Гонар курорта – “Белая Русь”

РЭСПУБЛІКАНСКАЕ санаторна-курортнае ўнітарнае прадпрыемства “Санаторый “Белая Русь” Дэпартамента фінансаў і тылу Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь” расчыніла дзверы для наведвальнікаў у маі 1988 года. Меркавалася, што тут будуць праходзіць аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне супрацоўнікі органаў унутраных спраў, ваеннаслужачыя ўнутраных войск, пенсіянеры МУС і члены іх сем’яў. Але здраўніца таксама прыйшлася даспадобы іншым жыхарам нашай краіны, а яшчэ гасцям з блізкага і далёкага замежжа, якія з ахвотай яе наведваюць. Профіль лячэння — захворванні сістэмы кровазвароту, органаў стрававання, касцёва-мышачнай сістэмы і злучальных тканак. Але лячэбная база, прафесійны ўзровень супрацоўнікаў, камфортныя ўмовы знаходжання дазваляюць лячыць на базе санаторыя пацыентаў і з захворваннямі органаў дыхання і нервовай сістэмы.
Пятнаццаць гадоў кіраваў здраўніцай Васіль Мардвінаў. Потым яго змяніў Алег Бяндасаў. А вось апошнія 4 гады на пасадзе дырэктара працуе Уладзімір Баравы.

