Лыжныя старты

У нядзелю жыхары Мядзельшчыны, як і ўсёй вобласці, прынялі ўдзел у спартыўна-масавым мерапрыемстве «Міншчына спартыўная». У Мядзеле дзеці, педагогі, бацькі сабраліся на першыя гарадскія «Зімовыя забавы» з удзелам Дзеда Мароза і Снягуркі. Праходзілі яны на тэрыторыі спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву раёна.

Вядучая мерапрыемства Вікторыя Стэрнад пачала свята і перадала мікрафон намесніку старшыні райвыканкама Іне Барыевай:
— Радуе, што сёлета хапае снегу і ёсць магчымасць стаць на лыжы не ў канцы лютага, а зараз, і цэлую зіму адкатацца па беласнежных схілах. Для чаго? Каб быць здаровым. З сённяшняй нядзелі на працягу ўсёй зімы мы будзем сустракацца з вамі на розных мерапрыемствах. А сёння даём старт зімоваму руху здароўя. І ўсё для таго, каб мы перамаглі нуду і даказалі, што мядзяльчане выбіраюць здароўе. Жадаю ўсім поспехаў на сённяшняй снежнай лыжнай трасе і, спадзяюся, будзем сустракацца штотыднёва.
Метадыст вучэбна-метадычнага кабінета ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Ніна Самко правяла эстафету, у якой спаборнічалі тры каманды.
— У свяце прымаюць удзел навучэнцы ўстаноў адукацыі Мядзела, іх бацькі, педагогі, — расказала намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама і старшыня раённага аддзялення рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Беларускі дзіцячы фонд» Святлана Кундра. — Па выніках эстафеты будуць уручаны падарункі.
У кожнай камандзе было па 8 чалавек: дзеці ды бацькі. Чакалі іх розныя этапы: скажам, трэба было пралезці праз вароты, трапіць снежкай у цэль, перанесці мяч ды іншыя. І ўсё гэта — на лыжах. Ды і песні навагоднія давялося ўспомніць.
А Дзед Мароз са Снягуркай загадвалі загадкі балельшчыкам і ўдзельнікам, а за правільныя адказы частавалі цукеркамі. Весялілі дзятву і роставыя лялькі.
Тым часам непадалёку ў навучэнцаў СДЮШАР адбывалася чарговая трэніроўка. Намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці ўстановы Наталля Баран праводзіла майстар-клас па навучанні хадзьбе на лыжах жыхароў горада — у гэты дзень на лыжню завіталі прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый.
…Вось і завяршылася эстафета. Перамагла ў ёй каманда Мядзельскага ВПК яслі-сад-сярэдняя школа. Прызы і салодкія пачастункі гэтай і дзвюм іншым камандам ад райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і Беларускага дзіцячага фонду ўручылі Дзед Мароз са Снягуркай. А дырэктар СДЮШАР раёна Андрэй Малько атрымаў ад старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Іны Барыевай сувенір за падрыхтоўку трасы для штодзённага катання мядзяльчан.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.
На здымках: моманты свята.
Фота аўтара



11 Студзень 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Сядзіба Максіма Танка  Царква ў Слабадзе 1-12 _dsc1133-3

Пабрацімы Мядзела