Вехі станаўлення

СЁЛЕТА векавы юбілей адзначыла галоўнае фінансавае ведамства краіны. Прайшоўшы доўгі, нялёгкі шлях станаўлення і развіцця, яно спраўна выконвае  задачы па забеспячэнні бюджэту рэспублікі фінансавымі рэсурсамі і рацыянальным выкарыстанні дзяржаўных сродкаў. Нядаўна сустрэўся з начальнікам фінансавага аддзела райвыканкама Леанідам Мальцам і папрасіў яго зрабіць для нашых чытачоў экскурс у гісторыю і дзень сённяшні аднаго з найважнейшых ведамстваў краіны і раёна.

— За гады сваёй багатай гісторыі штаб фінансавай сістэмы называўся па-рознаму. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі тэрыторыя Беларусі стала арэнай складаных палітычных і ваенных канфліктаў, выкліканых нямецкай і польскай акупацыяй, — расказвае Леанід Паўлавіч. — 1 студзеня 1919 года на 1 з’ездзе Кампартыі бальшавікоў Беларусі створаны часовы рабоча-сялянскі ўрад. 7 студзеня сваёй пастановай гэты ўрад зацвердзіў камісарыят фінансаў.
У снежні 1921 года па рашэнні другога Усебеларускага з’езду Саветаў камісарыят фінансаў быў перайменаваны ў Народны камісарыят фінансаў Беларускай ССР.
Што да гісторыі мядзельскіх фінансістаў, то яна, як і гісторыя ўсіх ведамстваў заходніх абласцей, пачалася толькі з 1940 года.
У адпаведнасці з пастановай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 15 студзеня 1940 года на тэрыторыі былой Заходняй Беларусі была ўтворана Вілейская вобласць. У яе склад увайшоў Мядзельскі павет. Адначасова быў прыняты Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР (ад 15 студзеня 1940 года), які скасаваў дзяленне абласцей на паветы, усталяваўшы дзяленне іх на раёны. Таму Мядзельскі павет быў перайменаваны ў Мядзельскі раён.
З таго часу на яго тэрыторыі пачалі дзейнічаць Мядзельскі раённы Савет дэпутатаў працаўнікоў і адпаведны выканаўчы камітэт з фінансавым аддзелам.
У сувязі з акупацыяй тэрыторыі БССР нямецка-фашысцкімі захопнікамі з чэрвеня 1941 года па ліпень 1944 года фінансавы аддзел выканкама спыніў сваю дзейнасць. Пасля вызвалення тэрыторыі БССР ён аднавіў работу. Пасля скасавання Свірскага і Крывіцкага раёнаў, тэрыторыі якіх перайшлі да Мядзельскага, функцыі фінансавага аддзела пашырыліся.
— Якія асноўныя задачы стаялі і стаяць перад фінаддзелам? — цікаўлюся ў суразмоўцы.
— Мабілізацыя грашовых сродкаў і накіраванне іх у адпаведнасці з зацверджанымі планамі на фінансаванне мерапрыемстваў па развіцці народнай гаспадаркі і далейшым паляпшэнні сацыяльна-культурнага і бытавога абслугоўвання насельніцтва. Фінаддзел арганізоўваў работу па складанні праектаў бюджэту раёна, а таксама пасялковых і сельскіх бюджэтаў. Ён разглядаў праекты зборных каштарысаў упраўленняў і аддзелаў выканкама і асобных устаноў, якія фінансаваў аддзел, па выдатках на адукацыю, ахову здароўя, сацыяльнае забеспячэнне і іншыя мерапрыемствы. Таксама арганізоўваў і забяспечваў выкананне бюджэту раёна, паступленне прыбыткаў у саюзны, рэспубліканскі і абласны бюджэты, разглядаў бухгалтарскія справаздачы і балансы ўпраўленняў і аддзелаў выканкама, асобных прадпрыемстваў і арганізацый раённага падпарадкавання, якія фінансаваліся з раённага бюджэту, і многае іншае, — чую ў адказ.
У лютым 1961 года загадчыкам фінансавага аддзела быў прызначаны Мікалай Чыркевіч, які працаваў на гэтай пасадзе 27 гадоў. Нават пасля выхаду на пенсію ў 1988 годзе ён працягваў працаваць, займаючы пасады эканаміста па фінансаванні аграпрамысловага комплексу, кантралёра-рэвізора па Мядзельскім раёне КРУ МФ па Мінскай вобласці. У 1970 годзе быў узнагароджаны медалямі «За доблесную працу. У гонар 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна» і «Ветэран працы». За гады работы Мікалай Мікалаевіч зарэкамендаваў сябе дасведчаным, добрасумленным кіраўніком. Свой багаты вопыт перадаваў маладым спецыялістам, карыстаўся заслужаным аўтарытэтам сярод калег.
