Можаш дапамагчы? Дапамажы!

Навагодняя пара — час цудаў і сюрпрызаў. Але не варта лічыць, што гэта вотчына Дзеда Мароза або іншых міфічных істот. Ад іх чакаць падарункаў — можна і не дачакацца. А вось калі ўзяць справу ў свае рукі, самім стаць добрымі чараўнікамі і ствараць свята для іншых — тут сумненняў няма: цуд абавязкова адбудзецца.

Разумее гэта індывідуальны прадпрымальнік Дзмітрый Паплеўка, які напярэдадні Новага года вырашыў сыграць ролю Дзеда Мароза і зладзіў сапраўднае свята для дзетак раёна з малазабяспечаных сем’яў.
У этнакультурным комплексе “Наносы-Наваселле” хлопчыкі і дзяўчынкі правялі амаль цэлы дзень. Каталіся на конях і снегаходах, удзельнічалі ў конкурсах і, вядома ж, атрымлівалі падарункі.
Дзмітрый Паплеўка праводзіць такое мерапрыемства не ўпершыню. За некалькі гадоў актыўнай дабрачыннай дзейнасці разам з аднадумцамі яны дарылі дзецям веласіпеды, цёплыя курткі і абутак, арганізоўвалі паездкі ў Мінск і салодкія сталы на святы.
Але гаварыць пра гэта Дзмітрый Леанідавіч не любіць, не хоча сябе расхвальваць. І нават на гэты матэрыял згаджаецца з неахвотай. Ён перакананы, што добрыя справы не павінны быць напаказ, бо робяцца ад сэрца, а не для таго, каб пахвалілі.
— Што мяне на гэта натхніла? У Мядзеле ў касцёле Маці Божай Шкаплернай летам арганізуецца дзіцячы лагер. І неяк я прапанаваў прывезці дзяцей на экскурсію ў “Наносы” і заадно зрабіў салодкі стол. І пасля гэтага вырашыў, што, калі магу дапамагчы неяк больш грунтоўна, буду дапамагаць, — распавядае Дзмітрый Леанідавіч. — Самая першая задума была ў тым, каб даць кожнай сям’і веласіпед, бо ён успрымаецца як абавязковы атрыбут дзяцінства. Арганізоўваў усё сваімі сіламі, выкарыстоўваў, можна сказаць, “сарафаннае радыё”. Прапанаваў усім сябрам, пастаянна казаў пра гэта на агульных сустрэчах, думаю, усіх дастаў (смяецца). Але ў выніку ўсё атрымалася — змаглі набыць трынаццаць веласіпедаў. Я на гэтым вырашыў не спыняцца. Увогуле апошнія тры гады шмат чаго для гэтых дзяцей арганізаваў. Лічу, што няма шчасця ў грашах. А вось у добрых справах, у дапамозе — ёсць. І мне не шкада патраціць трохі часу, каб зрабіць дзецям прыемнае.
Зразумела, што аднаму такі пласт работы не выканаць, і Дзмітрый Леанідавіч вельмі ўдзячны ўсім, хто адклікаецца на яго прапановы і дапамагае дзецям. За гады стварылася цэлая каманда аднадумцаў. Гэта айцы Кармеліты, індывідуальныя прадпрымальнікі Вольга Ражкова, Ірына Вінаградава і Андрэй Мацяюн. А таксама чалавек, дзякуючы якому ёсць пастаянная пляцоўка для сустрэчы з дзецьмі і іх адпачынку — дырэктар этнакультурнага комплексу “Наносы-Наваселле” Яўгеній Наваселецкі.
Ці лічыць хто, што распавядаць аб добрых учынках сорамна?
Наўрад ці. Наадварот, пра іх трэба гаварыць больш, не замоўчваць. Таму што шмат сярод нас тых, хто хоча і гатовы дапамагаць іншым, але ў чымсьці не ўпэўнены, не ведае, з чаго пачаць. Што лепш падштурхне да дзеяння, чым чужы ўдалы прыклад? Але і пры гэтым не варта забываць, што дапамога, у першую чаргу, — гэта не размовы, а справы і ўчынкі.

Аляксандра Гарачка.
Фота Аляксандра Высоцкага.
P.S. Як стала вядома, Яўгеній Наваселецкі 7 студзеня загінуў у аўтааварыі. Смуткуем.



10 Студзень 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Моладзь

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

84  возера Мястра  _06-040 від на Мядзел

Пабрацімы Мядзела