



«Нарачанская зара» паведамляла, што па выніках абласнога этапа ў каманду Міншчыны трапіла другакласніца Крывіцкага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа Лізавета Грышкевіч. Дарэчы, тады яна паказала лепшы вынік сярод усіх удзельнікаў з рэспублікі па бегу на 30 метраў.
Перад фіналам дзяўчынка пабывала на трэніровачным зборы ў Мінску. А ў фінальным этапе ўдзельнікі спаборнічалі ў чатырох відах: эстафетны бег 8 х 50 метраў, бар’ерны спрынт, кіданне мяча з-за галавы і скачкі на скакалцы (трэба было зрабіць 30 скачкоў на час). Тут у прызёры Лізавеце трапіць не атрымалася: канкурэнцыя была вельмі сур’ёзная, але сваю порцыю спартыўнага адрэналіну і яркіх эмоцый дзяўчынка атрымала.
— Фінальны этап стаў не толькі запамінальным мерапрыемствам, але і сапраўдным шоу, — расказаў настаўнік фізічнай культуры і здароўя Крывіцкага ВПК Дзмітрый Дурэйка, які суправаджаў Лізавету. — Святочную атмасферу стваралі героі з казак і мультфільмаў, безліч рознакаляровых паветраных шароў, бліскучае канфеці. Кожны ўдзельнік атрымаў медаль, форму, вялікі навагодні падарунак. А яшчэ дзяўчынкам уручылі па самакаце, хлопчыкам — па скейтбордзе.
Гасцямі свята былі вядомыя беларускія лёгкаатлеты і афіцыйныя асобы. Яны ж уручалі ўзнагароды дзецям. Гэта міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Сяргей Кавальчук, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі, спартсмены Эльвіра Герман, Максім Недасекаў, Карына Таранда, Станіслаў Дарагакупец.
Аляксандр ВЫСОЦКІ.
На здымку: Лізавета Грышкевіч і Дзмітрый Дурэйка.