Час здзяйсненняў і годных спраў

МІНУЛАЯ пятніца адзначылася сапраўднымі гістарычнымі падзеямі — у Маладзечанскім Палацы культуры прайшлі абласное ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 100-годдзю з дня ўтварэння БССР, і цырымонія прысваення ганаровага звання “Чалавек года Міншчыны”. Сюды сабраліся дэлегацыі з усіх куткоў сталічнай вобласці, шматлікія ганаровыя госці. Наш азёрны край прадстаўлялі трыццаць два чалавекі з розных сфер народнай гаспадаркі на чале са старшынёй райвыканкама Анатоліем Вайнілкам. Пры адкрыцці свята прадстаўнікі маладога пакалення зрабілі невялічкі экскурс у мінулае, нагадалі прысутным, як фактычна ў апошні тыдзень апошняга месяца 1918 года вырашалася пытанне самавызначэння нашай краіны. 30 снежня ў Смаленску пачала работу VI Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РКП(б), якая абвясціла сябе першым з’ездам Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі. Яго дэлегаты і прагаласавалі аднагалосна за аб’яўленне Заходняй камуны самастойнай Сацыялістычнай Савецкай Беларускай Рэспублікай. Вечарам 1 студзеня 1919 года быў канчаткова сфарміраваны яе Часовы рабоча-сялянскі ўрад, а 5 студзеня ён пераехаў са Смаленска ў Мінск і прыняў рашэнне наконт склікання першага Усебеларускага з’езда Саветаў з мэтай юрыдычна-прававога афармлення факта ўтварэння рэспублікі… Вядучыя ўрачыстасці запрашаюць да мікрафона губернатара Міншчыны Анатолія Ісачанку.
Безумоўна, у гісторыі ўсе грамадска-палітычныя падзеі і даты маюць свой сэнс і значэнне. “Асабліва важнай для беларускага народа, — адзначыў Анатолій Міхайлавіч, — з’яўляецца 100-годдзе Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Актуальнасць гэтай падзеі для суверэннай беларускай дзяржавы і грамадства абумоўлена асэнсаваннем стваральнага вопыту і дасягненняў БССР у кантэксце сучаснасці. 1 студзеня 1919 года, у дзень абвяшчэння Маніфеста, пакладзены пачатак новаму перыяду ў гісторыі Беларусі, нараджэнню і развіццю яе нацыянальнай дзяржаўнасці. Сталі рабіцца канкрэтныя крокі, звязаныя з самавызначэннем беларускага народа. Перад нацыяй адкрыўся шырокі шлях для палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця”.
У рэспубліцы ў кароткія тэрміны была створана лепшая для свайго часу сістэма народнай адукацыі і аховы здароўя, мастацтва і культуры. Развіццё атрымалі нацыянальнае кнігавыданне, прэса, радыё і тэлебачанне. Ажыццяўляючы індустрыялізацыю, калектывізацыю сельскай гаспадаркі, краіна здзейсніла гіганцкі скачок да прагрэсу.
— Самааддана, — падкрэсліў Анатолій Ісачанка, — працавалі і жыхары Мінскай вобласці. Да пачатку Другой сусветнай вайны ў рэгіёне ўжо налічвалася больш за восем тысяч прамысловых прадпрыемстваў, каля дзвюх тысяч калгасаў і шэсць дзясяткаў машынна-трактарных станцый, сем тысяч жывёлагадоўчых ферм. З асаблівай сілай якасці патрыятызму нашых грамадзян праявіліся ў гады барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і ў перыяд узнаўлення разбуранай вайной гаспадаркі. Нашэсце фашысцкіх захопнікаў было сустрэта магутным супраціўленнем народных мас. Вобласць стала адным з цэнтраў арганізацыі ўсенароднай партызанскай барацьбы. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў гады вайны, больш за восемдзесят ураджэнцаў і жыхароў вобласці ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, тысячы ўзнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі.
