Мядзельская лыжня-2019

Адбылося раённае спартыўнае мерапрыемства, прысвечанае 100-годдзю БССР.

ЗАДОЎГА да пачатку спаборніцтваў на гарадскім пляжы, дзе яны праводзіліся, гучала музыка. Былі і іншыя атрыбуты ці не кожнага раённага свята: акцыя за здаровы лад жыцця ад грамадскага аб’яднання “Белая Русь” ды выязны гандаль з нязменна смачнай юшкай і духмянай гарбатай ад райспажыўтаварыства.
Адкрываючы мерапрыемства, намеснік старшыні райвыканкама Наталля Апановіч зазначыла: “Пятага студзеня ў вобласці стартавала акцыя “Міншчына спартыўная”. Раён актыўна ўключыўся ў гэту акцыю. Удзельнічаюць у спартыўных мерапрыемствах працоўныя калектывы. Сярод найбольш актыўных — цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, райаддзел па надзвычайных сітуацыях, аддзяленне дэпартамента аховы. Праводзяцца і мерапрыемствы па зімовых відах спорту для дзяцей. Цяпер нашы школьнікі ўдзельнічаюць у абласных спаборніцтвах “Снежны снайпер”. Кожны раз каля ста балельшчыкаў выязджае ў Раўбічы падтрымаць сваіх спартсменаў. Сёння ў нас таксама свята. Жадаю ўсім удалага дня, добрага настрою, а кожнаму ўдзельніку — перамогі!”
Першымі на лыжню выйшлі навучэнцы спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву раёна. Спаборнічалі яны ў дзвюх узроставых групах на дыстанцыі адзін кіламетр.
Потым у эстафеце змагаліся дарослыя лыжнікі. Жанчыны беглі адзін круг (500 метраў), мужчыны — два (адпаведна, кіламетр). Адразу спаборніцтва разгарнулася ў групе “А” (прадпрыемствы і арганізацыі). На лыжню выйшлі каманды ДЭУ № 66, ДРБУ-133, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, НДЦ “Зубраня”, цэнтральнай раённай бальніцы, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, райспажыўтаварыства, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Найбольш відовішчным было выступленне выратавальнікаў. Як высветлілася, невыпадкова: у складзе каманды — паспяховы выпускнік СДЮШАР раёна (праўда, займаўся веславаннем) Віктар Плакса, уладальніца дыплома ўніверсітэта фізкультуры і спорту, лыжніца Ірына Карапецян і ў недалёкім мінулым член нацыянальнай зборнай Беларусі па лыжных гонках, майстар спорту Яўген Церашкевіч. Што цікава, выступалі яны пад нумарамі 101, 102 і 103.
У адзін забег аб’ядналі каманды груп “В” і “С”. У першай з іх спаборнічалі каманды сельсаветаў: Занарацкага, Мядзельскага і Свірскага. У другой — райвыканкама і яго структурных падраздзяленняў (упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне; аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі; упраўлення па адукацыі, спорце і турызме), а таксама раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь” і БРСМ.
***
Узнагароды знайшлі сваіх герояў. Спачатку — самых юных — навучэнцаў СДЮШАР раёна. Трэцяе месца ў старэйшай узроставай групе заняў Іван Гарадзецкі, другое — Уладзіслаў Шароха, першае — Арцём Пачкоўскі. А ў малодшай “бронза” дасталася Арцёму Тарасевічу, “срэбра” — Паўлу Панамарову, “золата” — Андрэю Садоўскаму. Сярод дзяўчынак на трэцяй прыступцы п’едэстала апынулася Арына Івашкевіч, на другой —
Дар’я Кімстач, на трэцяй —
Дар’я Кадушкевіч.
Былі ўзнагароджаны пераможцы з ліку каманд працоўных калектываў.
У групе “А” трэцяе месца заняла каманда Мядзельскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў складзе Алега Чарняўскага, Марыны Лукашэвіч і Аляксея Слабковіча. Другое — НДЦ “Зубраня” (Віталій Філіповіч, Алена Лабанок, Канстанцін Гурскі). А на першую прыступку п’едэстала ўзнялася каманда райаддзела па надзвычайных сітуацыях.
Трэцяе месца ў групе “В” заняла каманда Мядзельскага сельсавета, у якой былі Аксана Яскавец, Ірына Рагоўская і Яўген Яскавец. Другое — Занарацкага (Дзмітрый Стадольнік, Ларыса Зелянкевіч і Алег Сурвіла). А перамогу святкавала каманда Свірскага сельсавета ў складзе Віктара Кончанкава, Карыны Лошык і Андрэя Субача.
А вось у групе “С” трэцюю прыступку п’едэстала заняла каманда раённай арганізацыі БРСМ (Кірыл Клімовіч, Ксенія Жукоўская і Сяргей Багданаў). На другой апынуліся лыжнікі з раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” (Юрый Касценка, Аксана Роўда і Юрый Іваноў). А перамога прадказальна дасталася камандзе ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, у складзе якой былі дырэктар спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву раёна Андрэй Малько, яго намеснік Наталля Баран і дырэктар фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Андрэй Русак.
Спонсарамі спаборніцтваў былі ўпраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, грамадскае аб’яднанне “Белая Русь” і сялянская гаспадарка “Антэй-сад”.
***
Уражаннямі ад “Мядзельскай лыжні-2019” дзеляцца яе пераможцы і прызёры.
Яўген ЦЕРАШКЕВІЧ, камандзір аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 горада Мядзела:
— Атмасфера суперская, адчуваецца свята, людзі займаюцца фізкультурай. Мы планавалі выйграць гэту гонку — і выйгралі.
Андрэй МАЛЬКО, дырэктар СДЮШАР раёна:
— Мерапрыемства вельмі добрае, карыснае і дзецям, і дарослым. Хацелася б толькі, каб каманд удзельнічала больш. На нас жа глядзіць маладое пакаленне, дзеці. Я вырас і працую ў Мядзеле, а таму хачу, каб у нас былі сапраўды спартыўны гарадок і раён. Бо што, як не спорт, сёння можа ўславіць Мядзельшчыну на міжнародным
узроўні? Вядома, зусім не абавязкова ўсім рабіцца чэмпіёнамі. Спорт — вялікі плюс у жыцці, ты ў пашане, у якой бы сферы ні працаваў. Так, райаддзел па надзвычайных сітуацыях амаль напалову ўкамплектаваны нашымі выпускнікамі, і яны годна там служаць. Напрыклад, Віктар Плакса стаў найлепшым маладым спецыялістам МНС Беларусі!
Марына ЛУКАШЭВІЧ, сакратар прыёмнай Мядзельскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі:
— Уражанні ад спаборніцтваў добрыя. Вядома, хацелася перамагчы. Аднак лічу, што і трэцяе месца — для нас, аматараў, нядрэнны вынік.
Наталля БАРАН, намеснік дырэктара СДЮШАР раёна:
— У мяне сёння трайная перамога. Не толькі каманда, у складзе якой я выступала, заняла першае месца. Перамаглі таксама мае вучні: Дар’я Кадушкевіч і Андрэй Садоўскі. Гэтымі дзецьмі, мяркую, яшчэ будуць ганарыцца і наш раён, і ўся краіна.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота
Аляксандра Высоцкага.



08 лютага 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_06-040 dsc_5774-3 06-012 img_4257

Пабрацімы Мядзела