Гумар па-сваткаўску

Нашы юныя КВЗэшнікі паспелі прывучыць да сваіх поспехаў і спыняцца ў заваяванні прызавых месцаў яўна не збіраюцца. Летась зборная «Адчыніце дзверы — мы ўвойдзем!» перамагла на абласным этапе VII рэспубліканскага турніру сярод школьных каманд КВЗ «У будучыню з
усмешкай», а на рэспубліканскім заняла трэцяе месца.
А нядаўна каманда «Пераехала камбайнам» заваявала Кубак губернатара Мінскай вобласці.

Сёлета ўзяліся пакараць турнір «У будучыню з усмешкай» сваткаўскія школьнікі. Каманда «Ад ДУШы са Сватак» адразу ўдзельнічала ў адборачным раўндзе для паўночных раёнаў вобласці. Адбыўся ён у аграгарадку Сеніца Мінскага раёна. Занялі сваткаўцы там другое месца. Крыху падпрацавалі сцэнарый і паехалі на фінал абласнога этапа. Прайшоў той у Слуцку 18 студзеня. Змагаліся за права прадставіць вобласць на рэспуб­ліканскім этапе адзінаццаць каманд —  лепшыя з двух занальных адбораў.

Для таго, каб паказаць свае таленты, быў у іх адзін конкурс візітовак і толькі шэсць хвілін на сцэне. Каманда з Мядзельшчыны атрымала максімальны бал і падзяліла першае месца з прадстаўнікамі Крупскага раёна.

— За кошт чаго ўдалося перамагчы? — пытаю ў кіраўніка каманды, настаўніка Сваткаўскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа імя Максіма Танка Рыгора Хілы.

— Дапамагла згуртаванасць, зла­джанасць работы, у тым ліку — з музыкай. Было бачна, што некаторыя каманды не вельмі падрыхтаваныя, тая ж музыка несвоечасова ўключалася. Ды і, вядома, гумар наш ацанілі.

— На якія тэмы ў асноўным жартавалі?

— Зрабілі ўхіл на тое, што мы з вёскі. Бо іншыя каманды пераважна былі гарадскія.

— Хто быў у складзе каманды?

— Гэта Кірыл Балахонаў, Аляксей Чарняўскі, Андрэй Вайтко, Андрэй Калбун, Мікіта Буглак, Паша Мянчынскі, Сняжана Бардыня, Мікіта Пуня, Таня Раскова, Дзмітрый Гарошка і Ілья Мацін.

— Ці доўга рыхтаваліся да фіналу абласнога этапа?

— Дастаткова доўга. Бо трэба было падрыхтаваць адразу тры нумары. Адзін на вобласць, і два — на паўфінал трэцяга раённага фестывалю КВЗ.

Пра тое, што ўразіла ў фінале, расказаў капітан каманды Дзмітрый Гарошка:

— Спачатку было боязна выступаць: думалі, вельмі моцныя каманды будуць, хваляваліся. А калі выйшлі на сцэну — пасля першых мініяцюр справіліся з хваляваннем і ўжо не так страшна было. Выступілі і чакалі вынікаў. Калі аб’явілі, што мы занялі першае месца — такая радасць, адрэналін!

— Усё па плане ішло?

— Было, што ў некаторых момантах словы забыліся і давялося зымправізаваць. Але атрымалася добра, публіцы спадабалася.

— А яшчэ запомнілася тое, як моцна хваляваўся наш кіраўнік Рыгор Канстанцінавіч, —  уступаюць у размову іншыя ўдзельнікі каманды.

…Пахвалявацца Рыгору Хілу яшчэ давядзецца — у сваткаўцаў наперадзе ўдзел у фінале VIII рэспубліканскага турніру па гульні КВЗ сярод школьных каманд «У будучыню з усмешкай», намечаны на сакавік.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.

Фота аўтара.

 



04 лютага 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Моладзь

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_06-040 на Блакітных азёрах        від на Мядзел Касцёл у Шэметава

Пабрацімы Мядзела