Невычэрпнай воляй да Перамогі беларускі народ заслужыў павагу да сябе ва ўсім свеце. Вайна даказала жыццёвую сілу грамадскага і дзяржаўнага строю, рэспубліка-партызанка заслужана атрымала міжнароднае прызнанне, стаўшы адным з заснавальнікаў ААН. За гады вайны Беларусь страціла трэць свайго насельніцтва. Па агульным узроўні эканамічнага развіцця яна была адкінута на шаснаццаць год. Але і тут за ваеннымі перамогамі ішлі працоўныя здзяйсненні. За першыя тры пасляваенныя гады практычна нанава адбудавалі гарады і пасёлкі, аднавілі пасяўныя плошчы і пагалоўе жывёлы, а праз пяць аб’ём прамысловай вытворчасці на Міншчыне перавысіў даваенны ўзровень больш, чым у паўтара раза.
За кароткі гістарычны тэрмін у другой палове XX стагоддзя сталічны край стаў рэгіёнам з буйнейшым прамысловым і сельскагаспадарчым патэнцыялам, з развітой інфраструктурай, тут запрацавалі сотні вытворчасцей самых розных галін. Найбуйнейшыя прадпрыемствы —
“БелАЗ” і “Беларуськалій” — да сёння застаюцца флагманамі нашай прамысловасці. А хіба не гонар, што Мінская вобласць двойчы адзначана вышэйшай узнагародай савецкай дзяржавы — ордэнам Леніна: у 1967 годзе — за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і поспехі, дасягнутыя ва ўзнаўленні і развіцці народнай гаспадаркі; у 1970 — за поспехі, дасягнутыя працаўнікамі ў выкананні заданняў восьмага пяцігадовага плана па развіцці прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці?
Гэта дзесяцігоддзі дынамічнага развіцця Міншчыны і ўсёй Беларусі. Аднак яны перапыніліся распадам вялікай краіны — СССР, які моцна ўдарыў па беларускай дзяржаўнасці. У выніку разбурэння кааперацыйных сувязей былі страчаны эканамічны патэнцыял і лепшыя пазіцыі ў эканоміцы. Гэта выклікала ў дзяржаве і грамадстве негатыўныя тэндэнцыі. З 1992 года пачалося і абвальнае падзенне вытворчасці. За першую пяцігодку 1990-х валавы ўнутраны прадукт зменшыўся на 38 працэнтаў. З’явілася праблема збыту айчыннай прадукцыі. У такім жа няпростым становішчы апынулася і сельская гаспадарка: вытворчасць у гэтай галіне ўпала амаль на трэць.
— Мудрасць і дальнабачнасць беларускага народа, — акцэнтаваў увагу
удзельнікаў урачыстасці Анатолій Міхайлавіч, — абумовілі прыход да ўлады патрыятычных сіл на чале з Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам. Пачаўся новы этап развіцця. Дзякуючы палітыцы Кіраўніка дзяржавы, ужо да 2000 года ўдалося не толькі ўзнавіць прамысловасць, але і пераўзысці паказчыкі дакрызіснага 1990-га, захаваць нацыянальную дзяржаўнасць, кансалідаваць грамадства і на трывалым падмурку БССР узнавіць цяперашнюю
суверэнную Рэспубліку Беларусь. Наш
час — час здзяйсненняў, час годных спраў. І сёння Мінская вобласць — гэта высокія тэхналогіі, інавацыі і інвестыцыі, цэнтр прамысловасці і культуры, развітая сельская гаспадарка. Аднак галоўнае яе багацце — гэта людзі, жыхары рэгіёну, якія кожны дзень сваёй працай, талентам і творчасцю, укладваючы душу і сэрца, робяць нашу зямлю больш прыгожай і яркай, багатай і паспяховай.
У заключэнне старшыня абласнога выканаўчага камітэта Анатолій Ісачанка падзякаваў усім прысутным у зале ветэранам працы, партыйнага руху, грамадскасці, кіраўнікам вытворчых прадпрыемстваў
і арганізацый за вялізны ўклад у развіццё сталічнага рэгіёну, павіншаваў удзельнікаў урачыстага мерапрыемства са знамянальнай юбілейнай датай краіны, а лаўрэатаў — з высокай і ганаровай узнагародай! Шчыра і сардэчна пажадаў усім моцнага здароўя, поспехаў і дабрабыту ў працы, дастатку і гармоніі ў сям’і.
