Свята мужных людзей

УРАЧЫСТАЕ мерапрыемства з нагоды Дня выратавальніка прайшло ў глядзельнай зале Мядзельскага раённага Цэнтра культуры. Пачалося ўсё з прагляду відэароліка «Пражыць адно жыццё, выратаваць тысячы». Потым на сцэну выходзяць вядучыя — супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях Ірына Карапецян і Вадзім Сіняўскі, і абвяшчаюць, што сёлета Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь адзначае сваё 20-годдзе. Да мікрафона запрашаецца старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатолій Вайнілка. Анатолій Мар’янавіч шчыра павіншаваў прысутных з прафесійным святам.

— Служба выратавальнікаў працуе ў раёне на даволі высокім прафесійным узроўні. Як кіраўнік раёна, я ўпэўнены, што вы заўсёды своечасова прыйдзеце на дапамогу тым, каму яна патрэбна, — падкрэсліў ён. — Вы заўсёды на пярэднім краі, добрасумленна выконваеце службовыя абавязкі. Жадаю моцнага здароўя вам і вашым блізкім, удачы, поспехаў у нялёгкай службе, каб выязджалі толькі на вучэнні, а баявых выездаў было як мага менш. Вялікі вам дзякуй…
Потым Анатолій Мар’янавіч уручыў Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта начальніку пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 11 аграгарадка Занарач старшаму прапаршчыку ўнутранай службы Аляксандру Гурскаму, а падзякі — начальніку каравула пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №4 к. п. Нарач лейтэнанту ўнутранай службы Віктару Плаксу і дзяржаўнаму інспектару па маламерных суднах Мядзельскага ўчастка ДІМС Дзмітрыю Чарняўскаму.
Вядучыя запрашаюць да мікрафона начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях, падпалкоўніка ўнутранай службы Андрэя Каркоцкага. Прывітаўшы прысутных, Андрэй Анатольевіч зазначыў:
— Асноўная наша задача — папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый не толькі на аб’ектах гаспадарання, але і на акваторыях і ў падземных збудаваннях. За апошнія пяць гадоў пажарныя аварыйна-выратавальныя падраздзяленні раёна больш як 500 разоў выязджалі па трывозе. У выніку на пажарах выратаваны 17 чалавек, 70 галоў буйной рагатай жывёлы, захавана 360 пабудоў, матэрыяльных каштоўнасцей на суму больш за 1,5 мільёна рублёў. На водных аб’ектах раёна выратаваны 71 чалавек, з іх 10 непаўналетніх. Больш за 400 разоў выязджалі для аказання дапамогі насельніцтву, прадпрыемствам і арганізацыям…
Прамоўца паведаміў, што пастаянна абнаўляецца і ўмацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база выратавальнікаў. Набыты дзве новыя аўтацыстэрны на шасі аўтамабіля «МАЗ», гідраўлічны аварыйна-выратавальны інструмент, 36 апаратаў на сціснутым паветры для дыхання ў неспрыяльным асяроддзі, а таксама кампрэсар для напаўнення паветрам гэтых апаратаў.
Пад апладысменты прысутных Андрэй Каркоцкі ўручыў заслужаныя ўзнагароды падначаленым: нагрудныя знакі «Выдатнік» вадзіцелю ПАВЧ №1 г. Мядзела прапаршчыку ўнутранай службы Паўлу Глінскаму і начальніку ПАВП № 15
г. п. Свір прапаршчыку ўнутранай службы Уладзіміру Яновічу, Ганаровую грамату Мінскага абласнога ўпраўлення МНС — начальніку ПАВЧ №1 г. Мядзела маёру ўнутранай службы Віктару Булыгу, грамату — камандзіру
аддзялення ПАВП № 15
г. п. Свір Аляксею Навашынскаму.
На сцэну запрашаецца пракурор раёна Іван Малафей. Ён таксама шчыра віншуе выратавальнікаў з прафесійным святам, выказвае падзяку за нялёгкую працу, бяссонныя ночы, жадае моцнага здароўя, што з’яўляецца самым галоўным, удачы і аптымізму. У адпаведнасці з загадам міністра па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Іван Малафей узнагароджаны юбілейным медалём «160 год пажарнай службе». Гэту ўзнагароду пракурору раёна ўручыў Андрэй Каркоцкі.
Выступіў і благачынны цэркваў Мядзельскай акругі протаіерэй Ігар Шалуха. Ён павіншаваў выратавальнікаў з прафесійным святам, пажадаў здароўя і Божай ласкі.
