Які снайпер? Снежны!

На мінулым тыдні прайшоў раённы этап рэспубліканскіх спаборніцтваў па біятлоне «Снежны снайпер». Паўдзельнічаць у ім сабраліся 98 юных спартсменаў з усіх устаноў адукацыі.

Прывітала іх начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццяна Ефімава:
— У вобласці 5 студзеня стартаваў праект «Міншчына спартыўная». Навучэнцы і настаўнікі сталі на лыжы, канькі і пачалі ўзмоцнена займацца зімовымі відамі спорту. Таму сёння ў рамках гэтага праекта, раённай і абласной спартакіяды школьнікаў праводзяцца спаборніцтвы «Снежны снайпер». Усім удзельнікам жадаю перамог, моцнага здароўя, бадзёрасці духу. Мы з вамі ведаем, што, каб запаліць вялікую зорку, трэба спачатку запаліць маленькія. А яны з’яўляюцца менавіта ў школе, раёне. Сёння мы запалім маленькія зорачкі, а далей будзем імкнуцца да вялікіх зорак і перамог.
Тым больш, што для школьнікаў Мядзельшчыны ёсць добры прыклад. Кацярына Хацяновіч з Будслава калісьці пачынала на «Снежным снайперы», а цяпер паспяхова выступае на рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах па біятлоне сярод юніёраў.
Раённы этап прайшоў у трох узроставых групах і складаўся са спаборніцтваў па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, якія адбываліся ў Мядзельскім ВПК яслі-сад сярэдняя школа, і лыжных гонак — яны праходзілі на пляжнай тэрыторыі ля возера Мястра.
А цяпер да вынікаў. У малодшай групе (2007-2008 гады нараджэння) перамога сярод хлопцаў была за Аляксеем Скробутам са Старлыгскага  ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа імя Івана Аніські. Другое месца ў Максіма Райчонка з Крывіцкага ВПК, трэцяе — у Рамана Губара са Свірскага ВПК. Сярод дзяўчат перамагла Марыя Малько з Крывіцкага ВПК. Другі вынік у Алесі Храпан з Нарацкай СШ №2, трэці — у Юліі Каралёнак з гімназіі-інтэрната Мядзела.
У сярэдняй групе спаборнічалі школьнікі 2005-2006 гадоў нараджэння. Тут перамог Мацвей Байко з Мядзельскай сярэдняй школы №1 імя Уладзіміра Дубоўкі. За ім размясціліся Іван Сівы (Сырмежскі ВПК дзіцячы сад-базавая школа) і Дзяніс Зімніцкі з Занарацкай СШ. Сярод дзяўчат не было роўных яшчэ адной прадстаўніцы ўстановы адукацыі з Занарачы Карыне Боўкун. Другое месца — у Лізаветы Савіцкай з Нарацкай СШ №2, трэцяе — у Лізаветы Міхалені (Крывіцкі ВПК).
Цікава, што васьмікласніца Карына Боўкун удзельнічала ў раённым этапе «Снежнага снайпера» ў чацвёрты раз і ўсе разы перамагала.
— Як так удаецца? — пытаю ў яе.
— Не ведаю, так атрымліваецца.
— Хадзьбой на лыжах даўно захапляецеся?
— З першага класа.
— А страляць дзе навучылася?
— Таксама ў школе, часта страляем.
— Чым табе падабаецца «Снежны снайпер»?
— Тым, што стральба і лыжы тут сумешчаны. Увогуле, гэта хутка, крута, класна і весела.
У старэйшай групе (2003-2004 гады нараджэння) перамог Ягор Дземашкевіч з Мядзельскай сярэдняй школы №1 імя Уладзіміра Дубоўкі. Другое месца за Іванам Іватовічам з Сырмежскага ВПК, а трэцім — Аляксей Пецольт з Нарацкай СШ №1. У дзяўчат першае месца падзялілі Надзея Лаздоўская з Занарацкай СШ і Анастасія Пляшак з Нарацкай СШ №2. Другое — у Таццяны Расковай са Сваткаўскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа імя Максіма Танка, трэцяе — у Аляксандры Януковіч са Слабадской СШ імя Адама Гурыновіча.
Медалі ім уручыла начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццяна Ефімава. А старшыня Мядзельскай арганізацыі ГА «Беларускі саюз афіцэраў» Міхаіл Чаркасаў адзначыў граматамі тых хлопцаў, якія ў сваіх узроставых групах паказалі лепшыя вынікі па стральбе. Гэта Максім Зімніцкі, Мацвей Байко, Ілья Цяльпанаў.
Па выніках раённых стартаў вызначылі склад зборнай для ўдзелу ў трэцім этапе рэспубліканскіх спаборніцтваў.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.
На здымках: 1. Шматразовая пераможца Карына Боўкун; 2, 4. На лыжнай трасе; 3. Прызёры спаборніцтваў.
Фота аўтара.



17 Студзень 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Спорт

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        Касцёл у Засвіры   _06-040

Пабрацімы Мядзела