— Не магу не назваць людзей, якія аддалі фінансавай сістэме лепшыя гады свайго жыцця. Гэта Ганна Багінская, Галіна Чарняўская, Сяргей Роўда, Галіна Казапалянская, Рэгіна Бяляўская, Лідзія Чарняўская, Галіна Навіцкая і іншыя.
За дасягненне высокіх паказчыкаў ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве па выніках работы за I квартал 1980 года фінансаваму аддзелу райвыканкама прысудзілі пераходны Чырвоны сцяг Міністэрства фінансаў СССР і ЦК прафсаюза работнікаў дзяржаўных устаноў і першая грашовая прэмія. Увогуле, калектыў фінаддзела неаднаразова выходзіў пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва раёнаў і гарадоў вобласці па выкананні бюджэту.
У жніўні 1988 года калектыў фінаддзела ўзначаліла Соф’я Варанец.
— Яна была адданая сваёй справе, валодала высокім прафесіяналізмам, працавала з поўнай аддачай, даказала свае здольнасці ў арганізацыі работы падначаленых, — працягвае размову Леанід Паўлавіч. — У 2003 годзе за добрасумленную працу, высокія паказчыкі і актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і выхаванні кадраў Соф’ю Міхайлаўну ўзнагародзілі Ганаровай граматай Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь.
Годным яе пераемнікам у чэрвені 2003 года стаў наш сённяшні суразмоўца Леанід Малец. Гэта адукаваны спецыяліст, добры, спагадлівы кіраўнік. Менавіта таму да яго звяртаюцца многія па параду. Кожнага ён уважліва выслухае, падтрымае.
За высокі прафесіяналізм, добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў Леаніду Паўлавічу ў 2004 годзе аб’яўлена падзяка старшыні аблвыканкама, у 2007 годзе ён заахвочаны Ганаровай граматай абласнога Савета дэпутатаў. Яго неаднаразова ўзнагароджвалі Ганаровымі граматамі райвыканкама, уручалі падзякі старшыні райвыканкама.
…Ідуць гады. Зараз мы жывём у зусім іншым часе. Але ранейшымі застаюцца задачы і справы гэтай дзяржаўнай службы. Як кажа Леанід Паўлавіч, галоўныя з іх — эфектыўнае правядзенне бюджэтна-фінансавай і падатковай палітыкі, рэгуляванне і кіраванне ў фінансавай сферы дзейнасці і каардынацыя дзейнасці ў гэтай сферы органаў мясцовага кіравання і самакіравання; складанне праекта бюджэту раёна, арганізацыя працы па размеркаванні фінансавых рэсурсаў раёна, правядзенне ў межах сваёй кампетэнтнасці мерапрыемстваў па своечасовым і поўным паступленні ўсіх прыбыткаў, прадугледжаных у бюджэце раёна, эканомным і мэтавым выдаткоўванні сродкаў бюджэту…
Пералік галоўных задач можна працягваць. Галоўнае, што іх ёсць каму выконваць.
Зараз штат фінансавага аддзела складае 8 чалавек: начальнік (Леанід Малец), намеснік начальніка (Вольга Геронік), загадчыкі сектарамі (Алена Маркевіч, Таццяна Трэнькова), галоўныя эканамісты ( Таццяна Малевіч, Анжэла Тачыцкая, Наталля Шусціцкая) і тэхнічны персанал. Усе работнікі маюць вышэйшую адукацыю. Добрасумленна і з адказнасцю выконваюць ускладзеныя на іх абавязкі.
— Мы з падзякай успамінаем нашых ветэранаў-фінансістаў — Галіну Чарняўскую (адпрацавала ў фінансавым аддзеле 37 гадоў), Ганну Багінскую (36 гадоў), Надзею Трэнькову (32 гады), Галіну Кажэўнікаву (30 гадоў). Хачу адзначыць, што Галіна Чарняўская адпрацавала на пасадзе галоўнага бухгалтара фінансавага аддзела 27 гадоў, а Надзея Трэнькова на пасадзе намесніка начальніка 22 гады, — гаворыць Леанід Паўлавіч. — Карыстаючыся выпадкам, выказваю самыя цёплыя і шчырыя словы падзякі падначаленым за працу. Жадаю ўсім здароўя, сямейнага дабрабыту, упэўненасці ў сваім уласным заўтрашнім дні і заўтрашнім дні нашай краіны. Няхай кожны дзень пачнецца з пазітыву, з гармоніі ў адносінах з калегамі, з сям’ёй, з блізкімі людзьмі. У імя гэтага і будзем працаваць!

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота
Аляксандра Высоцкага.



16 Студзень 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Эканоміка

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

223_ Касцёл у Мядзеле  _06-040 Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай

Пабрацімы Мядзела