Падлеткавая наркаманія

Самы “небяспечны” ўзрост — гэта, вядома ж, падлеткавы (з 13 да 18 год). У гэты перыяд можна проста “за кампанію”, з-за павышанай юнацкай агрэсіўнасці, адсутнасці жыццёвага вопыту, няўмення самастойна прымаць правільныя рашэнні здзяйсняць неабдуманыя ўчынкі.
Мяркую, што для кожнага з бацькоў стане трагедыяй навіна пра тое, што іх дзіця ўжывае наркотыкі, паспрабавала спайс, нюхае клей. У сучасным свеце праблема наркаманіі, таксікаманіі востра стаіць у грамадстве: штогод колькасць падлеткаў, якія ўжываюць наркотыкі, псіхатропныя рэчывы, павялічваецца. І гэта пры тым, што апошнія ўяўляюць разбуральную пагрозу для цэнтральнай нервовай сістэмы.
З 2015 года ў Беларусі крымінальная адказнасць за захаванне і збыт наркотыкаў наступае з 14 год, а да дасягнення названага ўзросту за сваіх дзяцей адказваюць іх законныя прадстаўнікі. Пятнаццаці-шаснаццацігадовыя падлеткі часам адбываюць пакаранне ў спецыяльных установах закрытага тыпу менавіта за захаванне, збыт і распаўсюджванне наркотыкаў.
На Мядзельшчыне з 2015 года не зафіксавана выпадкаў ужывання непаўналетнімі наркатычных і псіхатропных рэчываў. Аднак у 2014 годзе на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама разглядалася справа аб адміністрацыйным правапарушэнні ў адносінах да законнага прадстаўніка хлопчыка 14-ці і дзяўчынкі 13-ці гадоў за тое, што не выканаў свае абавязкі па іх выхаванні. Дзеці знаходзіліся ў стане таксічнага ап’янення. Маці непаўналетніх, калі спускалася ў падвал, нават не здагадвалася, што яе сын і дачка нюхалі там клей. А пры ўдыханні яго пароў у выніку інтаксікацыі цэнтральнай нервовай сістэмы ствараецца эфект ап’янення (так званая эйфарыя — пачатковае праяўленне вострага інтаксікацыйнага псіхозу). Ён праяўляецца ў зацямненні свядомасці, рэальнасць успрымаецца ілюзорна, прадметы змяняюць сваю форму і прасторавыя суадносіны. Фарбы здаюцца яркімі, глыбокімі. Гукі скажаюцца, робяцца незвычайнымі. З’яўляецца наплыў галюцынаторных зрокавых вобразаў, так званых “мульцікаў”, якія праецыруюцца па-за свядомасцю, як на экране. Адбываецца адчужэнне ўспрыняцця сябе, свайго цела.
Пры павелічэнні дозы ў выніку хуткага парэнтэральнага ўсмоктвання атруты ствараецца пагроза для цэнтральнай нервовай сістэмы (узбуджэнне, сутаргі, кома, параліч дыхальнага цэнтра, магчыма страта зроку); сардэчна-сасудзістай сістэмы (арытмія, калапс), дыхання (утварэнне метгемаглабіну, цыяноз, ацыдоз, ацёк лёгкіх, асфіксія), печані (жаўтуха, пячоначная кома) і нырак (анурыя, урэмія).
Высокая таксічнасць клею прадвызначае вельмі хуткае з’яўленне вынікаў і ўскладненняў. Ужо на працягу першых тыдняў губляецца самакантроль, падлеткі робяцца агрэсіўнымі, дзёрзкімі, могуць збягаць з дому, здзяйсняць розныя злачынствы. Праз 2-3 месяцы сістэматычнага ўдыхання назіраецца зніжэнне інтэлекту, псіхічная дзейнасць збядняецца, выказванні робяцца плоскімі, з паўторамі.
Чым была занята маці? Чаму не цікавілася, як бавяць вольны час сын і дачка? Што можа быць важнейшым для матулі, чым здароўе ўласных дзяцей?
Непаўналетнія цікавасці да адукацыйнага працэсу ў школе не праяўлялі. Сярэдні бал паспяховасці ў іх быў 4,2. У цяперашні час юнак праходзіць навучанне па спецыяльнасці “слесар”, дзяўчына атрымлівае прафесію повара.
Бацькі, настаўнікі! Звярніце ўвагу на дзяцей, у якіх адсутнічаюць захапленні, няма сяброў. А таксама на тых, хто свае маленькія няўдачы ўяўляе вялікімі праблемамі. І баіцца іх, не ведае, як вырашаць. Звярніце ўвагу на згубныя звычкі падлеткаў: курэнне, хлусню, непаслушэнства.
У нашым раёне для арганізацыі вольнага часу непаўналетніх летась пры 9 бібліятэках была наладжана работа 15 фарміраванняў, пры якіх займалася 175 дзяцей і падлеткаў. У тым ліку ў сельскай мясцовасці пры 6 бібліятэках працавала 11 фарміраванняў для 143 удзельнікаў. Ва ўстановах адукацыі дзейнічала 88 аб’яднанняў па інтарэсах, якія наведвалі 840 непаўналетніх. Ад дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі Цэнтр творчасці, турызму дзяцей і моладзі раёна ў мінулым годзе функцыянавала 100 аб’яднанняў па інтарэсах, у якіх займаліся 1304 падлеткі. Дадзены непаўналетнім шырокія магчымасці для заняткаў спортам. Да іх паслуг: СДЮШАР, ФАЦ, стадыёны, спартыўныя залы і гульнявыя пляцоўкі ў 15 установах адукацыі.
Паважаныя бацькі! Не ўпускайце наркотыкі ў свае дамы! Вы павінны ведаць, што ў рабочыя дні з 8.00 да 17.00 (за выключэннем перапынку на абед з 13.00 да 14.00) у дзяржаўнай установе “Мядзельскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” працуе “тэлефон даверу”. Калі вы самі ці вашы дзеці апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі і вам патрэбна падтрымка і разуменне, набярыце нумар 55-3-55, каб атрымаць неабходную псіхалагічную дапамогу.

М. СЕМЯНОВІЧ.
Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама.



18 Студзень 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Афіцыйна

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Крывічах Лебедзі на Нарачы 06-012 223_

Пабрацімы Мядзела