Паважаныя чытачы, а вы добра адзначылі Новы год? Ці былі ў вас ёлка, мандарыны і Дзед Мароз? Добра! А вось уявіце, магло так стацца: няма Новага года! Як так? А адмянілі. Хто? Прынцэса Несмяяна, якой ніводнае свята не дагадзіла. І яна загадала, каб людзі святкавалі не Новы год, а “Не пайшоў стары”.

Скажаце: казка ўсё гэта? Сапраўды, казка — “Аднойчы ў палацы”, якую напярэдадні свят паказалі на дабрачынным мерапрыемстве ў раённым Цэнтры культуры. Зладзілі яго для адораных дзяцей, дзяцей-сірот і інвалідаў. Святочная ёлка прайшла ў рамках дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”.
Перад пачаткам прадстаўлення дзяцей і іх бацькоў прывітала намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Іна Барыева. Яна адзначыла, што год, які адыходзіць, быў насычаным, цікавым і плённым. І цяпер, падводзячы вынікі, адчуваеш задавальненне ад таго, што атрымалася.
— Нашы вучні сталі прызёрамі і пераможцамі многіх конкурсаў і алімпіяд, — нагадала Іна Іванаўна. — Двое навучэнцаў Нарацкай сярэдняй школы №2 — Анастасія Вінаградава і Данііл Рудзянкоў — атрымалі прэміі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Упершыню прадстаўнікі нашага раёна — дзве каманды з гімназіі-інтэрната горада Мядзела — прынялі ўдзел у Сусветнай алімпіядзе робатаў, якая праходзіла ў Тайландзе. А зборная каманда КВЗ навучэнцаў і педагогаў нашых устаноў адукацыі атрымала ў сваю скарбонку ўзнагароды самых вышэйшых проб. Дасягненняў было шмат — усіх не пералічыць. Але іх аб’ядноўвае адно: у цэнтры поспеху заўсёды вы — нашы дзеці. І ў раёне вялікая ўвага надаецца ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі і спорту, якасці адукацыі — ствараюцца камфортныя ўмовы для навучання і выхавання дзяцей.
Таксама Іна Барыева падзякавала бацькам дзяцей, якія ў складзе каманды “Matrix” ад гімназіі-інтэрната горада Мядзела занялі першае месца на раённым Калядным турніры па інтэлектуальных гульнях. Бацькі атрымалі падзячныя лісты ад райвыканкама, а таксама падарункі ад закрытага акцыянернага таварыства “Беласептыка”.
А потым на сцэне з’явіліся Дзед Мароз са Снягуркай і запрасілі дзяцей і іх бацькоў у сваю казку.
Па сюжэце, нічога не магло развесяліць прынцэсу, так што палац увесь адсырэў ад яе слёз. І кароль паклікаў на дапамогу ўсіх сяброў Каралеўства: скамарохаў, Дзеда Мароза з унучкай Снягуркай і нават Бабу Ягу. І, вядома ж, маленькіх гледачоў. Разам з героямі казкі дзеці танцавалі і адгадвалі загадкі. Трэба адзначыць — даволі складаныя, у выглядзе маленькіх вершаў, у якіх заўсёды рыфмаваўся няправільны адказ, а правільны выбіваўся з рыфмы. Але гледачы не заблыталіся, адгадалі ўсе загадкі і разам змаглі развесяліць прынцэсу і выратаваць Новы год.
А пасля прадстаўлення дзяцей завялі ў танцавальную залу, дзе яны ў лепшых традыцыях свята вадзілі карагоды і танцавалі разам з Дзедам Марозам. Напрыканцы мерапрыемства кожнае дзіця атрымала салодкі падарунак. А для таго, каб не абдзяліць увагай нікога, у РЦК прыехаў не адзін, а цэлых дзесяць Дзедаў Марозаў!
Ці варта казаць, што, нягледзячы на ўсе капрызы Несмяяны, дабро зноў перамагло і менавіта таму свята для ўсіх нас адбылося!

Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота Аляксандра Высоцкага.



08 Студзень 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Грамадства, Моладзь

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Рэчка Нарачанка        Касцёл у Засвіры   _06-040

Пабрацімы Мядзела