ВЕТЛІВА І ГАСЦІННА
Тэатр пачынаецца з вешалкі, а санаторый — з рэсэпшэна. Менавіта тут сустракаюць адпачываючых адміністратары. На гэтай пасадзе працуюць Людміла Казачэнка і Алена Курто. Жанчыны з адказнасцю ставяцца да даручанай справы, добрасумленна выконваюць службовыя абавязкі (а інакш і нельга).
— Працай адміністратараў задаволены. Толькі шчырыя словы падзякі выказваюць у іх адрас адпачываючыя за ветлівасць, добразычлівасць, шчырасць, — зазначае дырэктар санаторыя Уладзімір Баравы.
ЛЯЧЭБНАЯ БАЗА
Лячэбная база санаторыя ўключае ў сябе сучасныя метады дыягностыкі і лячэння. У клініка-біяхімічнай лабараторыі аналізатарам “COBAS MICROS” праводзіцца гематалагічнае даследаванне. Тут можна атрымаць і біяхімічныя паказанні. У кабінеце функцыянальнай дыягностыкі ёсць сучасныя апараты для правядзення ЭКГ, РВГ, ЦГД, РЭГ. Сёлета набыты таксама апарат ультрагукавой дэнсітаметрыі. З яго дапамогай вызначаецца ўзровень кальцыю ў костках. Пра ўсё гэта расказала вопытны ўрач функцыянальнай дыягностыкі Жанна Васіліцкая, якая працуе тут амаль 30 гадоў. Яна праводзіць таксама сутачны маніторынг работы сэрца (холтэр) і сутачны маніторынг артэрыяльнага ціску. У кабінеце ўльтрагукавой дыягностыкі можна прайсці ўльтрагукавыя даследаванні органаў брушной поласці, малога таза і малочнай залозы, прастаты, шчытападобнай залозы, а таксама брахіяцэфальных сасудаў і сасудаў ніжніх канечнасцей. А займаецца гэтым урач Алег Бяндасаў.
Усе працэдуры адпускаюцца пацыентам у лячэбным корпусе, дзе знаходзіцца водагразелячэбніца, абсталяваная сучаснымі ваннамі з гідрамасажным і паветрана-бурбалкавым эфектамі, сучаснымі кушэткамі для гразелячэння, а таксама ваннамі для правядзення падводнага душ-масажу. Ёсць і кабінет міні-саўны “Кедравая бочка”, чатырохкамерных ваннаў, душавы кабінет і сухіх вуглякіслых ваннаў. Працуюць тры фізіятэрапеўтычныя кабінеты, абсталяваныя сучаснымі апаратамі для правядзення электрасвятлолячэння і інгаляцый.
У санаторыі шырока выкарыстоўваюць нетрадыцыйныя метады лячэння: іголкатэрапію, гірудапунктуру (укусамі п’явак), карбоксітэрапію. Гэтымі метадамі актыўна займаецца ўрач вышэйшай катэгорыі — рэфлексатэрапеўт і неўролаг Алена Балашка. Пасля яе кансультацыі можна прайсці таксама сухое выцяжэнне пазваночніка на прафесіянальным дэкапрэсіўным апараце
для выцяжэння пазваночніка (“АРМЕД-прафесіянал”). Акрамя таго, працуюць кабінеты ручнога і апаратнага масажу, кішэчны, парафіна-азакерыталячэння. А стаць яшчэ прыгажэйшым дапаможа наведванне касметычнага кабінета. Ды хіба ўсё пералічыш?!
Кароткая даведка: прайсці тыя альбо іншыя абследаванні, любыя працэдуры могуць не толькі адпачываючыя ў санаторыі, але і ўсе ахвотныя. Для гэтага варта патэлефанаваць у здраўніцу і запісацца на прыём да спецыяліста.
КАДРЫ —
АСНОВА ПОСПЕХУ
Намеснік дырэктара па медыцынскай частцы Інэса Русак паведаміла, што ў санаторыі працуюць восем урачоў. Акрамя пералічаных вышэй, гэта ўрач стаматолаг-тэрапеўт Таццяна Рудзянкова, урачы-тэрапеўты Галіна Беніцэвіч, Раіса Курцэвіч, Наталля Коршун і Ала Пачкоўская. Пасады медыцынскіх сясцёр, медыцынскіх рэгістратараў і інструктараў басейна займае 41 чалавек, санітарак — 18. Большасць медперсаналу працуе ў здраўніцы з яе заснавання.
Галоўная медсястра Марыя Шубіна выказвае шчырыя словы падзякі за высокі прафесіяналізм, бездакорнае выкананне службовых абавязкаў у адрас усіх медыцынскіх сясцёр. Пры гэтым падкрэслівае, што поспех лячэння залежыць і ад іх ветлівых, уважлівых, адказных, добразычлівых адносін да ўсіх пацыентаў. Нездарма яны, калі пакідаюць санаторый, адзначаюць лепшыя чалавечыя якасці медперсаналу.
Дарэчы, адпачываючым прапаноўваюць у здраўніцы каля 200 працэдур. Кожны можа выбраць для сябе пэўны накірунак лячэння.
СПЕЦЫЯЛІСТЫ НЯБАЧНАГА ФРОНТУ
Аддзел маркетынгу ўзначальвае Наталля Гірына. А на пасадах спецыялістаў працуюць Алена Пірог, Вольга Шкадун і Таццяна Якімовіч. Фактычна гэта, як кажуць, байцы нябачнага фронту, якіх адпачываючыя практычна не сустракаюць, а кантакт з імі маюць па тэлефоне ці ў інтэрнэце.
Асноўная задача аддзела — стопрацэнтная загрузка санаторыя. А ў летнія месяцы гэты паказчык яшчэ вышэйшы. Практычна кожны, хто хоць раз тут пабываў, зноў імкнецца наведаць здраўніцу.
Кароткая даведка: з задавальненнем адпачываюць у санаторыі грамадзяне Рэспублікі Беларусь, Расіі, Украіны, Казахстана, Азербайджана, Грузіі, Ізраіля, Польшчы, Латвіі, Літвы, Германіі, Эстоніі, ЗША. Што датычыць расіян, то прыязджаюць не толькі з Масквы і Санкт-Пецярбурга, але і з Якуцка, Краснаярска і іншых аддаленых гарадоў, нават з паўвострава Таймыр.
ХАРЧАВАННЕ — ВАЖНЫ АСПЕКТ АДПАЧЫНКУ
Ніхто не будзе гэта аспрэчваць. Таму пытанням арганізацыі харчавання адпачываючых у здраўніцы надаецца асаблівая ўвага. Тут прадугледжаны дыетычныя і вегетарыянскія стравы, магчымы падбор індывідуальнага харчавання, укаранёны элементы “шведскага стала”.
Як паведаміла загадчыца вытворчасці Лілія Чайко, усе повары — вопытныя, высокакласныя спецыялісты, якія да драбніц ведаюць даручаную справу і добрасумленна яе выконваюць. Нельга не назваць і кандытара Ірыну Півавар. Яе вырабы заўсёды смачныя і карыстаюцца попытам у адпачываючых. Вызначаюцца стараннасцю афіцыянткі, кухонныя рабочыя. Калектыў папаўняецца і маладымі кадрамі.
З далейшай размовы даведаўся, што харчблок забяспечаны ўсім неабходным інвентаром і сучасным абсталяваннем для прыгатавання смачнай, якаснай і каларыйнай ежы. Адпачываючым прапануюць і фірменныя стравы, якія распрацавалі мясцовыя повары. Гэта “Селядзец па-мядзельску”, капуста “Вясковая”, смажанка са свініны “Гурман”, гатуюць сокі з садавіны і гародніны. Папулярнасцю карыстаецца і кухня розных народаў свету.
ДА ПАСЛУГ
АДПАЧЫВАЮЧЫХ
Санаторый “Белая Русь” разлічаны на 301 месца. Жылы фонд — гэта два будынкі з нумарамі рознай камфартабельнасці і шэсць катэджаў гасцінічнага тыпу.
Да паслуг адпачываючых сучасны спартыўны комплекс з міні-аквапаркам, абсталяваным
4-ма плавальнымі дарожкамі па 25 метраў кожная, прыстасаваннямі для гідрамасажу, вадаспадамі, сістэмамі паветранага масажу (гейзерамі). Зранку ў басейне праводзіцца лячэбная фізкультура. На тэрыторыі санаторыя знаходзяцца адкрыты тэнісны корт, спартыўныя пляцоўкі з турнікамі, брусамі, ёсць месцы для прыгатавання юшкі і шашлыку. На пляжы абсталяваны валейбольная пляцоўка, дзіцячы спартыўны комплекс, устаноўлены вулічныя трэнажоры. Арганізавана праца пункта пракату. Маецца ў наяўнасці спартыўны інвентар: палкі для скандынаўскай хадзьбы, лыжы, санкі, на летні перыяд — веласіпеды, катамараны. Праводзяцца розныя спартыўныя, культурна-забаўляльныя мерапрыемствы.
Заваяваўшы папулярнасць пасля прыёму першых адпачываючых у 1988 годзе, здраўніца трымае марку дагэтуль. У людзей, якія аддаюць перавагу якаснаму сэрвісу, “Белая Русь” на слыху. І заслуга ў гэтым кожнага работніка санаторыя.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота
Аляксандра Высоцкага.



04 Студзень 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Медыцына

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

wjx6x-f4hhi 223_ img_4257 Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай

Пабрацімы Мядзела