Хаця і адны з лепшых у вобласці

СКАЖАМ шчыра: увечары ў нашым горадзе можна спакойна прагуляцца па вуліцах і плошчах. І ніхто да цябе не прыстае, не зневажае, не брыдкасловіць. Гэта і паказчык узроўню культуры мясцовых жыхароў, і правапарадку, за які адказваюць, найперш, “сілавікі”. Аднак ці ўсё настолькі бязвоблачна ў такой важнай сферы іх дзейнасці? Прадметная размова наконт гэтага вялася на чарговым пасяджэнні райвыканкама ў мінулую пятніцу, калі абмяркоўвалі вынікі работы па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй на тэрыторыі Мядзельшчыны за мінулы год. Напачатку варта адзначыць, што ўзровень злачыннасці ў разліку на 10 тысяч насельніцтва ў азёрным краі адзін з самых нізкіх у сталічнай вобласці — 88,5. Менш стала злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку з катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Уцешна тое, што ўсе асобы, якія іх учынілі, устаноўлены. На гэтай акалічнасці акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў пасяджэння пры яго адкрыцці старшыня райвыканкама Анатолій Вайнілка. Відавочна і яшчэ адна станоўчая напрацоўка: у структуры злачыннасці па лініі крымінальнага вышуку фіксуецца змяншэнне ў параўнанне з папярэднім годам колькасці забойстваў з трох да аднаго, рабаўніцтваў — з пяці да трох, фактаў прычынення менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Анатолій Мар’янавіч таксама адзначыў, што ў раёне не дапушчана ўскладнення дарожнай абстаноўкі. Колькасць зарэгістраваных аварый зменшылася ў два разы, не было дарожна-транспартных здарэнняў з гібеллю людзей.
Аднак, як падкрэсліў Анатолій Вайнілка, разам з дасягнутымі станоўчымі тэндэнцыямі, хапае і негатыўных момантаў. Так, па выніках года не ўстаноўлены падазроныя па сарака шасці злачынствах. Структура апошніх па лініі крымінальнага вышуку адзначаецца павелічэннем колькасці выпадкаў наўмыснага прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, угонаў транспарта, хуліганстваў. У параўнанне з 2017 годам зарэгістраваны рост злачынстваў у Мядзеле, на тэрыторыях Нарацкага і Будслаўскага сельсаветаў. Як і ўчыненых групай асоб, непаўналетнімі. Па меркаванні Анатолія Мар’янавіча, у барацьбе з алкагалізацыяй насельніцтва, самагонаварэннем, рэалізацыяй кантрафактных спіртных напояў, апрача аддзела ўнутраных спраў, павінны больш зацікаўлена працаваць прадстаўнікі мясцовай улады. Дае плён і работа па прафілактыцы правапарушэнняў у аграпрамысловым комплексе. У ходзе рэйдавых праверак выяўлены трыццаць пяць выпадкаў ужывання спіртных напояў на вытворчасці, факты адсутнасці вартаўнікоў на аб’ектах, адкрыты доступ туды пабочных асоб. І калі ўзяць у разрэзе гаспадарак, то ў “лідарах” па негатыве аказваюцца таварыствы “Мядзелаграсэрвіс”, “Слабадская зара”, “Пруднікі-Агра”…
Больш дэталёва на выніках работы па барацьбе са злачыннасцю потым спыніўся начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Андрэй Мініч. Як прагучала ў дакладзе Андрэя Іванавіча, рэалізаваныя арганізацыйна-практычныя меры гарантавалі ў раёне грамадскую бяспеку, падтрымку правапарадку і своечасовае рэагаванне на змяненні аператыўнай абстаноўкі. Паглыблены аналіз за апошнія пяць год сведчыць пра адносную стабільнасць агульнай колькасці злачынстваў, якія рэгіструюцца. У структуры па лініі крымінальнага вышуку большасць складаюць крадзяжы маёмасці – 68 працэнтаў, а