Сакрэты раскрываюць прафесіяналы

ШАНОЎНЫ чытач, ці задумваліся Вы, як гэта: працаваць у банку? Што хаваецца за прыгожым фасадам і сучасным дызайнам інтэр’ераў? На чым трымаецца прэстыж банкаўскай справы? Якія бонусы і падводныя камяні падрыхтаваны тым, хто захоча звязаць жыццё з названай сферай?
Пра ўсё гэта не па чутках ведаюць Святлана СІМАНАВА, Дзяніс КУШНЕР і Дар’я ВАЛЮК — работнікі Цэнтра банкаўскіх паслуг № 619 ААТ “Беларусбанк” у горадзе Мядзеле. У гэтых людзей розныя пасады і працоўны стаж, але кожны з іх не аднойчы даказаў свой прафесіяналізм і адданасць справе.
Такім чынам, шэсць пытанняў пра важнае:
1. Для вас праца ў банку — даўняя мара ці выпадковасць?
2. Назавіце якасці, найбольш важныя для банкаўскага работніка.
3. У кожнай прафесіі ёсць свае плюсы. У вашай сферы якія яны?
4. А мінусы ў працы банкаўскага работніка ёсць?
5. Якое ў вас хобі? Можа, на біржы гуляць або грошы пералічваць?
6. Чаго пажадаеце ўсім, для каго Дзень банкаўскіх і фінансавых работнікаў — прафесійнае свята?

