Шэметаўскі рэнесанс

СЯДЗІБНА-паркавы комплекс у Шэметаве быў вядомы з ХV стагоддзя. Гэта адна з самых даўніх сядзіб у Беларусі, якая фарміравалася на даволі вялікай маляўнічай тэрыторыі і з’яўлялася складаным комплексам сузалежных архітэктурных і прыродных элементаў. Сядзіба фарміравалася многімі пакаленнямі гаспадароў Шэметава — Стаброўскіх, Пшаздзецкіх, Сулістроўскіх, Скірмунтаў. На жаль, зараз ад яе засталіся толькі нязначныя рэшткі, парослыя хмызняком. Знішчаны комплекс падчас пажару ў 1943 годзе. Але ў музейных архівах засталіся некаторыя дакументы, якіх дастаткова, каб аднавіць страчанае. Праўда, толькі ў выглядзе макета.

Займаліся гэтай карпатлівай і працаёмкай справай навучэнцы Мінскай гімназіі
№ 75 імя Паўла Васільевіча Масленікава пад кіраўніцтвам настаўніка выяўленчага мастацтва Таццяны Вайтэнка.
— У рамках нашага праекта “Нам засталася спадчына” мы шукаем занядбаныя і разбураныя сядзібы, касцёлы, цэрквы, іншыя аб’екты, якія ўжо ніхто і ніколі не стане аднаўляць, — расказвае Таццяна Васільеўна. — Мы з юнымі даследчыкамі працуем у архівах, выязджаем па вызначаных адрасах, размаўляем з мясцовымі жыхарамі. Словам, падымаем увесь гістарычны пласт, і на падставе знойдзеных дакументаў узнаўляем архітэктурны воблік помніка. На гэта ідзе год, а то і паўтара. Але, як можна зразумець, такая праца не робіцца раптам. Якім бы старанным ні быў вучань, патрэбна валодаць пэўнымі навыкамі і ўменнямі. Таму падрыхтоўка ў нашай установе ідзе з пятага класа: дзеці знаёмяцца з макетным нажом, на паперу кладуцца іх кампазіцыйныя задумы. Потым пачынаецца праца з геаметрычнымі прадметамі, адточваюцца чарцёжныя навыкі, з часам дзеці ствараюць макеты простых будынкаў. У дзявятым класе ў вучняў ужо атрымліваюцца працы пад назвай “архітэктурнае афармленне водных басейнаў ці вадаёмаў”. Яны самі вырабляюць чашу, падмакетнік, ствараюць антураж. А яшчэ праз год вымалёўваюцца вежы, маленькія палацы з акенцамі, дзвярамі… У адзінаццатым класе той, хто хоча, прыступае да выніковай працы па кампазіцыі. Наш праект дабрачынны. Мы ствараем макет і перадаём яго тым, каму ён патрэбны. Сярод нашых работ — сядзіба Касакоўскіх у Вялікай Бераставіцы, наш мінскі Лібава-Роменскі чыгуначны вакзал, сядзіба Грамяча ў Брэсцкай вобласці, Быхаўскі замак. Усяго з 2000 года мы стварылі амаль сорак макетаў.
Урачыстая цырымонія перадачы макета-рэканструкцыі сядзібы Шэметава прадстаўнікам Мядзельшчыны адбылася ў актавай зале навучальнай установы. На ёй прысутнічалі вучні пятых і дзясятых класаў, адміністрацыя гімназіі і госці з нарачанскага краю: намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціна Зуеўская, дырэктар музея народнай славы Наталля Бурак.
Чарговай яскравай падзеяй для гімназіі назваў перадачу макета дырэктар навучальнай установы Васіль Ананька. Ён падкрэсліў, што гэта справа важная не толькі для гімназіі, якая зацікаўлена, каб работы навучэнцаў траплялі ў мясцовыя краязнаўчыя музеі. Гэта ўвогуле абуджае цікаваць да гісторыі малой радзімы, можа спатрэбіцца і для навуковай працы. Ды і не кожны зможа ўявіць велічную сядзібу, якая некалі стаяла на гэтым зарослым месцы, колькі ні расказвай: патрэбна мастацкае ўяўленне.
Аўтар макета для Мядзельшчыны — Ганна Гамеза, ёй дапамагала Надзея Фралова. Вялікую цікавасць да праекта праяўляла і маці Ганны — Вольга, якая прысутнічала на ўрачыстасці замест дачкі-студэнткі.
— Дзякуючы вашаму таленту, мы можам зазірнуць у мінулае свайго краю, — звяртаючыся да стваральнікаў макета, адзначыла Іна Барыева. — А гэта і выдатны пасыл у будучыню. Бо мы ведаем, што той, хто не мае гісторыі — не мае будучыні.
Іна Іванаўна ўручыла Васілю Ананьку, Таццяне Вайтэнцы падзячныя лісты райвыканкама, бібліятэцы ўстановы падаравалі кнігу “Край беларускага сэрца — Мядзельшчына”, а дзяўчынкам — сувеніры і салодкія пачастункі.
Пра аб’ём намаганняў і свае эмоцыі падчас стварэння макета расказала Надзея Фралова:
— Калі мы прыехалі на месца, не маглі адразу знайсці, дзе знаходзілася сядзіба. І толькі зайшоўшы ў лес, наткнуліся на рэшткі падмуркаў чатырох калон у наш рост. Яны ўразілі сваімі памерамі! А ўявіце натуральныя памеры ўсяго будынка і сядзібы! Яна была вельмі вялікая: флігелі, альтанка, аранжарэя, гаспадарчыя пабудовы. Унікальнасць нашага праекта ў тым, што мы аднаўляем страчанае. Яшчэ для нас каштоўнасць — эмоцыі, якія адчуваюць людзі, калі бачаць сваё велічнае мінулае. І ў свае 18 год прыемна ўсведамляць, што ўжо нешта зроблена для іншых. Гэта неверагоднае пачуццё!
Думкамі наконт праекта дачкі падзялілася маці Ганны Гамезы — Вольга:
— Гэты макет пражыты мной ад пачатку і да сённяшняга дня. Тут і бяссонныя ночы, і тэрміновы пошук матэрыялаў, якіх не хапала, таксама выязджала ў Шэметава, лазіла па руінах і дапамагала рабіць замеры. Маімі рукамі зроблены бярозкі на макеце. Цудоўны і вельмі цікавы праект!
— Галоўнае — памяць, — падкрэсліла ў завяршэнне ўрачыстасці Таццяна Вайтэнка. — Усё менш бабулек, якія памятаюць, як бегалі ў дзяцінстве ў маёнтак. У якім баку ён быў? Што ведаюць пра гэта нашчадкі? А там жа віравала жыццё! Мы вяртаем памяць. Да таго ж, зараз актуальная тэма малой радзімы. Дык вось, мы клапоцімся пра малую радзіму іншых.
Макет-рэканструкцыя сядзібы ў Шэметаве размешчаны ў выставачнай зале Мядзельскага музея народнай славы.

Іна ЯРЧАК



24 Студзень 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Культура

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Засвіры   Касцёл у Шэметава   wjx6x-f4hhi 1-12

Пабрацімы Мядзела