найбольш распаўсюджаны спосаб іх здзяйснення — шляхам свабоднага доступу. Бывае і так, што злачынцы, каб трапіць у жыллё, пашкоджваюць замкі дзвярэй ці выстаўляюць рамы ў вокнах. Аказваецца, што з сарака шасці злачынстваў, па якіх летась не ўстаноўлены падазроныя, сорак два — крадзяжы, тры — хуліганствы і адзін факт прапажы важных асабістых дакументаў. Практыка сведчыць: супрацьпраўныя дзеянні ў пераважнай большасці ўчыняюць асобы мужчынскага полу, якія не працуюць і не вучацца, злоўжываюць спіртнымі напоямі…
У раёне дасягнуты станоўчыя вынікі па выяўленні злачынстваў па лініі наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі. Тым не менш, мерапрыемствы па інфармацыйна-растлумачальнай рабоце сярод навучэнцаў устаноў адукацыі не губляюць сваёй актуальнасці. Больш за тое, яны патрабуюць актывізацыі з боку супрацоўнікаў міліцыі і педагогаў, асабліва на тэму незаконнага распаўсюджання і ўжывання наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. З 28 да 39 павялічылася колькасць злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку, здзейсненых у грамадскіх месцах. У абазначаным напрамку аператыўна-службовай дзейнасці патрабуецца прыняцце дадатковых мер. З мэтай стабілізацыі абстаноўкі ў грамадскіх месцах аддзел унутраных спраў у гэтым месяцы правёў спецыяльнае комплекснае мерапрыемства “Правапарадак”. Была задзейнічана значная колькасць яго супрацоўнікаў, а таксама аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь і абласнога атрада міліцыі асаблівага прызначэння. Адпрацаваны дваццаць чатыры населеныя пункты, сямнаццаць забаўляльных устаноў. У выніку выяўлены 64 адміністрацыйныя правапарушэнні, устаноўлены падазроны па факце ўчынення рабаўніцтва ў начны час у адносінах да пенсіянера з вёскі Швакшты. Затрыманы таксама грамадзянін, якія хаваўся ад накіравання ў лячэбна-працоўны прафілакторый.
З прычыны актывізацыі зламыснікаў, якія выкарыстоўваюць для благіх учынкаў глабальную камп’ютарную сетку інтэрнэт, з чатырох да дзесяці павялічылася колькасць зарэгістраваных злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій. У той жа час роўна ў два разы менш стала эканамічных правапарушэнняў карупцыйнай накіраванасці. На думку Андрэя Мініча, сёлета неабходна забяспечыць правядзенне дадатковых мерапрыемстваў па выяўленні эканамічных злачынстваў, у першую чаргу карупцыйнай накіраванасці, якія ўчыняюцца ў ходзе рэалізацыі дзяржаўных праграм на прадпрыемствах з долямі дзяржаўнай уласнасці, у сферах бюджэтнага фінансавання і закупак. Асаблівай увагі ў плане папярэджання правапарушэнняў патрабуюць таксама аб’екты аграпрамысловага комплексу і гандлю, дзе сканцэнтравана мноства таварна-матэрыяльных каштоўнасцей. Пры адсутнасці надзейных сродкаў тэхнічнай умацаванасці, аховы магазіны і мехдвары, склады і фермы становяцца ўразлівымі перад аматарамі лёгкай нажывы. Ім толькі на руку адсутнасць начнога асвятлення, належнага агароджвання, адчыненыя насцеж уязныя вароты і дзверы на тэрыторыі розных аб’ектаў, кінутая як папала сельскагаспадарчая тэхніка.
