Траса добрага настрою

АМАТАРЫ актыўнага зімовага адпачынку паспелі ўжо ацаніць новую лыжню, якую праклалі паміж амфітэатрам і ДУ “СДЮШАР Мядзельскага раёна”. З вокнаў будынка рэдакцыі “Нарачанскай зары” добра відаць, як кожны дзень там катаюцца дзеці і дарослыя, таму мы вырашылі даведацца, каго прыцягвае новая траса.

Трапілі якраз на трэніроўку выхаванцаў спартыўнай школы, заняткі праводзіла намеснік дырэктара ўстановы па асноўнай дзейнасці Наталля Баран.
— Сёлета лыжню вырашылі пракласці не па возеры, як у мінулыя гады, а па тэрыторыі зялёнай зоны. Справа ў тым, што напачатку было небяспечна выходзіць на лёд. Рызыкаваць здароўем дзяцей і жыхароў Мядзела не хочацца, — распавядае Наталля Уладзіміраўна. — Тым больш траса атрымалася выдатнай: ёсць і роўны ўчастак, і ўздым, і спуск з горачкі. Тут цікава катацца і аматарам лыж, і спартсменам.
— Як даўно вы з дзецьмі пачалі займацца на лыжні?
— Амаль адразу пасля навагодніх святаў. Выпаў снег, атрымалася накатаць трасу, адразу пачалася лыжная падрыхтоўка да сезона. На дадзены момант мы правялі раённыя спаборніцтвы.
Ужо ў панядзелак каманда адправілася на тры дні ў Плешчаніцы на абласныя спаборніцтвы. А наперадзе ў іх рэспубліканскія этапы.
— А якія ўзроставыя групы трэніруюцца тут?
— Самыя розныя. І яшчэ зусім маленькія прыходзяць, спрабуюць сябе. Малодшыя арыентуюцца на тых, хто ў гэтым спорце ўжо даўно. Мы стараемся зацікавіць іх лыжамі. Хацелася б, вядома, бачыць на трэніроўках больш навічкоў. Адзінае, што патрабуецца ад тых, хто хоча займацца лыжным спортам — медыцынская даведка. Заяву ад бацькоў прымаем пасля таго, як дзіця ўжо дастаткова пахадзіла на трэніроўкі і само зразумела: падабаецца яму, ці не. Зараз у школе хапае інвентару для паўнавартасных трэніровак. Мы не толькі зімой займаемся — і летам, вядома, таксама. Як у прымаўцы “Рыхтуй сані летам”, таксама і з лыжамі. Тое, што напрацуюць хлопцы і дзяўчынкі летам, спатрэбіцца зімой.
— Што паўплывала на выбар месца пад трасу?
— Пасля рэканструкцыі амфітэатра з’явіўся камфортны спуск без прыступак, і мы змаглі правесці праз яго кола лыжні. Яшчэ выдатна, што на набярэжнай зараз ёсць ліхтары. Гэта дазваляе людзям нават з дзецьмі прыйсці і пакатацца ў любы час сутак — усё добра бачна.
Мы заканчваем гутарку, і якраз у гэты час каля нас спыняецца спартсмен. Па словах Наталлі Уладзіміраўны, гэта перспектыўны хлопец, які ў будучым плануе звязаць сваё жыццё са спортам, Андрэй Садоўскі:
— Трэніруюся ўжо чатыры гады і больш за ўсё люблю зімовыя заняткі, калі ёсць магчымасць стаць на лыжы. Лыжня ў гэтым годзе вельмі падабаецца, таму што яна разнастайная — па ёй цікава ехаць. Трэніроўкі, вядома, складаныя, часам вельмі моцна стамляюся, але яны заўсёды праходзяць вельмі пазітыўна, так што не шкадую, што займаюся.
Наталля Баран нагадала, што траса чакае ўсіх жыхароў Мядзела. Так што прапаную не губляць час, станавіцца на лыжы і атрымліваць асалоду ад зімы!

Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота
Аляксандра Высоцкага.



22 Студзень 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Спорт

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

06-043 Царква ў Крывічах возера Мястра Касцёл у Шэметава

Пабрацімы Мядзела