Потым надышоў час ушанавання лаўрэатаў ганаровага звання “Чалавек года Міншчыны”. Яго правялі губернатар
Анатолій Ісачанка і памочнік Прэзідэнта- інспектар па Мінскай вобласці Ігар Яўсееў. Анатолій Міхайлавіч заўважыў, што ў сённяшніх пераможцаў конкурсу розныя прафесіі, розны ўзрост. Але ёсць адно агульнае — гэта “любоў да сваёй справы, да малой радзімы, Міншчыны, Беларусі. Дзякуючы працы людзей вобласці ўдалося дасягнуць прыкметных вынікаў і выканаць асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Кожны жыхар цэнтральнага рэгіёну ўнёс свой уклад у агульны каравай…”
Дарэчы дадаць, што гэта ганаровае званне прысуджаецца штогод на конкурснай аснове. На яго атрыманне могуць прэтэндаваць людзі, якія маюць вялікія працоўныя дасягненні. Улічваюцца таксама прафесійныя і маральныя якасці, значнасць, актуальнасць і эфектыўнасць вынікаў дзейнасці. Прытым у самых розных намінацыях: “Прамысловасць, гандаль, грамадскае харчаванне, бытавое абслугоўванне, фінансавая дзейнасць, прадпрыемніцтва”, “Аграпрамысловы комплекс, ахова навакольнага асяроддзя, лясная гаспадарка”, “Жыллёва-камунальная і дарожная гаспадарка, будаўніцтва і архітэктура, паліўна-энергетычны комплекс, транспарт і сувязь”, “Сацыяльная сфера (сацыяльная абарона насельніцтва, культура, адукацыя, навука, фізічная культура, спорт і турызм, ахова здароўя)”, “Забеспячэнне законнасці і правапарадку, папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый, умацаванне абароназдольнасці”, “Дзейнасць органаў мясцовага кіравання і самакіравання, грамадская дзейнасць і духоўнае адраджэнне, маладзёжная і інфармацыйная палітыка”. Вось з гэтых сфер і выйшлі пераможцамі дваццаць восем лаўрэатаў. Кожнаму з іх уручылі спецыяльны дыплом, кветкі і грашовае ўзнагароджанне ў памеры ста базавых велічынь.
Вельмі прыемна, што на галоўнай сцэне Палаца культуры ў ліку лаўрэатаў ганаровага звання “Чалавек года Міншчыны” ўшаноўвалі і вядомага прадстаўніка нашага азёрнага краю — настаўніка інфарматыкі гімназіі-інтэрната горада Мядзела Вячаслава Саўчыка. Выхаванцы гэтага апантанага і таленавітага педагога неаднойчы выходзілі пераможцамі ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах робататэхнікаў. Яны нават удзельнічалі летась у сусветнай алімпіядзе робатаў у Тайландзе. Ды і сам Вячаслаў Станіслававіч напрыканцы мінулага года ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны — за высокі прафесіяналізм і эфектыўныя методыкі выкладання інфарматыкі. Так што і чарговая высокая ўзнагарода Вячаслава Саўчыка цалкам па заслугах…
Лагічным працягам ушанавання лаўрэатаў з’явілася заахвочванне шэрагу вядомых людзей за шматгадовую добрасумленную працу і асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Міншчыны Ганаровымі граматамі аблвыканкама. Шчырымі апладысментамі віталі ўдзельнікі ўрачыстасці былых кіраўнікоў вобласці Альфонса Цішкевіча, Пятра Пётуха, Леаніда Крупца, Барыса Батуру, першага сакратара абкама КПБ Анатолія Малафеева, іншых знакамітых ветэранаў з розных сфер народнай гаспадаркі сталічнай вобласці.