У адпаведнасці з патрабаваннямі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў” для ўхілення прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць учыненню правапарушэнняў, па выяўленых у ходзе рэйдавых мерапрыемстваў недахопах у адрас кіраўнікоў гаспадарак унесена 96 прадстаўленняў. За несвоечасовы адказ ці іх невыкананне дваццаць асоб прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. У снежні зарэгістраваны два факты крадзяжу таварна-матэрыяльных каштоўнасцей з нарыхтоўчага магазіна райПО, размешчанага ў райцэнтры па вуліцы Інтэрнацыянальнай. Устаноўленая ахоўная сігналізацыя там была ў няспраўным стане, тэхнічная ўмацаванасць дзвярэй і вокан не адпавядала патрабаванням. У краме адсутнічалі сістэма відэаназірання, трывожная кнопка з вывадам на пункт цэнтралізаванага назірання Мядзельскага аддзялення Дэпартамента аховы.
Не сакрэт і тое, што для дасягнення станоўчых вынікаў у барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй, абароне правоў і свабод грамадзян, інтарэсаў грамадства і дзяржавы ад супрацьпраўных замахаў неабходна пастаянная скаардынаваная работа ўсіх зацікаўленых органаў па прафілактыцы правапарушэнняў.
Асноўнага дакладчыка істотна дапоўніў пракурор раёна Іван Малафей, які ў асноўным спыніўся на антыкарупцыйнай дзейнасці. У прыватнасці, Іван Іванавіч адзначыў, што на Мядзельшчыне за мінулы год выяўлена пяць карупцыйных злачынстваў. І толькі адно выяўленне — на рахунку аддзела ўнутраных спраў. Учынены яны ў сферы дзяржаўнага кіравання і гандлю. Пракуратурай раёна летась праведзена шэсць праверак выканання антыкарупцыйнага заканадаўства. Па іх выніках у адрас суб’ектаў гаспадарання ўнесена восем прадстаўленняў, тры чалавекі афіцыйна папярэджаны, пяць асоб прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасці. Іван Малафей папярэдзіў кіраўнікоў устаноў адукацыі, што грашовыя сродкі, якія паступаюць ад спонсараў — бацькоў вучняў ці былых выпускнікоў — для падтрымання школы ў добрым стане, павінны быць належным чынам апрыходаваны, патрачаны па мэтавым прызначэнні, а закупленыя і зрасходаваныя матэрыяльныя сродкі ва ўстаноўленым парадку спісаны. У пэўных выпадках нават невялікія адступленні ад норм дзеючага заканадаўства, якія здаюцца на першы погляд зусім нязначнымі, могуць прывесці ў выніку да карупцыйных альбо іншых цяжкіх злачынстваў, за якія прадугледжаны немалыя тэрміны пазбаўлення волі…
На пасяджэнні заслуханы таксама тлумачэнні старшынь Нарацкага сельскага выканаўчага камітэта Мікалая Маркевіча, праўлення райПО Аксаны Грузд, галоўнага інжынера жыллёва-камунальнай гаспадаркі Уладзіміра Шабовіча. У прынятым рашэнні намечаны шэраг мер па ўзмацненні ў раёне барацьбы са злачыннасцю і карупцыяй. У прыватнасці, ад упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні патрабавана ўзяць на асаблівы кантроль стан працоўнай дысцыпліны, забеспячэнне захаванасці таварна-матэрыяльных каштоўнасцей у таварыствах “Мядзелаграсэрвіс”, “Слабадская зара” і “Пруднікі-Агра”. На якасна новы ўзровень трэба ўзняць і правядзенне інфармацыйна-растлумачальнай работы сярод навучэнцаў па прафілактыцы правапарушэнняў, супрацьдзеянні педафіліі, незаконным распаўсюджанні і ўжыванні наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. А выяўленню асоб, якія займаюцца вырабам і рэалізацыяй самагону, іншых напояў з утрыманнем спірту, ажыццяўляюць незаконны збор і назапашванне лому металаў, паспрыяе больш цеснае ўзаемадзеянне старшынь сельскіх выканаўчых камітэтаў і аддзела ўнутраных спраў…

Павел ЖУКАЎ.



31 Студзень 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

0-178 Касцёл у Шэметава   возера Глубелька

Пабрацімы Мядзела