Прага і Аламоўц: Чэхія ў разрэзе

Памятаю, як на першым курсе пакрыўдзілася на маму: яна першая змагла адкрыць візу і паехала ў адпачынак у Прагу. Пакрыўдзілася, таму што Прага была маёй марай!
Самастойна падарожнічаць пачала толькі на трэцім курсе і за гэтыя няпоўныя пяць гадоў пабывала ў многіх гарадах і краінах. А ў Празе — не. І нават не ведаю чаму. Проста кожны раз нешта не складвалася, зрывалася. І вось праз шэсць гадоў пасля маёй крыўды на маму мара споўнілася. Позняя восень, лістапад, пяць раніцы, і я заязджаю на тэрыторыю Чэхіі.

Горад
Чымсьці няўлоўна нагадаў мне Рым: вуліцы шырокія, але ўтульныя, нават жылыя дамы могуць пахваліцца прыгожымі архітэктурнымі рашэннямі, у цэнтры — на кожнай вуліцы па храме, а то і па два. А яшчэ Влатва — мясцовы Тыбр — і Карлаў мост, зусім як мост Святога Анёла. Гісторыя тут ненадакучлівая, акуратна пераплятаецца з сучаснасцю. Прага адчуваецца зусім камфортным горадам, у якім пры жаданні можна і згубіцца ў шматнацыянальным натоўпе, і прагуляцца ў адзіноце па пустых вулачках.
Я правяла ў Празе тры дні, потым з’ездзіла з начлегам у невялікі студэнцкі гарадок Аламоўц і вярнулася назад. Мой хостэл знаходзіўся акурат у сярэдзіне трохкутніка Старамесцкая плошча — Вышаград — Пражскі Град. І, што рэдка бывае, выходзячы гуляць раніцай, я ні разу не прайшла па адных і тых жа вуліцах, кожны раз выбіраючы новы напрамак.
Асаблівасць Прагі ў тым, што гэта горад, які складаецца з гарадоў. Вышаград і Градчаны лічацца двума гістарычнымі цэнтрамі па розныя бакі Влатвы. Але ёсць яшчэ і Малая Краіна, і Новае Месца, і гэтак далей — паселішчы ў Пражскай даліне, якія калісьці былі аб’яднаны ў адзін горад.
Пражскі Град — адзін з самых вялікіх у свеце замкаў, які складаецца з мноства розных пабудоў. І, дарэчы, да гэтага часу з’яўляецца дзеючай рэзідэнцыяй прэзідэнта Чэхіі.
Экскурсійныя квіткі сюды прадаюцца комплексна. Я ўзяла самы танны: сабор Святога Віта, базіліка Святога Георгія і Залатая вулачка.
Апошнюю называюць у памяншальна-ласкальным выглядзе нездарма. Усе дамы тут карлікавыя, пабудаваныя ў арках абарончай сцяны. Яны служылі жыллём і майстэрнямі ювелірам, зараз жа тут размешчаны сувенірныя крамы і музейныя экспазіцыі, якія паказваюць, як быў уладкаваны побыт майстроў раней. Дарэчы, у адным з домікаў працаваў Франц Кафка.
Пражскі Град, мабыць, самае турыстычнае месца горада. Плынь людзей утвараецца на знакамітым Карлавым мосце і не становіцца радзейшай да самых варот замка.
І мне, папраўдзе, больш спадабаўся Вышаград. Менш людны і нават змрочны замак на ўзгорку. Тут жа давялося трапіць на экскурсію ўнутры абарончага вала, у адным з пакояў якога захоўваецца некалькі арыгінальных статуй з Карлавага моста.
Вельмі ўразіла частка абарончай сцяны, якая спускаецца да Влатвы. Над абрывам стаіць невялікая вежка, пад аркай брамы пракладзена сучасная дарога — у гэтым месцы замак уліваецца ў сучасны горад.
Але больш за ўсё мяне, як аматара руінаў і фартоў, уразілі падзямеллі пад Пражскай ратушай. Захаваўся комплекс падземных вулачак — са студнямі, вентыляцыйнымі шахтамі і нават цямніцай, на сценах якой яшчэ можна прачытаць імёны зняволеных.
Давялося трапіць і ў знакамітую Пражскую бібліятэку, выпадкова знайсці вуліцу Джона Ленана — аднаго з удзельнікаў майго любімага гурта “The Beatles”, сабраць калекцыю работ вядомага скульптара Давіда Чорнага, пагуляць з метраномам па парку, на месцы якога раней стаяла статуя Сталіна. Увогуле, выканаць праграму-максімум па класічным турыстычным знаёмстве з горадам.
Людзі
Паездка не прынесла нейкіх моцна запамінальных і працяглых знаёмстваў. Але ўвесь тыдзень быў напоўнены кароткімі цёплымі сустрэчамі, дапамогай незнаёмых людзей і ўсмешкамі.
У хостэле за вячэрай расіянка запрашала пагасцяваць па каўчсерфінгу ў доме яе мужа ў Лондане. У Пражскай ратушы экскурсавод пусціў мяне ў падзямеллі за кампанію з нейкай групай, не патрабуючы платы. Падчас экскурсіі па абарончым вале Вышаграда ўся група перажывала за мужчыну з клаўстрафобіяй, а работнік комплексу дамовіўся, каб яго правялі іншай дарогай, і ён змог разам з усімі ўбачыць арыгіналы статуй з Карлавага Маста.
А яшчэ быў хлопец — цыркавы з польскай трупы, які даваў прадстаўленні на Старамесцкай плошчы. Вельмі абаяльны і смешны. Здаецца, бачыла яго выступленне не менш за тры разы і не адмовілася б паглядзець яшчэ.
І, нягледзячы на натоўпы людзей, Прага запомнілася мне ўтульнай і хатняй.