Святочны канцэрт распачаўся з выступлення Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Цітовіча “Нам Богам дадзена Радзіма”. Многім спадабалася, што нумары цудоўнага канцэрта чаргаваліся з аповедамі пра слаўных прадстаўнікоў сталічнай вобласці і нашай краіны. У прыватнасці, пра лётчыка-касманаўта, двойчы Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Кавалёнка, які нарадзіўся ў вёсцы Белая Крупскага раёна. Уладзімір Васільевіч тройчы пабываў у космасе і правёў на арбіце 216 дзён, 9 гадзін 9 хвілін і 40 секунд, з якіх больш за дзве гадзіны адпрацаваў у адкрытым космасе. Выхадцам з Мінскай губерні з’яўляецца і Кірыла Арлоўскі. У народзе яго ведаюць як актыўнага змагара з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і таленавітага калгаснага кіраўніка. Партызанскі атрад “Сокал” пад камандаваннем Кірылы Пракоф’евіча ў лютым 1943 года разграміў канвой генеральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ. Мсціўцы страт не панеслі, а вось іх камандзір быў цяжка паранены. Пасля гэтага Кірыла Арлоўскі ваяваць ужо не мог. Таму і звярнуўся з асабістым пісьмом да Іосіфа Сталіна з просьбай дазволіць узначаліць найбольш разбураны ў вайну калгас. Просьбу Героя Савецкага Саюза задаволілі, а неўзабаве гэта гаспадарка стала першым у пасляваенным Савецкім Саюзе калгасам-мільянерам. Да зоркі Героя за баявыя подзвігі Кірылы Арлоўскага дабавіўся і медаль “Герой Сацыялістычнай Працы” — за працоўныя. Варта яшчэ дадаць, што Кірыла Пракоф’евіч стаў галоўным прататыпам героя фільма “Старшыня”. Славу Міншчыны прымножылі таксама Герой Савецкага Саюза, першы сакратар ЦК КПБ у 1965-1980 гадах Пётр Машэраў, чэмпіён Алімпійскіх гульняў 1964 года па кіданні молата, чатырохразовы чэмпіён СССР, арбітр вышэйшай нацыянальнай катэгорыі Рамуальд Клім, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, народны артыст СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Ігар Лучанок. Дарэчы, яго песні “Пісьмо з 45-га” і “Майскі вальс” выканаў заслужаны артыст краіны Уладзімір Правалінскі. У нашых краях адбылося і працоўнае станаўленне дыпламата нумар адзін, міністра замежных спраў СССР з 1957 па 1985 год Андрэя Грамыкі. У свой час ён закончыў Старабарысаўскі сельскагаспадарчы тэхнікум, дзе за актыўную жыццёвую пазіцыю быў абраны сакратаром камсамольскай арганізацыі, потым — Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі… Кажуць, Андрэй Андрэевіч шкадаваў толькі пра дзве памылкі: што пагадзіўся з уводам савецкіх войск у Афганістан у 1979 годзе і што падтрымаў Міхаіла Гарбачова…
Значна ажывіла канцэрт і віктарына на тэму юбілейнага мерапрыемства. Вядучыя цікавіліся ў залы, колькі год праіснавала Беларуская Савецкая Сацыялістычная
Рэспубліка, калі быў выпушчаны першы “БелАЗ”, дала прадукцыю першая чарга Беларускага калійнага камбіната, а наша краіна стала называцца “Рэспубліка Беларусь”. У гэтым пераліку пытанняў мелася і такое: колькі каштавала ў 1990 годзе
доктарская каўбаса? І на кожнае з іх гучалі даволі ўпэўненыя адказы.
Святочнае мерапрыемства, якое завяршылася песняй “Жураўлі на Палессе ляцяць”, пакінула ва ўсіх добрае ўражанне. Пра гэта казалі па дарозе дадому намеснік старшыні райвыканкама Наталля Апановіч, кіраўнік сялянскай гаспадаркі “Антэй-сад” Віктар Чабатар, ветэран працы Уладзімір Валасевіч, начальнік “ДЭУ № 66” Віктар Буйко, старшыня Слабадскога сельвыканкама Антаніна Крыўко, дырэктары сельскагаспадарчага філіяла “Дзягілі” Аляксандр Варашкевіч і цэнтра банкаўскіх паслуг № 619 “Беларусбанка” Таццяна Бірала… Прадстаўнікам Мядзельшчыны спадабалася ўсё: і арганізацыя ўрачыстасці, якая прайшла на высокім узроўні, і
выступленне губернатара Анатолія Ісачанкі, і заахвочванне лаўрэатаў ганаровага звання “Чалавек года Міншчыны”, і цудоўны канцэрт. Канечне, станоўчых
эмоцый усім надало тое, што ў слаўную кагорту годна адзначаных на свяце патрапіў зямляк Вячаслаў Саўчык. З чым мы Вячаслава Станіслававіча і віншуем сардэчна! А непадалёку ад яго на ўпрыгожанай сцэне можна было ўбачыць і аператара машыннага даення, і механізатара, і кіраўніка. Будзем спадзявацца, што і налета наш маляўнічы азёрны край не застанецца без лаўрэата…

Павел ЖУКАЎ.



24 Студзень 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Грамадства

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        06-012 Лебедзі на Нарачы 84

Пабрацімы Мядзела