Калі добра парупіцца і задзейнічаць рэзервы

У АПОШНЮЮ пятніцу года, які ўжо адышоў у гісторыю, адбыліся сумесныя пашыранае пасяджэнне райвыканкама і VIII сесія раённага Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання, на якіх вызначаны і зацверджаны прагнозныя параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця Мядзельшчыны на дзве тысячы дзевятнаццаты. З дакладам выступіла начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Святлана Русак. Як адзначыла Святлана Станіславаўна, усё падпарадкоўваецца таму, каб і ў далейшым забяспечыць спрыяльныя ўмовы жыццядзейнасці жыхароў азёрнага краю на падставе эфектыўнага выкарыстання мясцовага рэсурснага патэнцыялу і канкурэнтных пераваг. Тэмп росту вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў супастаўных цэнах прагназуецца на ўзроўні 105,4 працэнта. А для гэтага неабходна прыбавіць ва ўраджайнасці збожжавых культур, павышаць якасць і павялічваць аб’ёмы нарыхтоўкі кармоў. Большы эфект павінна даваць і праца на фермах па вытворчасці малака, вырошчванні буйной рагатай жывёлы і свіней.
Экспарт тавараў, без уліку нафты і нафтапрадуктаў, а таксама арганізацый, якія падпарадкаваны рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, вызначаны ў памеры 1,78 мільёна долараў ЗША, альбо 106,6 працэнта да ўзроўню мінулага года. Яшчэ лепшы прагрэс прадугледжваецца ў экспарце паслуг — 110 працэнтаў. Гэтаму пасадзейнічае развіццё турыстычных, медыцынскіх, транспартных і камп’ютарных паслуг. У будаўніцтве прыярытэтным застаецца ўзвядзенне кватэр для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Далейшае развіццё атрымаюць таксама індывідуальнае будаўніцтва дамоў у сельскай мясцовасці і шматпавярховікаў у складзе жыллёва-будаўнічых спажывецкіх кааператываў. Прадоўжыцца і комплекснае добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый з уладкаваннем тратуараў, дзіцячых пляцовак, месцаў для паркоўкі аўтамабіляў, азеляненнем, прывядзеннем у парадак дарог і вуліц. За кошт усіх крыніц фінансавання мяркуецца ўвесці ў эксплуатацыю не менш за 12 тысяч квадратных метраў жылля, з іх 6500 — індывідуальнае будаўніцтва і 5500 — шматкватэрнікі. Тэмп росту будаўніча-мантажных работ адносна мінулага года складзе 104,3 працэнта.
У новым годзе плануецца прыцягнуць у эканоміку раёна 500 тысяч долараў ЗША прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове, без уліку запазычанасці прамому інвестару за тавары, работы і паслугі. Тэмп росту рознічнага тавараабароту праз усе каналы рэалізацыі чакаецца на ўзроўні 106 працэнтаў. Дасягненне гэтага паказчыка будзе ажыццяўляцца за лік развіцця гандлёвай інфраструктуры, адкрыцця новых аб’ектаў грамадскага харчавання, удасканалення матэрыяльна-тэхнічнай базы наяўных магазінаў і кафэ, арганізацыі гандлю таварамі айчыннай вытворчасці. Не скідваецца з рахунку і дробнарознічны гандаль у сезон на тэрыторыі здраўніц і навакольных пляжаў.
З мэтай павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі раёна, стварэння дадатковай крыніцы па адкрыцці новых рабочых месцаў далейшае развіццё атрымае малое і сярэдняе прадпрыемніцтва. Вызначаная колькасць нанава створаных рабочых месцаў — 85. Ключавымі паказчыкамі эфектыўнасці работы для нашых арганізацый у новым годзе з’яўляюцца чысты прыбытак, рэнтабельнасць продажаў, зніжэнне ўзроўню затрат на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі, а таксама тэмпы росту экспарту тавараў і паслуг — для таго, хто ажыццяўляе знешнегандлёвую дзейнасць. Дасягненне намечаных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця забяспечыць прагназуемы эканамічны рост рэгіёну і павышэнне ўзроўню жыцця насельніцтва.
