Шлях ад радавога да палкоўніка

Дзевяностапяцігоддзе з дня нараджэння адзначыў 1 студзеня бягучага года ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны з к. п. Нарач Уладзіслаў Кушчаў. А назаўтра палкоўнік у адстаўцы прымаў віншаванні са слаўнай датай у жыцці ад супрацоўнікаў ваеннага камісарыята раёна на чале з ваенным камісарам падпалкоўнікам Алегам Радкевічам, а таксама ад старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” маёра ў адстаўцы Міхаіла Чаркасава.

— Задаволены застаўся Уладзіслаў Аляксандравіч, што яго не абмінулі ўвагай у такі адметны дзень, — распавядаў пазней Міхаіл Уладзіміравіч. — Рады былі спатканню з юбілярам і мы. Бо перад намі быў чалавек-легенда, пра якога можна кнігі пісаць, кінафільмы здымаць. Салдат дайшоў франтавымі дарогамі да Берліна — логава фашыстаў. А пасля вайны, стаўшы афіцэрам, абараняў свяшчэнныя рубяжы нашай Радзімы ад ворагаў у мірны час. Паверце, не так часта паважаныя людзі адзначаюць падобныя даты. А яшчэ і са светлай галавой, на сваіх нагах.
Як даведалася з далейшай размовы, кадравы ваенны ў адстаўцы не толькі прымаў віншаванні і шчырыя пажаданні ад гасцей, якія наведаліся да яго дадому. Расчулены, ён успамінаў мінулае, узгадваў эпізоды з ваеннага і мірнага жыцця. Калі пачалася вайна, Уладзіславу было 17 гадоў. Тады ён жыў у вёсцы Дзергачы Саратаўскай вобласці. Многія землякі хлопца пайшлі добраахвотнікамі на фронт. Яго ж прызвалі ў Чырвоную Армію не адразу. А пакуль чакаў павестку, давялося і супрацьтанкавыя равы капаць. Гэта быў час падрыхтоўкі да Сталінградскай бітвы. А яна, як ведаем, адыграла вялікую ролю ў ходзе далейшых ваенных дзеянняў.
Стаў салдатам юнак напрыканцы 1942 года. Напачатку служыў у пяхоце. Быў паранены, знаходзіўся ў шпіталі. А як паправіўся, атрымаў накіраванне ў артылерыю, якую салдаты між сабой паважліва называлі “Богам вайны”. У складзе падраздзяленняў 1-га Беларускага фронту радавы Кушчаў вызваляў Заходнюю Украіну, Беларусь, Польшчу, дайшоў да Берліна. Там, дарэчы, і свайго бацьку Аляксандра Міхайлавіча сустрэў, які быў кадравым ваенным, служыў начальнікам штаба 5-ай ударнай арміі. З сынам не бачыўся з таго часу, як пайшоў на фронт. Дарэчы, крыху пазней генерал-маёру Аляксандру Кушчаву за ўмелую арганізацыю штабной работы, мужнасць і гераізм Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Ганарыцца Уладзіслаў Аляксандравіч сваім бацькам. І партрэт яго з зоркай героя і зараз беражліва захоўвае.
Пасля вайны Уладзіслаў закончыў агульнавайсковае ваеннае вучылішча. Служыў у Запаляр’і, на Кольскім паўвостраве, пасля — у Беларусі. Прайшоў шлях ад камандзіра ўзвода да камандзіра палка вучэбнай танкавай дывізіі. У званні палкоўніка дэмабілізаваўся. У той перыяд патрапіў у наш сінявокі азёрны край ды і застаўся тут. Нават на пасадзе дырэктара Дома адпачынку “Нарач” некаторы час давялося папрацаваць.
Не зважаючы на гады, перажытае, Уладзіслаў Аляксандравіч па-ранейшаму малады і бадзёры душой. Не прывык франтавік ні на што скардзіцца. Яго ўсё задавальняе. Аднаго толькі жадае: каб не ведалі людзі войнаў і кровапраліццяў, каб былі мір і спакой на зямлі.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
На здымку: Уладзіслаў Кушчаў у маладыя гады.



31 Студзень 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

84 Касцёл у Засвіры   Царква ў Крывічах 1-12

Пабрацімы Мядзела