Мошчы святых II стагоддзя знайшлі ў мядзельскім касцёле

ВЕСТКА пра тое, што ў сцяне мядзельскага касцёла знайшлі замураваныя мошчы святых, хутка абляцела медыяпрастору. Але мы вырашылі звярнуцца да вікарыя Мядзельскай парафіі Маці Божай Шкаплернай айца Юрыя Кулая і пачуць, як кажуць, з першых вуснаў. Вось што ён паведаміў:
— Наш касцёл датуецца 1754 годам. І з самага пачатку тут працавалі манахі ордэна Кармелітаў босых. Касцёл перажыў дзве імперыі: царскую і савецкую. Раней Мядзел належаў да Віленскай архідыяцэзіі, а што тычыцца манахаў нашага ордэна, то гэта была тэрыторыя польскай правінцыі Кармелітаў босых. Літаральна некалькі месяцаў таму адзін з айцоў — архівіст з Кракава, які займаецца вывучэннем гісторыі ордэна Кармелітаў босых, паведаміў нам, што знайшоў некаторыя фотаздымкі Мядзела, касцёла і кальварыі 1930-х гадоў. Сярод гэтых фотаздымкаў была інфармацыя аднаго з айцоў, які тут працаваў, пра тое, што ў сценах мядзельскага касцёла схаваны парафіяльныя кнігі, у якіх рэгістраваліся хросты, шлюбы, нараджэнні, пахаванні, хроніка кляштара і Мядзельскай кальварыі, а таксама рэліквіі некаторых святых.
Дзякуючы таму, што нядаўна ў касцёле мянялі электраправодку, мы паспрабавалі знайсці тое месца, дзе быў тайнік. Так сталася, што знайшлі гэту нішу, якая загадзя была падрыхтавана. Пра апошняе сведчыць тое, што ўсярэдзіне яна была атынкаваная, каб забяспечыць захаванасць рэчаў. Сапраўды, там знайшлі парафіяльныя кнігі XIX і пачатку XX стагоддзяў. Сярод гэтых рэчаў была невялікая металічная бляшаначка ад польскай ліставой гарбаты. У бляшаначцы знаходзілася запіска на польскай мове.

У ёй напісана: «Гэта рэліквіі святога Папы Рыгора, святой Цэцыліі і іншых святых Кармеліцкага ордэна былі змешчаны тут, у гэтай нішы, 17 лютага 1940 года з мэтай захавання іх і абароны ад прафанацыі і магчымага знішчэння». У сертыфікатах, якія пацвярджаюць сапраўднасць рэліквій, знаходзіліся гэтыя рэліквіі — мошчы святой Тэрэзы, святой Цэцыліі і папы Рыгора Вялікага. Самыя даўнія — святой Цэцыліі, якая жыла ў Рыме ў II стагоддзі і аддала жыццё за Хрыста. Важнай лічыцца рэліквія святога Папы Рыгора Вялікага, які стварыў грыгарыянскі каляндар. Ёсць тут дзве пары рэліквій святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, нашай кармеліткі босай — манашкі з Францыі. А таксама рэліквіі святой Тэрэзы ад Сэрца Езуса. Яна таксама манашка нашага ордэна Кармелітаў босых. Цешымся, што такую каштоўную знаходку ўдалося адшукаць.Наш касцёл слаўны яшчэ тым, што раней тут былі рэліквіі святога Юстына, таксама мучаніка II стагоддзя. Але перад Першай сусветнай вайной унучка фундатара касцёла Антонія Кошчыца перавезла іх у мосарскі касцёл, дзе яны захоўваюцца і сёння. Рэліквіі ІІ стагоддзя — гэта рэдкасць і для Беларусі, і наогул. Мошчы святой Цэцыліі, якія знайшлі ў нас, таксама II стагоддзя, а больш старажытных рэліквій я не сустракаў у Беларусі.

Запісаў Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага



04 Студзень 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Мядзеле  лебедзі на Мястры Лебедзі на Нарачы

Пабрацімы Мядзела