Бюджэтная палітыка, як праінфармаваў начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Леанід Малец, будзе праводзіцца на падставе базавага сцэнарыя прагнозных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця і грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь: тэмп росту валавога ўнутранага прадукта — 102,1 працэнта; інфляцыя — не больш за 5 працэнтаў; сярэднегадавы курс беларускага рубля да долара ЗША — 2,216; стаўка рэфінансавання Нацыянальнага банка на канец 2019 года — на ўзроўні 10 працэнтаў. Асноўнымі крыніцамі фарміравання даходаў бюджэту з’яўляюцца падаткі: падаходны з фізічных асоб, на дабаўленую вартасць, уласнасць, выручку ад рэалізацыі тавараў. Бязвыплатныя паступленні з вышэйстаячых бюджэтаў у раённы плануюцца ў суме 20 мільёнаў 355,7 тысячы рублёў, альбо 49,3 працэнта ад агульнай сумы даходаў. Ільвіную частку расходаў — 85,3 працэнта — складуць першачарговыя: сродкі на выплату заработнай платы і налічэнняў на яе, трансферты насельніцтву, на аплату камунальных паслуг, прадуктаў харчавання, лекавых сродкаў і вырабаў медыцынскага прызначэння, субсідзіраванне жыллёва-камунальных і транспартных паслуг, на патаненне паліва, дапамогу ў забеспячэнні жыллём. На фінансаванне галін сацыяльнай сферы і мерапрыемстваў па сацыяльнай абароне насельніцтва ў бюджэце раёна выдзяляецца 29 мільёнаў 828,8 тысячы рублёў. Найбольшую ўдзельную вагу складуць расходы на адукацыю, ахову здароўя, агульнадзяржаўную дзейнасць, на мерапрыемствы сацыяльнай палітыкі, установы культуры…
У адпаведнасці з разліковымі паказчыкамі з раённага бюджэту прафінансуюць расходы на ўтрыманне райветстанцыі, правядзенне спаборніцтва ў аграпрамысловым комплексе, супрацьэпізаатычных мерапрыемстваў, аграхімічнае абслугоўванне і вапнаванне кіслых глеб, а з абласнога — на выплату надбавак за рэалізаваную сельскагаспадарчую прадукцыю, патаненне дызпаліва і пагашэнне запазычанасці за яго. На жыллёва-камунальныя паслугі і жыллёвае будаўніцтва вызначаны асігнаванні ў суме 6 мільёнаў 53,9 тысячы рублёў. З гэтай сумы 3 мільёны 870,3 тысячы рублёў прадугледжаны на жыллёва-камунальную гаспадарку; 2 мільёны 130,2 тысячы рублёў — на добраўпарадкаванне населеных пунктаў; 53,4 тысячы рублёў — на іншыя пытанні ў галіне жыллёва-камунальных паслуг. Як і раней, з раённага бюджэту плануецца ажыццяўляць субсідзіраванне паслуг ЖКГ, бягучых і капітальных рамонтаў жыллёвага фонду, добраўпарадкавання. Замена цепласетак будзе фінансавацца за кошт крэдытных рэсурсаў Банка развіцця Рэспублікі Беларусь. Міжбюджэтныя трансферты ў выглядзе датацый перадаюцца ўсім сельсаветам у агульнай суме 251,7 тысячы рублёў. Іх узровень у аб’ёмах мясцовых даходаў пры аднолькавым падыходзе і адзіных эканамічна абгрунтаваных індэксах росту артыкулаў расходаў складзе ад 17,2 да 21,1 працэнта. А ўвогуле даходы і расходы раённага бюджэту на 2019 год устаноўлены ў суме 40 мільёнаў 440 тысяч 924 рублі.
Прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця Мядзельшчыны і бюджэт раёна на 2019 год зацверджаны як рашэннем райвыканкама, так і сесіяй раённага Савета дэпутатаў, якую правёў яго старшыня Алег Бароўка. Аднагалосна. Падагульняючы канструктыўную размову, выконваючы абавязкі старшыні райвыканкама Наталля Апановіч падкрэсліла, што намечаныя планы па далейшым росквіце азёрнага краю цалкам рэальныя. Неабходна толькі належным чынам парупіцца і задзейнічаць рэзервы, якія ёсць у кожнай галіне народнай гаспадаркі.

Павел ЖУКАЎ.



08 Студзень 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Афіцыйна

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

возера Мястра Сядзіба Максіма Танка  0-170 Рэчка Нарачанка

Пабрацімы Мядзела