнікаў маніторынгу ён сустрэў насцярожана, нават, можна сказаць, агрэсіў­на. Маўляў, ездзіце тут, толькі перашкаджаеце. З дазволу гаспадара заходзім у хату. Не ведаю, як на выратавальнікаў, а на мяне ўбачанае зрабіла незабыўнае ўражанне. Пакоі ўсе загрувашчаны барахлом. Толькі пакінуты невялічкія праходы, каб перайсці з аднаго ў другі. Гэты дом больш нагадвае склад рыззя, а не жылое памяшканне. Напэўна, з усёй вёскі гадамі непатрэбныя рэчы «перакачоў­валі» сюды (здымак 2).

— Электрычнасці ў мяне няма, дзевяць гадоў жыву без дроў. Ніхто мне не хоча дапамагаць, — бурчэў гаспадар. — А вашы прадпісанні мне да лямпачкі. Бу­дзе пажар, згару я — і няхай. Каму ад гэтага бяда…

— Але ад вашага пажару могуць пацярпець і іншыя вяскоўцы, — стараемся яго пераканаць.

— А мне да іх няма ніякай справы. І вы едзьце адсюль, не дурыце мне галавы, — са злосцю адказаў Пётр Мычко.

Тут, як кажуць, каментарыяў не трэба. Што зробіш, калі чалавек нават не жадае слухаць іншых. А каб вывезці з дому ўсё непатрэбнае, не хопіць аднаго грузавіка.

Наступны прыпынак — у вёсцы Трыданы. У доме № 14 жыве Віктар Варабей. Яго хата больш нагадвае смалакурню. Падлога брудная, паўразбураная печка цеплілася, і з яе шчылін дым выкідваўся ў пакой. На шнурку ля самай печкі вісіць адзенне, калі гэтыя анучы можна так назваць. Дровы, якія, па словах Віктара, даў сусед, складзены ў хаце па­між шафамі, ля ложка. Столь закуродымленая. Шыбы ў вокнах гадамі ніхто не мыў, таму святло з вуліцы ледзьве прабіваецца. Аўтаномны апавя­шчальнік не працуе. Дзверцы ў печцы ледзьве трымаюцца. Гаспадар любіць пакурыць у ложку, пра што сведчаць недакуркі і абгарэлыя
запалкі на падаконніку, побач з ложкам. Ды і ў шклянку ён не супраць зазірнуць, бо на падлозе валяюцца коркі.

— Тут у вас у любы момант можа ўспыхнуць пажар, — гаворым Віктару.

— Не, калі цеплю ў печцы, то сам сяджу і назіраю, — адказвае ён.

— Але ж ад дыму можна ўчадзець…

— Я прывык. Перазімую гэту зіму, а восенню паеду ў Вузлу. Там, кажуць, някепска, — кажа ён.

Што ж, рашэнне правільнае.

Падчас рэйду выратавальнікі аглядалі печы і электрычную праводку, паказвалі жыхарам на наяўныя парушэнні, нагадвалі правілы пажарнай бяспекі, расказвалі, як дзейнічаць у выпадку пажару. Усім яны ўручалі інструкцыі і лістоўкі, якія дапамогуць зарыентавацца ў выпадку бяды.

Па выніках маніторынгу матэрыял да друку падрыхтаваў

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

Фота аўтара.



04 лютага 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

від на Мядзел на Блакітных азёрах        возера Мястра

Пабрацімы Мядзела