Начальнік раённага аддзела Следчага камітэта падпалкоўнік юстыцыі Яўгеній Сіняўскі таксама шчыра павіншаваў прысутных, пажадаў далейшых поспехаў і ўсяго самага добрага. Пад бурныя апладысменты Яўгеній Аляксандравіч уручыў падзякі раённага аддзела Следчага камітэта інжынеру інспекцыі нагляду і прафілактыкі райаддзела па надзвычайных сітуацыях старшаму лейтэнанту ўнутранай службы Кацярыне Кісель і начальніку каравула ПАВЧ №1 г. Мядзела капітану ўнутранай службы Аляксандру Купрэвічу.
Пасля цёплых віншаванняў і шчырых пажаданняў першы намеснік начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў маёр міліцыі Уладзімір Ермаловіч уручыў падзякі камандзіру аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №4 к. п. Нарач прапаршчыку ўнутранай службы Вячаславу Карпячэнку, камандзірам аддзялення ПАВП № 14
г. п. Крывічы старшыне ўнутранай службе Паўлу Собалю і № 15 г. п. Свір прапаршчыку ўнутранай службы Сяргею Багуцкаму. А вось начальнік групы прызыву ваеннага камісарыята раёна маёр Васілій Аскірка ўручыў граматы раённага ваеннага камісарыята начальніку каравула ПАВЧ №4 к. п. Нарач капітану ўнутранай службы Андрэю Сакалдынскаму, старшаму пажарнаму гэтай часці прапаршчыку ўнутранай службы Уладзіміру Субачу, вадзіцелю ПАВП № 13 в. Палессе старшыне ўнутранай службы Андрэю Панкратовічу, дыспетчару цэнтра аператыўнага кіравання РАНС сяржанту ўнутранай службы Уладзіміру Мазалеўскаму.
Зноў на сцэну запрашаецца Андрэй Каркоцкі. Ён уручае падзякі старшым матарыстам-рулявым выратавальнай станцыі «Зубраня» Дзмітрыю Валахановічу, станцыі «Нарач» — Дзмітрыю Логінаву і матарысту-рулявому выратавальнай станцыі «Мядзел» Аляксандру Брацуку.
Прыемна, што напярэдадні прафесійнага свята некаторым супрацоўнікам райаддзела прысвоены чарговыя спецыяльныя званні: «старшы прапаршчык унутранай службы» — старшаму вадзіцелю ПАВЧ №1 г. Мядзела Віктару Хацяновічу, «сяржант унутранай службы» — камандзіру аддзялення ПАВП № 13
в. Палессе Раману Маляёнку, «малодшы сяржант унутранай службы» — вадзіцелям Уладзіславу Цыбулёнку з Мядзела і Івану Худому з Занарачы, а таксама камандзіру аддзялення ПАВП № 14 г. п. Крывічы Віталію Антановічу. За дасягненне высокіх вынікаў у службовай дзейнасці, плённае супрацоўніцтва і аказанне дапамогі органам і падраздзяленням па надзвычайных сітуацыях граматай установы «Мінскае абласное ўпраўленне МНС» адзначана намеснік дырэктара ДУ «Мядзельскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» Наталля Шаранговіч.
На ўрачыстасці былі падведзены вынікі работы райаддзела за мінулы год. Лепшым вадзіцелем прызнаны Віктар Хацяновіч з Мядзела, лепшым пажарным — Уладзімір Субач з к. п. Нарач, лепшым камандзірам аддзялення — Вячаслаў Карпячэнка з к. п. Нарач. А вось лепшым падраздзяленнем прызнана ПАВЧ №1 г. Мядзела, калектыў якой узначальвае маёр унутранай службы Віктар Булыга.
На ўрачыстасці прысутнічалі члены беларускага грамадскага аб’яднання «Выратавальнік», а таксама ветэраны, якія стаялі ля вытокаў пераходу з ваенізаванай пажарнай службы ў органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Гэта маёр унутранай службы ў адстаўцы Адам Пражэнік, падпалкоўнік унутранай службы ў адстаўцы Іван Івашка, маёр унутранай службы запасу Андрэй Пражэнік, падпалкоўнік унутранай службы запасу Аляксандр Лётка, падпалкоўнік унутранай службы запасу Дзмітрый Чарняўскі, Ніна Мялешка. Іх запрасілі на сцэну, паставілі ў прыклад маладым, уручылі сувеніры.
Застаецца дадаць, што на працягу ўрачыстасці свае музычныя віншаванні дарылі прысутным самадзейныя артысты Аксана Вязевіч, Алена Яновіч, Вікторыя Багінская, Анжаліка Кароль, Пётр Маўчан, Вікторыя Стэрнад, навучэнцы Мядзельскай дзіцячай школы мастацтваў.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



29 Студзень 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Грамадства, Людзі нашага краю

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

возера Мястра Лебедзі на Нарачы _dsc1133-3 _06-040

Пабрацімы Мядзела