На выпраўленне сітуацыі – два тыдні

У ДРУГОЙ палове аўторка на базе нашага раёна праходзіла выязная калегія абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні. Напярэдадні сталічныя спецыялісты пабывалі на большасці ферм таварыстваў. Найперш іх цікавіў ход зімоўкі грамадскага статка. А калі некалькі больш падрабязна, то выкананне тэхналагічных патрабаванняў пры вытворчасці малака, кармленні, вырошчванні і адкорме жывёлы. На пасяджэнне, якое адкрыў старшыня райвыканкама Анатолій Вайнілка, запрасілі ўсіх кіраўнікоў, галоўных заатэхнікаў і ветурачоў гаспадарак. У зале сярод прысутных адчувалася пэўнае хваляванне. Яно і зразумела: некаторым кадрам “разбор палётаў” не абяцаў нічога добрага, бо ў параўнанне з адпаведным перыядам мінулага года дапускаецца значнае адставанне з вытворчасцю прадукцыі жывёлагадоўлі. Адно добра: азёрны край у цэлым нарэшце-такі выйшаў з мінуса па надоі малака ад каровы. Вёў калегію старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінаблвыканкама Сяргей Ляўковіч. У рабоце таксама прынялі актыўны ўдзел яго намеснік Уладзімір Капусцін, генеральныя дырэктары “Мінскаблаграсэрвісу” Сяргей Юркевіч, “Мінскага племпрадпрыемства” Руслан Бярозавік, начальнік упраўлення ветэрынарыі абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Вадзім Лугавы. Інфармацыя з месцаў суправаджалася фотаздымкамі на маніторах, як правіла — негатыўнымі.
Першаму давялося трымаць справаздачу дырэктару таварыства “Слабадская зара” Сяргею Роўду. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што гэта гаспадарка, у адрозненне ад некаторых іншых, плюсуе па сутачных надоях малака ад каровы. Аднак прадуктыўнасць пагалоўя застаецца нізкай — 6,5 літра, калі ў цэлым па раёне адпаведны паказчык больш прывабны — 10,3. Відаць, “першынство” Сяргея Уладзіміравіча тлумачыцца тым, што спецыялісты камітэта і раней давалі кіраўніцтву гаспадаркі рэкамендацыі па вырашэнні вытворчых хібаў, але, як адзначыў Уладзімір Капусцін, праблемы на працягу доўгага часу застаюцца адны і тыя ж. Вось і зараз фермы кепска падрыхтаваны да зімы, на іх можна ўбачыць перакошаныя і дзіравыя дзверы, з якіх дзьме халодны вецер. Значыць, замест таго, каб даваць прадукцыю, жывёла вымушана значную частку кармоў пераводзіць на самасаграванне. Пагалоўе стаіць у брудзе, паілкі цякуць, даільнае абсталяванне
“дыхае на ладан”, разам з цялушкамі, якія па вагавых кандыцыях яшчэ не падыходзяць да апладнення, утрымліваецца бычок. Дапускаецца прамаруджванне з пераводам нованароджаных цялятак ад даярак у групу дарошчвання. Адсюль — перарасход малака на іх выпойванне, невысокая яго таварнасць. Карацей кажучы, беспрасветная безгаспадарчасць!
Нямала крытычных заўваг выказвалася і ў адрас дырэктара таварыства “Зані” Уладзіміра Шмары. Быццам і кармоў у гаспадарцы ўдосталь, а надой ад каровы зараз яшчэ горшы, чым у Слабадзе — 5,7 літра. Да таго ж, гэта на 2,5 кілаграма менш, чым летась. Зноў жа, на фермах праблемы з санітарыяй, вялікае выбыццё пагалоўя з дойнага статка, невысокія сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе жывёлы. Не на карысць справе і тое, што кароў не выганяюць на прагулкі. Зыходзячы з гэтага, прынята рашэнне стварыць спецыяльную камісію, якая грунтоўна праверыць стан спраў у жывёлагадоўлі гэтых дзвюх гаспадарак і ўнясе прапановы па іх далейшым лёсе і адказнасці вінаватых у сур’ёзных праліках.
Няпроста таксама было даваць тлумачэнні кіраўніцтву таварыстваў “Мядзелаграсэрвіс”, “Пруднікі-Агра”, “Свір-агра” і некаторых іншых з прычыны сур’ёзных недапрацовак на фермах, што прыводзіць да вялікага недабору малака і мяса. У адных у кароўніку былі перабоі з вадой, у другіх — пяршачкі ніжэйшай за сярэднюю ўкормленасці, дапускаецца марнатраўства пры адкрыцці сянажных і сіласных траншэй, у трэціх — у пагалоўя не аказалася нават солі, не арганізавалі прагулкі рагуль… Зразумелая справа, куды больш упэўнена сябе адчувалі ў ходзе справаздач дырэктары таварыстваў “Сваткі” Мікалай Варабей, “Мядзельскае аграпрамэнерга” Віктар Васілевіч, сельскагаспадарчага філіяла “Дзягілі” Аляксандр Варашкевіч, дзе цяпер надоі малака ад каровы значна перавышаюць пудовыя, ёсць адчувальная прыбаўка каля двух-трох літраў ў параўнанне з адпаведным перыядам мінулага года. Тым не менш, як трапна заўважыў Анатолій Вайнілка, усім без выключэння неабходна ўсур’ёз займацца гадоўляй цялушак, селекцыйнай работай па абнаўленні дойнага статка. Інакш нават тыя, хто сёння мае неблагія паказчыкі, налета могуць застацца без малака…
У ходзе заслухоўвання кіраўнікоў гаспадарак прагучала і крытычная заўвага: маўляў, на фермы паступае няякасная сасковая гума, якая хутка выходзіць са строю. Сяргей Ляўковіч даў даручэнне “Мінскаблаграсэрвісу” разабрацца і ў выпадку неабходнасці змяніць пастаўшчыка камплектуючых да даільнага абсталявання. Што датычыцца яго абслугоўвання, то гэтым цяпер цэнтралізавана будзе займацца і несці ўсю адказнасць наша “Мядзельскае аграпрамэнерга”. Напрыканцы размовы Сяргей Віктаравіч дадаў, што ацэнка работы кадраў па ўхіленні выяўленых у жывёлагадоўлі раёна недахопаў будзе дадзена праз два тыдні…

Павел ЖУКАЎ.



28 Студзень 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Афіцыйна

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Засвіры   0-178 возера Глубелька img_4257

Пабрацімы Мядзела