Ежа
Звычайна перад паездкамі складаю спісы страў мясцовай кухні, якія раяць пакаштаваць абавязкова. У Чэхіі такія спісы бескарысныя, таму што тут сапраўдны культ ежы і абавязковыя стравы амаль усе.
На знакамітае вепрукова калена мне, папраўдзе, не хапіла смеласці. Была б яшчэ кампанія хоць бы на чалавекі чатыры, а лепш пяць — абавязкова пакаштавала б, але аднаму здужаць такую порцыю нерэальна.
Затое змагла паспытаць смажаны сыр і нацыянальны суп “часнечка”. Як можна зразумець з назвы, фішка гэтага супу — вялікая колькасць часнаку. На порцыю дадаюць не менш за сем цёртых галовак. Але пры гэтым булён зусім не востры, хутчэй рэзкі і трохі кіславаты. І, што цешыць, не ператварае цябе ў агнядышнага дракона. А самае прыемнае — рэцэпт супу вельмі просты і яго можна прыгатаваць дома, халоднай зімой гэта асабліва прываблівае.
У плане арганізацыі харчавання Прага вельмі камфортны горад. Кафэ і рэстараны на любыя фінансавыя магчымасці можна знайсці на кожным кроку. Галоўнае — выконваць простае правіла: пазбягаць турыстычных месцаў. Хоць на самай справе ў Празе вельмі цяжка вызначыць, дзе гэта самае турыстычнае месца заканчваецца — такі прыгожы горад. Старажылы раяць арыентавацца па цэнніку на келіх піва. Больш за трыццаць крон? Пагуляйце яшчэ. У сітуацыях, калі есці вельмі хацелася, а сілы шукаць больш не было, я звярталася да фастфуду. Але ў Празе фастфуд — гэта не толькі вядомыя нам брэнды. Мабыць, адна з самых распаўсюджаных сетак — багетэрыя. Яна прапануе наведвальнікам гарачыя бутэрброды з самымі рознымі начынкамі, свежыя салаты, супы і абедзеныя наборы па фіксаванай цане. Па факце, па цане фастфуду ты атрымліваеш першае-другое-трэцяе і кампот. Выгадна і, што асабліва прыемна, сапраўды вельмі смачна і сытна.
Для перакусу на хаду купляла трдэлнік. Памятаеце, такія пустыя вафельныя трубачкі прадавалі ў нас на “Дажынках-2018”? У Чэхіі з іх зрабілі сапраўдны культ. Салодкія і сытныя, з марожаным і салатамі — выбірай на любы смак. У першы дзень узяла вялікую порцыю не гледзячы і зразумела, што больш есці сёння не буду.
Не дзіўна, што горад такі папулярны ў аматараў гастра-тураў. Мае ўспаміны аб Празе — гэта сапраўды шмат у чым успаміны аб смачнай ежы.