Святлана СІМАНАВА, намеснік дырэктара-начальнік аддзела рознічнага бізнесу:
1. У банк трапіла зусім выпадкова, у далёкім 1992 годзе. Набліжаўся тэрмін выхаду з дэкрэтнага водпуску. Да гэтага пасля заканчэння ў 1988 годзе Каўнаскага політэхнічнага інстытута працавала па размеркаванні інжынерам на Гомельскім суднабудаўнічым заводзе. Там пасля Чарнобыльскай катастрофы сітуацыя была складаная, увесь дэкрэтны водпуск я прабыла ў Мядзеле і вяртацца на ранейшую працу не збіралася. Прыглядалася да цяжарных жанчын, каб знайсці хоць часовае месца. Мне пашанцавала: адной з іх была мая сваячка, супрацоўніца тады яшчэ Ашчаднай касы (цяпер “Беларусбанка”). Прыйшоўшы на часовую пасаду кантралёра-касіра, я засталася. Атрымала яшчэ адну вышэйшую адукацыю, ужо банкаўскую, і цяпер не ўяўляю сябе ў іншай сферы. Банк — гэта ўсё маё свядомае жыццё.
2. Якасці, найперш патрэбныя банкаўскаму работніку — сумленнасць, прыстойнасць і прафесіяналізм. Не абысціся і без працавітасці. За час работы ў банку давялося перажыць шмат складаных момантаў. І толькі дзякуючы зладжанай працы ўсіх спецыялістаў нам удавалася вырашаць усе пастаўленыя перад банкам задачы.
3-4. Работы шмат — гэта мінус, але яна розная — гэта плюс. Таму трэба мець шырокі кругагляд і грунтоўныя веды. Яшчэ ў нашым банку вельмі добры сацыяльны пакет, які ахоплівае ўсе сферы жыцця: і магчымасць павышэння кваліфікацыі, і медыцынскае абслугоўванне, і адпачынак.
5. Не паверыце: вельмі люблю лавіць рыбу. Я нарадзілася і вырасла ў Мядзеле, дзе вакол так шмат азёр. А хобі пераняла ад мужа. Няма лепшага адпачынку ўлетку, у добрае ціхае надвор’е, чым парыбачыць на Нарачы ці Мястры. Вядома, улоў бывае розны: ад пары кілаграмаў дробных акунёў і плотак да шчупака вагой 5-6 кілаграмаў. А вось станоўчыя эмоцыі і добры настрой застаюцца надоўга.
6. Няхай для кожнага 2019 год стане часам паспяховых пачынанняў, сямейных і кар’ерных, напоўніцца яркімі падзеямі і выдатнымі навінамі. Хай добрае, што здарылася летась, памнажаецца, ператвараючы мары ў рэальнасць, а памкненні ў дасягненні.
Дзяніс КУШНЕР, начальнік аддзела карпаратыўнага бізнесу:
1. Можна сказаць, трапіў у банк выпадкова — па размеркаванні.
У 2005 годзе закончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт па спецыяльнасці “фінансы і крэдыт”. Прапаноўвалі розныя варыянты, выбраў найлепшы з магчымых — “Беларусбанк”. Накіравалі ў Мядзел (а родам я з аграгарадка Лошніца Барысаўскага раёна). Прыехаў і застаўся: добрая праца, некуды сыходзіць ці з’язджаць прычын няма. І прырода ў гэтых мясцінах прыгожая.
2. Працавітасць і адказнасць.
3. Па-першае, годны заробак. Па-другое, працуем у офісе — значыць, вынікі не залежаць ад капрызаў надвор’я. Ды і ўмовы камфортныя.
4. Ёсць. Напружаная праца, высокая загрузка. Ненармаваны рабочы дзень: калі ёсць тэрміновыя справы, даводзіцца затрымлівацца. Час ад часу выходзім на працу ў суботу.
5. Займаюся спортам, пераважна цяжкай атлетыкай. Летам яшчэ і бегаю.
6. Моцнага здароўя, поспехаў, максімальнага дабрабыту.
Дар’я ВАЛЮК, выконваючы абавязкі кіраўніка аперацыйнай службы:
1. Не выпадковасць. Вырашыла паспрабаваць паступіць і паступіла ў Навагрудскі гандлёва-эканамічны каледж на спецыяльнасць “банкаўская справа”. Вучылася за бюджэтныя сродкі, а таму прыйшла пара размяркоўвацца. Былі два варыянты: на радзіму ў Мядзел або ў Мінск. Выбрала Мядзел: я ж мясцовая, сярэднюю школу №2 заканчвала. Прыступіла да працы 18 чэрвеня 2013 года. Прынялі вельмі добразычліва. Спачатку была спецыялістам групы падмену, першым рабочым месцам была кладоўка каштоўнасцей. Гэта пералічванне выручкі пасля інкасацыі, загрузка-выгрузка банкаматаў… Так бы мовіць, баец нябачнага фронту. Потым працавала непасрэдна з кліентамі ў касе. Завочна закончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Была спецыялістам па продажы прадуктаў І катэгорыі, цяпер выконваю абавязкі кіраўніка аперацыйнай службы.
2. Добразычлівасць, стрэсаўстойлівасць. Настойлівасць, каб ісці да пастаўленай мэты. Здольнасць успрымаць вялікі аб’ём інфармацыі. Уменне трымаць сябе ў руках.
3. Несумненны плюс для кожнага, хто заняты непасрэдна з кліентамі — разнастайнасць у працы. Загадзя падрыхтавацца немагчыма. Ніколі не ведаеш, з якім пытаннем звернецца кліент, якой аперацыі яно будзе тычыцца, ды і ў якім настроі будзе гэты чалавек. Так што бывае складана, але эмацыянальнае выгаранне па прычыне руціны тут не пагражае. Ну і наша праца развівае: у нечым робішся смялейшым, у нечым — больш кансерватыўным.
Вядома, добра, што працуем у офісе — тут утульна і камфортна.
4. Іншы раз бывае складана знайсці падыход да кліента, асабліва калі ён адразу настроены негатыўна. Але, можа, гэта і не мінус зусім, а магчымасць для самаразвіцця. Тут робішся крыху псіхолагам: ад дзвярэй бачыш, як настроены чалавек і як лепш з ім сябе паводзіць, каб зносіны былі канструктыўнымі.
Да мінусаў можна аднесці ненармаваны рабочы дзень. Банк спыняе працу з кліентамі ў 18 гадзін, але ж гэта не значыць, што мы адразу ідзём дадому…
5. Хобі — вышываць крыжыкам. Люблю таксама сустракацца з сябрамі, роднымі, сваякамі, адпачываць разам. Падабаецца хадзіць, на працу і дадому дабіраюся пешшу (а жыву ў Старым Мядзеле).
6. Упэўненасці ва ўласных сілах. Няхай гэты год стане новым этапам у дасягненні намечанага, а поспех спадарожнічае ва ўсім. Здароўя, міру, высокай працаздольнасці, цярпення, удачы і сямейнага дабрабыту.

Запісала Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



06 Студзень 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

img_4257 1-12 лебедзі на Мястры     Паруснікі

Пабрацімы Мядзела