Быць гатовым эксперыментаваць

За апошнія паўгода ў Мядзеле прайшло нямала розных мерапрыемстваў. Госці і гледачы, прысутныя на іх, несумненна, ужо звярнулі ўвагу на новую вядучую — мілую і ўсмешлівую дзяўчыну Вікторыю Стэрнад. Вікторыя, як кажуць “спартсменка, камсамолка і проста прыгажуня”. Яна паспявае і працаваць, і весці гурткі, і ўдзельнічаць у валанцёрскай дзейнасці. Ураджэнка нашага раёна, яна вярнулася ў родны край пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і зараз працуе загадчыцай аддзела раённага Цэнтра культуры. Аб выбары прафесіі, пачатку кар’ернага шляху ды пра тое, чаму ў школе яе лічылі дзіўнай, Вікторыя і распавядае.

— Я жыву ў аграгарадку Баяры і, калі вучылася ў Мядзельскім ВПК яслі-сад-сярэдняя школа, у цёплае надвор’е часта хадзіла на заняткі і дадому пешшу. Аднакласнікі, памятаю, здзіўляліся. І вось цяпер, калі вярнулася ў Мядзел на працу, аднавіла гэтую традыцыю — увесь жнівень адхадзіла на працу пешшу і здзіўляю зараз ужо не аднакласнікаў, а калег.
— Калі вы паступалі ва ўніверсітэт культуры, адразу разлічвалі, што вернецеся дадому?
— На той момант я ні на што не разлічвала. Мая спецыяльнасць — “менеджмент сацыяльна-культурнай сферы”. Усе школьныя гады была актывісткай. Калі шукалі хлопцаў і дзяўчат для выступленняў — была ў першых шэрагах: і мерапрыемствы вяла, і на канцэртах спявала, і ў арганізатарскай працы дапамагала. Можа здацца, што шлях у культуру быў вызначаны, але на самой справе першапачаткова планавала паступаць у педагагічны ўніверсітэт на дашкольную адукацыю. Праўда, ад гэтага сябры і бацькі мяне адгаварылі. У асноўным, з-за таго, што “такая актыўная і ініцыятыўная”. Дадому вярнулася практычна выпадкова: не было заявак па размеркаванні, і я падумала, што хай ужо лепш рэалізуецца прымаўка “дзе нарадзіўся — там і спатрэбіўся”. Так яно і выйшла.
— Расчаравання ў сваім выбары не было?
— Не, мне падабалася вучыцца. Нават сама атмасфера “кулька” вельмі натхняльная, творчая. Ідзеш па калідоры на перапынку: з аднаго боку спяваюць, з другога танчаць, дзесьці малююць, дзесьці на баяне іграюць. Самому ў такой атмасферы заставацца абыякавым не атрымліваецца. Таму падчас навучання часта ўдзельнічала ва ўніверсітэцкіх мерапрыемствах. Там жа пачала свой шлях як валанцёр і зараз працягваю яго ў валанцёрскім атрадзе “Васількі”. А яшчэ ў нас практыкаваліся вельмі творчыя іспыты. Акрамя звыклых гуманітарных дысцыплін, нам таксама трэба было прыдумляць і пісаць сцэнарыі для мерапрыемстваў або рэжысіраваць пастаноўку — добрая творчая практыка. Але цяпер усё роўна задумваюся аб тым, каб у будучыні звязаць свой прафесійны шлях з працай з дзецьмі.
— Як цяпер праяўляецца гэта жаданне?
— У Цэнтры культуры вяду гурткі. Адзін — для дзяцей старэйшых класаў, дзе мы разам з імі працуем па прынцыпе мазгавога штурму: накідваем ідэі для канкрэтных задач, напрыклад, конкурсаў або мерапрыемстваў, і думаем, як іх можна рэалізаваць. Гэта, можна сказаць, мая каманда, якую можна ўпэўнена прыцягваць да мерапрыемстваў — ведаю, што не адмовяць: і верш прачытаюць, і сцэнку паставяць, і ў роставай ляльцы гасцей забавяць. Другі гурток — “Прыступкі” — тэатральнае майстэрства для дзяцей ад чатырох да шасці гадоў. Там мы развучваем хуткамоўкі, чыстамоўкі, гуляем у рухомыя гульні на развіццё рэакцыі і каардынацыі, разыгрываем сцэнкі, каб малыя маглі прымерыць на сябе розныя ролі.
— Якія якасці павінны быць у чалавека, які хоча звязаць сваё жыццё з такой творчай працай?
— Думаю, у першую чаргу — гатоўнасць да эксперыменту і здольнасць прымаць усё новае. А яшчэ дапытлівасць. Мне здаецца, чалавек не здольны прыдумаць нешта арыгінальнае і цікавае, калі не будзе пастаянна пашыраць свой кругагляд: чытаць, глядзець фільмы і спектаклі, проста назіраць за людзьмі і светам вакол.
— Вам вольнага часу для пашырэння кругагляду хапае?
— Цалкам. У мяне даволі цікавы графік працы: з аўторка па суботу. Раней быў з серады па нядзелю, але папрасіла трохі зрушыць, каб часцей з’яўляцца на працы ў будныя дні — так лягчэй весці справы з людзьмі, у якіх звычайны працоўны тыдзень. У вольны час люблю пагуляць адна. Бывае, нават сябры крыўдзяцца, што клічуць, а я адмаўляюся. Але мне сапраўды прыемна пабыць сам-насам з сабой, без лішняга шуму, размоў, прагуляцца па набярэжнай, напрыклад. Мядзел да такога павольнага сузіральнага баўлення часу вельмі падыходзіць. Яшчэ вельмі люблю чытаць, а нядаўна вось з маладым чалавекам узяліся збіраць велізарную мазаіку з марскім пейзажам — будзем цярпенне трэніраваць (смяецца).
— Вы пачалі прафесійны шлях адразу з пасады загадчыка, якія цяжкасці паўсталі ў сувязі з гэтым?
— У першую чаргу — эмацыянальныя. Мне было даволі страшна, што калегі не прымуць такога “маленькага начальніка”, як сама сябе называю. Але ўсе страхі развеяліся адразу пасля прыходу на працу. Добра памятаю момант, калі зразумела, што ў нас — каманда. Прыйшло адразу некалькі ўказанняў ад кіраўніцтва па арганізацыі мерапрыемстваў, здаць трэба было тэрмінова, працы шмат — проста не ведала, за што хапацца. Звярнулася да калег — і вось мы ўжо разам вырашаем задачы. Усё паспелі ў тэрмін. У той момант і страх канчаткова сышоў, зразумела, што магу разлічваць на дапамогу. А наогул кіраўніцкая пасада ў самым пачатку шляху — гэта добрая школа жыцця. Так, бывае цяжка, але затое і вопыт які.

Аляксандра ГАРАЧКА
Фота з архіва В. Стэрнад.



11 Студзень 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Моладзь

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

06-043 img_4257  возера Мястра  Касцёл у Мядзеле

Пабрацімы Мядзела