Аламоўц
У гэтым мястэчку апошнія некалькі гадоў жыве, вучыцца і працуе мой лепшы сябар. І ёсць нешта чароўнае ў тым, каб у незнаёмай краіне і незнаёмым горадзе на вакзале цябе сустракаў блізкі чалавек.
Я прыбыла ў горад позна ўвечары: калядныя гірлянды, рэдкія ліхтары і пустыя вуліцы. Ціха, спакойна, вельмі ўтульна.
Глядзець горад у кампаніі амаль мясцовага жыхара было неверагодна цікава. Сябар паказаў мне некалькі факультэтаў свайго ўніверсітэта, бібліятэку, студэнцкі кампус, у якім яны з сябрамі зрабілі невялікі агарод. А яшчэ арганізавалі краму без коштаў паводле прынцыпу сэканд хэнду: студэнты здаюць сюды непатрэбныя ім рэчы, а тыя, каму яны аказваюцца патрэбны, проста забіраюць. Знайсці тут можна сумкі, абутак, адзенне, падручнікі, нават печыва і пакуначкі растваральнай кавы. Такая крама — цалкам студэнцкая ініцыятыва майго сябра і яго таварышаў. Таксама, як і агарод. Кіраўніцтва ўніверсітэта падтрымала іх і выдзяліла памяшканні і тэрыторыю.
Дарэчы, ва ўсе ўстановы, дзе мы бывалі, мяне пускалі без пытанняў. Не патрабавалі студэнцкі білет, не прасілі пашпарт, не трэба было нават адзначацца ў журнале наведванняў! Па сутнасці, пры жаданні наведаць якую-небудзь лекцыю я змагла б спакойна сесці на галёрцы і паслухаць.
Што яшчэ вельмі ўразіла — афармленне вольнай прасторы на факультэтах. У адным было арганізавана некалькі кабінетаў для самастойных заняткаў, якія былі аформленны ў колерах факультэтаў Хогвартса: Грыфіндор, Слізірын і гэтак далей. Была велізарная зала з друкаванай перыёдыкай. На падлозе — дыван і мяккія крэслы-мяшкі. Для тых, хто жадае адасобіцца — крэслы з высокімі спінкамі з трох бакоў. У суседнім калідорчыку мікрахвалёўка, чайнік, кава і гарбата. Разагрэй ежу, завары напой, а ў слоічак кінь дробязі, колькі не шкада.
На апошнім (мансардным) паверсе — выстава дыпломных работ студэнтаў-дызайнераў. Адна з іх — драўляная калона, што падтрымлівае дах, з устаўкай са шкляных панэляў, на якіх выгравіраваны імёны ўсіх дэканаў факультэта. Гісторыя працы дзіўная — на гэтым месцы сапраўды не хапала адной сваі, каб падтрымліваць дах, а цяпер дыпломны праект студэнта назаўжды стаў часткай будынка.
Сам горад ствараў ўражанне лабірынта. Вузкія вулачкі з рознакаляровымі дамамі, захаваныя кавалкі арыгінальнага мура на сценах, адрэстаўраваныя фрэскі на фасадах. Частка дамоў пабудавана проста на абарончай сцяне, а агароды некаторых прыватнікаў зроблены на ахоўным вале. Тут ёсць месца і шматкватэрным дамам, і багатым старым асабнякам, як з містычных фільмаў. Шмат зеляніны, паўдзікія паркі, па якіх прыемна шпацыраваць, кавярні і піўныя з доўгай гісторыяй.
Аламоўц — гэты студэнцкі гарадок — натхніў мяне настолькі, што падумала падаць дакументы ў магістратуру, захацелася працягнуць вучыцца.

Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота аўтара.



10 Студзень 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

лебедзі на Мястры на Блакітных азёрах        _06-040 0-170

Пабрацімы Мядзела